Час збіраць плён…

Па старонках вераснёўскага нумара часопіса «Ave Maria»

Лета і ранняя восень сёлета шчодрыя не толькі дарамі ўрадлівай зямлі. Каталіцкім вернікам Беларусі гэты час таксама прынёс вялікі плён на ніве Божай працы, аб чым сведчаць шматлікія публікацыі ў вераснёўскім нумары часопіса «Ave Maria». Кансэкрацыя новага касцёла ў Мінску (першага пасля часоў жорсткага пераследу веры), прыбыццё ў Беларусь Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра, абвяшчэнне даты кананізацыі маці Тэрэзы, выданне новых запатрабаваных кніг на духоўную тэматыку — усе гэтыя важныя падзеі, асветленыя на старонках часопіса, сведчаць пра тое, што Бог благаслаўляе нашую працу і выслухоўвае нашы малітвы.

Багаты плён навяртанняў і духоўных адкрыццяў прынеслі таксама Сусветныя дні моладзі ў Кракаве. У іх прымала ўдзел і моладзь з усяе Беларусі. Яна дзеліцца сваім досведам перажытага ў артыкулах «Тут ажылі святыя» (Юлія Шэдзько), «Вы — не моладзь на канапе, вы — у красоўках…» (апытанне, падрыхтаванае Людмілай Бурлевіч).

У рубрыцы «Пра святую Імшу» кс. Уладзімір Русак распавядае пра абрад ахвяравання дароў, звяртаючы ўвагу чытачоў на тыя рэчы, якія на першы погляд здаюцца зусім нязначнымі, але «існуюць для таго, каб мы лепш разумелі, што адбываецца на алтары» (артыкул «Важныя дробязі»).

Кс. Андрэй Рылка ў сваім чарговым артыкуле адказвае на пытанне, якое некаторым можа каштаваць жыцця і ў той жа час закранае самыя далікатныя сферы нашага існавання: «Ці не будзе грахом, калі чалавек аддае свае органы для трансплантацыі?». Святар падрабязна апісвае ў цэлым пазітыўнае стаўленне Касцёла да гэтай праблемы, але папярэджвае пра шматлікія пагрозы, якія нясе з сабою трансплантацыя.

Няхай гэтыя і шматлікія іншыя матэрыялы ў рубрыках «Школа малітвы», «Старонка псіхолага», «Божая міласэрнасць у маім жыцці», «Нашы святыні», «Кветкі Божыя» сеюць у душах чытачоў новыя зярняткі даверу да Бога, любові да бліжняга, натхнення ў працы, каб з часам яны прынеслі яшчэ больш шчодры, благаслаўлёны плён…

 

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней