Заканчэнне. Пачатак гл. тут.
Вялікая колькасць псіхалагічных даследаванняў і назіранняў даюць дастатковую падставу, каб сцвярджаць наступнае: аборт з’яўляецца вялікай пагрозай для псіхічнай і фізічнай цэласнасці жанчын. У чацвёртым, апошнім, артыкуле цыкла публікацый «Маральна-псіхалагічныя аспекты аборту», прысвечаных праблеме штучнага перарывання цяжарнасці, мы дэталёва разглядзім сімптомы посттраўматычнага стрэсавага разладу, да якога прыводзіць постабортны сіндром.
Пачуццё віны
Па выніках апытання, у якім прынялі ўдзел 3583 асобы, было выяўлена, што 56% жанчын, якія «прызналіся ў здзяйсненні аборту», зазналі пачуццё віны, а 26% — шкадавалі аб прынятым рашэнні. Сярод мужчынаў, якія, па іх уласных словах, сутыкнуліся з абортам, негатыўнае стаўленне да гэтай праблемы назіралася нават часцей: дзве трэці з апытаных адчувалі сябе вінаватымі, і больш за адну трэць заявілі пра тое, што шкадуюць пра зроблены выбар1.
Існуе такое меркаванне, што крыніцай гэтага сіндрому з'яўляецца рэлігійная вера, па той прычыне, што ёсць запаведзь «Не забівай». Але практыка паказвае, што гэта не так, бо сіндром праяўляецца таксама і ў жанчын, якія не практыкуюць ніякай рэлігіі. Гэта пацвярджаецца ў працах Нэльсана, Вулсі, Вердэра з жанчынамі, якія зрабілі аборт.Праведзенае ў Японіі даследаванне таксама даказвае такое меркаванне. Сінтаізм, дзяржаўная рэлігія Японіі, не асуджае аборт. У Японіі аборты ніколі не былі забароненыя на заканадаўчым узроўні. Тым не менш, праведзеныя даследаванні гавораць пра тое, што пераважная большасць японак не толькі перажывае пачуццё віны, але і прызнаецца ў гэтым. Так, 8% праанкетаваных жанчын лічаць, што ўчынілі дрэнна, 73,1% саромеліся таго, што зрабілі. Таксама падобныя пачуцці назіраліся і ў іх сужэнцаў3.
Доктар Джуліюс Фогель, псіхіятар і акушэр, які асабіста выканаў больш за 20 000 абортаў, так каментуе гэты аспект:
«Для кожнай жанчыны, незалежна ад яе ўзросту, перарыванне цяжарнасці ўяўляе з сябе псіхалагічную траўму і закранае аснову чалавечага існавання. Дзіця — гэта частка яе жыцця. Забіваючы дзіця, яна забівае частку сябе, што не можа прайсці бясследна. Жанчына ўступае ў барацьбу з жыццём. І зусім няважна, ці верыць яна ў тое, што плод мае душу, ці не. Немагчыма адмаўляць фізічна адчувальны працэс стварэння жывой істоты <...> Часта траўма пераходзіць на падсвядомы ўзровень і больш ніколі не выяўляецца. Але нельга лічыць аборт такім бяскрыўдным, якім яго лічаць шматлікія прыхільнікі гэтай працэдуры. Здзяйсняючы аборт, жанчына ставіць пад пагрозу свой душэўны спакой: коштам аборту можа быць самотнасць, адчужанасць ці прытупленне мацярынскага інстынкту. Штучнае перарыванне цяжарнасці абавязкова выклікае пэўныя змены на глыбокіх узроўнях свядомасці жанчыны. Заяўляю пра гэта як псіхіятар»4.
Пачуццё віны могуць узмацняць наступныя фактары:
1. Бясплоднасць — узмацняе пачуццё віны, калі жанчына застаецца бяздзетнай. Прыходзіць усведамленне таго, што ў бяздзетнасці вінаватая яна сама. Калі нараджэнне наступных дзяцей можа паслабіць пачуццё віны, то бясплоднасць — узмацніць.
2. Выкідышы, якія сталі наступствам раней перажытых абортаў. Вядома, што аборты ў разы павялічваюць верагоднаць наступнага невыношвання. Чым часцей здараюцца выкідышы, тым больш павялічваецца пачуццё віны.
3. Колькасць і частасць перарывання цяжарнасцяў.
