28 верасня 2016 года — 10 хвілінаў, якія збаўляюць душы

28 верасня 2016 г. на вуліцах многіх гарадоў свету пройдзе агульная малітва — Вяночак да Божай Міласэрнасці. Запрашаем усіх хрысціянаў далучыцца да гэтай цудоўнай акцыі, каб разам прасіць Бога аб міласэрнасці да нашай планеты, нашых краінаў, нашых гарадоў і вёсак.

Гэтак жа, як у мінулыя гады, 28 верасня 2016 г., у гадавіну беатыфікацыі благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, спаведніка святой Фаўстыны, а 15-й гадзіне на вуліцах многіх гарадоў свету пройдзе агульная малітва — Вяночак да Божай Міласэрнасці — з просьбаю аб Божай міласэрнасці да нас і да ўсяго свету. Запрашэнне, перакладзенае на шматлікія мовы (у тым ліку на кітайскую і японскую), дайшло да тысячаў санктуарыяў, парафій, таварыстваў і прыватных асобаў ва ўсім свеце.

Сардэчна запрашаем усіх ксяндзоў пробашчаў далучыцца да гэтай цудоўнай акцыі і просім паведаміць пра яе ўсім вернікам — напрыклад, уключыць інфармацыю пра гэта ў парафіяльныя аб’явы. Усе падрабязнасці, у тым ліку прапанаваны арганізацыйны ход Вяночка — на старонцы: www.iskra.info.pl.

15-я гадзіна — гэта гадзіна смерці Езуса на крыжы, Гадзіна Міласэрнасці, у якую ўсе грахі свету былі адкупленыя. Стоячы на працягу 10 хвілінаў а 15-й гадзіне па мясцовым часе на гэтай незвычайнай малітве, хрысціяне ва ўсіх часавых паясах нібы атуляюць малітваю зямны шар і такім чынам выпрошваюць збаўленне для свайго краю, свайго горада, сваёй вуліцы.

Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.

Паводле: Niedziela. Tygodnik katolicki. – 2016. – № 36, 4.IX.2016. – S. 31.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней