Па-над Будславам бусел ляціць.
Гэта плаўная велічнасць буслава –
Заклік з вечнасці: з Богам нам жыць,
Шанаваць дух жыцця беларускага.
Пад блакітам задумнага неба,
Над палямі, цяжарнымі хлебам,
Быццам ветразь, касцёл усплывае,
А ў ім — Дзева Марыя Святая.
Ты ратуй, беражы нас, Заступніца,
Не дазволь, не давай абяздушыцца,
Уратуй ад цынізму і хамства,
Ад пагоні за брудным багацтвам,
Ад якога крывёй патыхае
І якое душу забівае.
Беларусь маю, ветлівы край,
Край лясоў і лугоў між азёрамі,
Ты пяшчотай сваёй ахінай
І зямельку лячы нашу хворую.
Хай Чарнобыля чорныя раны
Не азмрочваюць ліпеньскі ранак,
І над будслаўскім радасным фэстам
Нараджаюцца светлыя песні.
Па-над Будславам бусел ляціць.
Гэта плаўная веліч бусліная –
Заклік з вечнасці: з Богам нам жыць,
Ганарыцца сваёю Айчынаю.
Пад блакітам задумнага неба,
Над палямі, цяжарнымі хлебам,
Быццам ветразь, касцёл усплывае,
А ў ім — Дзева Марыя Святая.
Ты ратуй, беражы нас, Заступніца…
Янусь Малец