Пачуццё віны ўплывае на паводзіны жанчыны, цяжар яго бывае такім невыносным, што жанчына шукае апраўдання і часта спрабуе перакінуць адказнасць на бацьку дзіцяці, пры гэтым узнікаюць сямейныя канфлікты, якія часта прыводзяць да спынення стасункаў ці да разводаў5.
Дэпрэсія
Шматлікія аўтары апісваюць дэпрэсіўную рэакцыю, якая ўзнікла ў жанчын пасля перарванай цяжарнасці — ад звычайных неўрозаў да глыбокіх псіхозаў, што нярэдка даводзяць жанчын да самазабойстваў. Дэпрэсія характарызуецца сумным, прыгнечаным настроем, пачуццём безнадзейнасці. Некаторыя жанчыны паведамляюць пра абсалютную незацікаўленасць жыццём, пра бескантрольныя прыступы плачу, якія часам могуць доўжыцца некалькі гадзін6. Яшчэ часцей за дэпрэсіўны сіндром сустракаюцца рэактыўныя неўрозныя сіндромы, якія, аднак, маюць тэндэнцыю да нарастання і замацавання, абвастрэнні часта ўзнікаюць у перыяд клімаксу. Калі перарыванне цяжарнасці выклікае бясплоднасць, гэта паглыбляе дэпрэсію.
Паўторнае перажыванне аборту
Паўторнае перажыванне аборту можа праяўляцца ў наступных формах:
- у выглядзе дакучлівых думак, якія пастаянна паўтараюццца, пра аборт або ненароджанае дзіцё;
- флэшбэкаў, у якіх за секунды жанчыны зноў перажываюць аборт;
- у выглядзе кашмарных сноў, звязаных з абортам або дзіцём;
- моцнага гора або дэпрэсіі ў гадавіну аборту або меркаванага дня народзінаў дзіцяці7.
Эмацыйная адасобленнасць
Эмацыйная адасобленасць уяўляе сабой звужэнне спектру эмацыйных рэакцый або фарміраванне мадэляў паводзінаў, якія дазваляюць звесці да мінімуму ўзнікненне візуальных, слыхавых, абаняльных і іншых асацыяцый з псіхалагічнай траўмай.
У жанчын, якія перанеслі аборт, эмацыйная адасобленасць альбо пазбяганне можа выяўляцца ў выглядзе наступных сімптомаў:
- спробы пазбегнуць дзеянняў або сітуацый, якія могуць выклікаць успаміны пра аборт;
- спыненне ўзаемаадносін з супрацьлеглым полам, напрыклад, аддаленне ад мужчынаў, якія паўплывалі на рашэнне зрабіць аборт;
- імкненне мінімізаваць кантакт з дзецьмі;
- зніжэнне здольнасці перажываць пачуцці любові альбо пяшчоты;
- пазбяганне або выцясненне думак і перажыванняў, звязаных з абортам;
- зніжэнне цікавасці да заняткаў, якія раней прыносілі задавальненне8.
Агрэсія
Крыўда, выкліканая пачуццём віны, спараджае агрэсію.
а) Агрэсіўнасць да бацькі дзіцяці.
У першую чаргу аб'ектам агрэсіі становіцца, як правіла, бацька дзіцяці. Аб'ектыўна тут ёсць логіка: як правіла, менавіта ён прымае рашэнне пра аборт, часам аказваючы ціск на жанчыну. Часам жанчына без ведама свайго сексуальнага партнёра здзяйсняе аборт, але гэта сведчыць альбо аб адсутнасці згоды паміж партнёрамі, альбо аб наяўнасці страху, які часта ўзнікае пасля перапынення папярэдніх цяжарнасцяў пад ціскам партнёра. На падставе даследаванняў, праведзеных у Польшчы, усе жанчыны, якія перапынілі цяжарнасць да шлюбу пад ціскам сваіх палавых партнёраў, не заключылі з імі шлюбу пасля і парвалі з імі усялякія стасункі. Як адзначае доктар Велі, перапыненне цяжарнасці можа прывесці да фрыгіднасці жанчыны або змены сексуальнай арыентацыі на асоб свайго полу9.
b) Агрэсіўнасць да лекара.
Паводле даследаванняў прафесара Майера, пачуцця падзякі да лекара, характэрнага пасля звычайнай аперацыі, пасля аборту жанчына не адчувае — наадварот, адчуваецца крыўда і злосць. Паводле Маера, жанчына прыходзіць да лекара на кансультацыю, каб пачуць «не». Жанчына прыходзіць да лекара з дэпрэсіўным сіндромам, і перапыненне цяжарнасці не з'яўляецца яго лячэннем. Наадварот, калі лекар адмаўляе ў здзяйсненні аборту, жанчына ніколі не будзе мець да яго прэтэнзіі, але будзе адчуваць толькі пачуццё падзякі10. Вялікая агрэсія і страх можа ўзнікаць і ў адносінах да любога медыка ці гінеколага, нават калі ён не меў дачынення да яе аборту11.
с) Агрэсіўнасць да асяродку.
Шэраг даследаванняў пацвярджаюць, што вельмі часта ў сям'і, дзе жонка здзейсніла аборт, рвуцца сямейныя сувязі. Таксама жанчына, якая ўчыніла аборт, адчувае агрэсію да навакольнага асяродку, асабліва да тых, хто параіў ёй зрабіць аборт. Спыняюцца кантакты, узнікае пачуццё адзіноты, якое хутка нарастае. Вялікая колькасць жанчын рэагуе на перапыненне цяжарнасці цяжкімі і працяглымі псіхапаталагічнымі пераменамі, якія не заўсёды змякчаюцца пазнейшымі родамі. Часта агрэсія выяўляецца ў адносінах да цяжарных жанчын, якія яшчэ не зрабілі аборту. Так, Сымона дэ Бавуар, вядомая актывістка праабортнага руху, часта заяўляла: «Я зрабіла гэта (аборт), і ты зрабі тое ж самае». Дадзены тып паводзінаў сведчыць аб жаданні перакласці пачуццё віны на іншых, атрымаць палёгку («не я адна») альбо апраўданне («усе так робяць»)12.
Акрамя гэтага, агрэсія можа з'яўляцца і да тых, хто прымушае яе ўбачыць «памылковасць аборту», ці да тых, хто ёй толькі нагадвае пра аборт13.
d) Агрэсіўнасць і неадэкватнае стаўленне да дзяцей і мацярынства.
Як правіла, цяжарнасць перарываюць жанчыны, якія маюць аднаго-двух дзяцей, а шматдзетныя маці абортаў не робяць. Маці, якія рабілі аборты, як правіла, перажываюць пачуццё непрыязнасці і агрэсіі як да чужых, так і да сваіх дзяцей, альбо наадварот, становяцца маці «радыёлакацыйнага» тыпу — гэта значыць, з празмернай увагай і апекай ставяцца да сваіх дзяцей, што вельмі адмоўна адбіваецца на развіцці дзіцяці. Часта здараецца, што жанчыны, якія перажылі аборт, жывуць з прывідам уласнага дзіцяці, пры выглядзе іншых дзяцей адразу ўспамінаюць пра сваё, думаючы «такім бы было маё дзіця, так бы яно забаўлялася» і г.д.
Акрамя таго, такая жанчына можа праяўляць празмерную ўвагу да цяжарнасці іншых жанчын, напрыклад, выказваючы варожасць, гнеў, вялікі сум, а таксама жадаючы, каб гэтай цяжарнасці не было14.
Схільнасць да самагубства
Даследаванні, праведзеныя ў Фінляндыі, паказалі, што ўзровень самагубстваў у жанчын, якія ўчынілі аборт (35 на 100 000), значна перавышае гэты паказчык у жанчын, чыя цяжарнасць скончылася родамі (6 на 100 000). Для даследавання выкарыстоўваліся дакументы, якія захоўваліся ў дзяржаўных архівах Фінляндыі. Даследчыкі разглядалі толькі выпадкі самагубства, зарэгістраваныя за 7 гадоў да пачатку даследавання. Яны вывучалі медыцынскую дакументацыю жанчын на прадмет наяўнасці запісаў пра аборт або нараджэнне дзіцяці, зробленых на працягу года да самагубства. Па выніках даследавання быў зроблены вывад аб тым, што частата самагубстваў сярод жанчын, якія перанеслі аборт, была ў тры разы вышэй, чым сярод жанчын без падобнай працэдуры ў анамнэзе, і ў шэсць разоў вышэй, чым сярод жанчын, якія нарадзілі дзіця15.
Ужыванне алкаголю і наркотыкаў
Вынікі больш як дзясятка даследаванняў сведчаць аб тым, што паміж перапыненнем цяжарнасці і наркатычнай залежнасцю існуе сувязь. Адно з гэтых даследаванняў праводзілася сярод жанчын, якія раней не хварэлі на наркатычную залежнасць або таксікаманію. Вынікі яго паказалі, што жанчыны, якія зрабілі аборт падчас першай цяжарнасці, у 4,5 разы часцей пачынаюць ужываць алкаголь і наркотыкі, чым жанчыны, якія захавалі першую цяжарнасць16. Увогуле, для жанчынаў, якія перажылі аборт, характэрная агульная схільнасць да таго, каб трапіць у залежнасць: ад наркотыкаў, алкаголю, ежы і г.д. Прычым, калі казаць пра ежу, то жанчына можа трапіць у дзве супрацьлеглыя крайнасці — празмерна ўжываць ежу ці, наадварот, страчваць апетыт і амаль не есці17.
Разлады сну
Жанчыны пакутуюць на бяссонніцу ці гіперсанлівасць, ім цяжка заснуць ноччу, у той час як удзень вельмі хочацца спаць. Перажываюць сны пра страчаных, мёртвых ці разарваных на кавалкі дзяцей. Таксама ім сняцца дзеці, якія гавораць ім «мама».
Коратка пералічым яшчэ некаторыя сімптомы, якімі характарызуецца постабортны сіндром:
- Пачуццё пакінутасці, падманутасці, самоты. Жанчыны адчуваюць сябе адкінутымі ўсімі, у тым ліку і Богам, пры гэтым яны лічаць, што заслугоўваюць быць адкінутымі.
- Зніжэнне самаацэнкі, бо роля маці — адна з найбольш важных у жыцці жанчыны, і ў гэтай ролі яна не рэалізавалася.
- Адчуванне, быццам увесь свет ведае пра яе ўчынак і ўсе яе асуджаюць.
- Жанчыну пераследуе жаданне пакараць сябе — напрыклад, сустракаючыся з хлопцам, які з ёй дрэнна абыходзіцца, ці ізалюючыся ад грамадства.
- Цяжкасці ва ўсталяванні нармальных блізкіх стасункаў.
- Жанчына адчувае сябе скалечанай, спустошанай.
- Блакаванне ці паслабленне розных функцый уласнага «Я» (такіх, напрыклад, як здольнасць да навучання, памяць, увага, канцэнтрацыя і г.д.).
- Адсутнасць унутранага супакою, пастаянная трывога.
Аборт як псіхічная траўма можа адкрыць, выклікаць праблемы, якія да гэтага знаходзіліся ў латэнтным стане: напрыклад, разлады асобы, неўрозы ці псіхозы.
У шматлікіх выпадках жанчыны, якія ўчынілі аборт, кідаюць працу ці вучобу, іншыя пачынаюць увесь час мяняць месца працы.
З'яўляюцца фізічныя сімптомы псіхічнага паходжання: павышаны ціск, гастрыт, галаўныя болі, галавакружэнні, стомленасць, грудны боль, сціснутасць у грудзях18.
Усе гэтыя сімптомы нам гавораць пра вялікі боль, які адчувае жанчына пасля забойства свайго дзіцяці. Нягледзячы на нежаданне ці на няздольнасць прызнаць гэта, свядомасць (ці падсвядомасць) жанчыны ўспрымае аборт як забойства нявіннага стварэння, што і праяўляецца ў постабортным сіндроме. Сіндром мае месца быць, нават калі жанчына цалкам упэўнена ў тым, што аборт быў найлепшым рашэннем; нават калі ніхто яе не прымушаў і яна свабодна прыняла рашэнне.
Такім чынам, мы бачым, што ахвярай з'яўляецца не толькі абартаванае дзіця, але таксама і маці ператвараецца ў ахвяру свайго ўласнага аборту. У гэтай сітуацыі ёсць таксама і трэцяя ахвяра — бацька.
Калі мужчына прымае рашэнне пра аборт, ён пазбаўляе сябе галоўнага паклікання — бацькоўства, права і абавязку абараняць. Мужчыны, якія перажылі аборт сваіх дзяцей, паведамляюць пра пачуццё дэпрэсіі, фрустрацыі, спустошанасці і віны. Усё гэта прыводзіць да напружанасці, якая пашкоджвае стасункі з жанчынай. Можа таксама дайсці да праблемаў сексуальнага характару, ад імпатэнцыі да праміскуітэту. У сям'і стасункі становяцца агрэсіўнымі, без узаемнай павагі. Часам, мужчына можа нават пачаць піць, ужываць наркотыкі. Пачуццё віны, трывога і згрызоты сумлення з'яўляюцца такімі балючымі, што гэта прыводзіць да канчатковага разрыву стасункаў з жанчынай, якая зрабіла аборт19.
Шматлікія крыніцы паведамляюць таксама пра ўплыў аборту на жыццё і развіццё дзяцей, якія ўсё ж нарадзіліся ў жанчын, што перанеслі аборт. Незалежна ад таго, быў гэты аборт да ці пасля нараджэння дзяцей, гэтыя дзеці падсвядома ведаюць, што іх браты і сёстры былі забітыя. У іх знікае тое, што павінна быць у кожнага чалавека: адчуванне «я ёсць», бо менавіта на гэта замахваліся бацькі. Дзіцё падсвядома чакае непрыемнасцяў, жыццё становіцца пагрозлівым, бо бацькі таксама могуць прычыніць зло, як гэта яны хацелі зрабіць з ім ці зрабілі з братам ці сястрой.
Такім чынам, ва ўцалелага дзіцяці таксама праяўляецца шэраг псіхічны сімптомаў, якія носяць агульную назву — «сіндром уцалелага дзіцяці».
Сярод такіх сімптомаў варта назваць наступныя: страта ідэнтычнасці, неабгрунтаваны страх быць адкінутым, пашкоджанае пачуццё бяспекі, нізкае пачуццё ўласнай годнасці, недавер да бацькоў і медыкаў, моцныя аўтадэструктыўныя тэндэнцыі (залежнасці, імкненне да рызыкі сваім жыццём і г.д.). Такім чынам, дзеці інстынктыўна адчуваюць, што не павінны жыць20.
З вышэйсказанага мы можам зрабіць вывад, што няма нічога больш траўматычнага і прыніжальнага для жанчыны, чым аборт. Ён знішчае яе жаноцкасць, яе мацярынства. Ён пазбаўляе жанчыну павагі мужчыны і павагі да самой сябе. Больш за тое, на жыцці жанчыны і яе асяродку пасля здзяйснення аборту непазбежна адлюстроўваюцца цяжкія наступствы забойства ненароджанага дзіцяці.
Жыццё кожнага чалавека, уключаючы ненароджанае дзіця, з'яўляецца бясцэннай каштоўнасцю. Дзеянні супраць зачатага жыцця аказваюць негатыўны ўплыў як на асобу, так і на грамадства.
У кожнага аборту ёсць прынамсі дзве ахвяры: адна з іх памірае; другая выжывае і штодзённа перажывае наступствы гэтага злачынства. Гэты чын як забойства не можа не ўплываць на псіхіку жанчыны. Да натуральнага болю з-за страты свайго дзіцяці дадаецца цяжар усведамлення адказнасці за гэтую страту.
Такім чынам, вельмі лагічна, што адным з найбольш моцных аргументаў супраць аборту з’яўляюцца наступствы псіхапаталагічныя; і ў сувязі з гэтым хацелася б скончыць словамі прафесара Джона Вілке, сусветна вядомага доктара і дзеяча антыабортнага руху:
«Лягчэй выдаліць дзіця з улоння ягонай маці, чым выкінуць яго са сваіх думак».
Ганна Качалка
выпускніца Мінскага тэалагічнага каледжа
імя св. Яна Хрысціцеля
1Аборт и психологическая травма.
2Martha Infanzon. La mujer y los efectos psicologicos y sociales del aborto.
3Ванда Пултавская. Влияние прерывания беременности на психику женщины. – Москва, 2002 – 44 c.
4Ibidem.
5 Ibidem.
6 Physical and Psychological Complications of Abortion.
7Аборт и психологическая травма.
8Ibidem.
9Ванда Пултавская. Влияние прерывания беременности на психику женщины. – Москва, 2002 – 44 c.
10Ibidem.
11Martha Infanzon. La mujer y los efectos psicologicos y sociales del aborto, 218.
12Ванда Пултавская. Влияние прерывания беременности на психику женщины. – Москва, 2002 – 44 c.
13Martha Infanzon. La mujer y los efectos psicologicos y sociales del aborto, 218.
14Ibidem, c. 219.
15Аборт и психологическая травма.
16Ibidem.
17Martha Infanzon. La mujer y los efectos psicologicos y sociales del aborto, 219.
18Ibidem.
19Ibidem, c. 220.
20Елена Волженина. Жизнь после аборта – психологические последствия аборта.
Гл. яшчэ артыкулы гэтага цыкла: