
Распачынаецца месяц кастрычнік, падчас якога ў Каталіцкім Касцёле штодня практыкуецца ружанцовая малітва да Маці Божай. У сувязі з гэтым хор парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы пры падтрымцы выдавецтва «Pro Christo» падрыхтаваў дыск «Святы Ружанец», які ўяўляе сабою аўдыёзапіс чатырох частак ружанцовага набажэнства: радасных таямніцаў, балесных таямніцаў, таямніцаў святла і хвалебных таямніцаў.
Кожная частка распачынаецца ўступным марыйным спевам «Будзь улюбёна...", які мы з радасцю прапануем праслухаць на нашай старонцы.
Акрамя таго, кожная частка ружанцовай малітвы суправаджаецца Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі, малітваю «Тваёй абароне аддаёмся...» і заключным спевам «Маці Божа, Ты на небе...».
Гэты дыск можа выкарыстоўвацца не толькі ў прыватных малітвах да Маці Божай, але і падчас супольных парафіяльных набажэнстваў. Спевы спрыяюць засяроджанню перад малітваю, дапамагаюць акунуцца ў атмасферу Божага супакою.
Малітва ад сэрца па ўласнай волі заўсёды мілая і прыемная Богу. Кожная з формаў малітвы мае вялікую вартасць. Няхай гэты аўдыёзапіс дапаможа вам, шаноўныя чытачы, разнастаіць такое любімае сярод беларускіх вернікаў ружанцовае набажэнства!
Дыск можна набыць у кнігарні «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25),
а таксама ў парафіяльных кіёсках.
Вольга Качалка