
Сусветныя дні моладзі… У чарговы раз, ужо трэці па ліку, я удзельнічала ў гэтай падзеі. Спачатку быў іспанскі Мадрыд, потым бразільскае Рыа-дэ-Жанэйра, і вось цяпер блізкая майму сэрцу Польшча — Кракаў. Чаго чакала я ад гэтых дзён? Яшчэ больш умацаваць сваю веру, гледзячы на веруючую моладзь з усяго свету.
Мэта СДМ — больш глыбока пазнаць Езуса Хрыста ў таямніцы Адкуплення, адчуць сваю прыналежнасць да вялікай супольнасці Каталіцкага Касцёла, яшчэ больш даверыць сваё жыццё Марыі. Ідэя СДМ належыць святому Яну Паўлу II. Першая такая сустрэча адбылася ў 1985 годзе ў Рыме, а потым праходзіла кожныя тры гады ў розных краінах свету і на розных кантынентах. Жыццё Яна Паўла II было цесна звязана з Кракавам, таму менавіта ён і сястра Фаўстына Кавальская сталі апекунамі гэтых Дзён моладзі. Кракаў лічыцца сталіцай культу Божай міласэрнасці, таму што тут, у Лагеўніках, знаходзіцца кляштар сясцёр Маці Божай міласэрнасці, у якім жыла і адышла ў вечнасць с. Фаўстына Кавальская, тут, у капліцы, — яе рэліквіі і цудадзейны абраз «Езу, давяраю Табе» Жыцці святога Яна Паўла ІІ і святой Фаўстыны з’яўляюцца для нас прыкладам таго, як даверыць сябе Божай Міласэрнасці.
Тэмаю СДМ гэтага года сталі словы адно з благаслаўленняў, якое Езус даў вучням на беразе Галілейскага возера: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць». Такімі ж словамі распачынаецца таксама і гімн СДМ. Менавіта пра міласэрнасць мы чулі і разважалі падчас Дзён моладзі больш за ўсё. У сімволіку лагатыпа СДМ у Кракаве таксама была ўпісаная міласэрнасць. У цэнтры лагатыпа Крыж — сімвал Езуса, агеньчык — сімвал міласэрнасці, абрысы Польшчы і маленькая кропачка ў Крыжы, якая сімвалізуе маладых хрысціянаў. У Езусе Хрысце Бог аб’явіў чалавеку самога сябе як Любоў і Міласэрнасць. Больш за тое, Хрыстус уцелаўляе і ўвасабляе Божую міласэрнасць, — гаворыць Слуга Божы Ян Павел II (гл. Ян Павел II, энцыкліка Dives in misericordia, 13).
Першы тыдзень, так званыя дні ў дыяцэзіях, я разам з групай моладзі з Браслава, Полацка і Мінска правяла ў Радамскай дыяцэзіі, нас прынялі ў свае дамы сем’і з мястэчка Скаржыска-Касцельнэ, а апекаваліся намі ўлады горада Скаржыска-Каменнэ, асабіста вітаў нас і быў з намі намеснік кіраўніка Скаржыска-Каменнэ спадар Анджэй Бжэзінскі. Для нас падрыхтавалі цікавую праграму: гэта і спектакль, і наведванне музея ваеннай тэхнікі, і «Вечар праслаўлення», наведванне замка ў Хэнцінах, футбольны турнір. Падчас гэтых дзён мы блiжэй пазнаёмiлiся з Польшчай і набылі новых польскiх сяброў.
Дні ў Кракаве распачыналіся катэхезай, якую праводзілі нашыя біскупы Алег Буткевіч і Юзаф Станеўскі, а таксама мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч — усе яны нагадалі нам пра каштоўнасць міласэрнасці. Вельмі прыемна было сустрэць многіх сяброў менавіта тут, у Кракаве. На кожным кроку мы сустракалі маладых людзей з нацыянальнымі сцягамі і ўсмешкамі. Вядома, мы, беларусы, менш эмацыйныя, чым італьянцы ці французы, і часам даводзілася вытрымліваць розныя крыкі і воклічы, таму асабіста мне было вельмі прыемна заходзіць у кракаўскія касцёлы, дзе было вельмі ціха. Вось гэтыя ціхія касцёлы спадабаліся мне больш за ўсё. Яшчэ ў першы дзень мне пашчасціла ўбачыць дастаткова блізка Папу, калі ён ехаў на вячэру пасля афіцыйнага прывітання з Прэзідэнтам Польшчы на Вавелі.
{gallery}2016-08-SDM{/gallery}
У пятніцу, на Блонях, у цэнтры Кракава, адбыўся Крыжовы шлях, разважанні якога моцна кранулі маё сэрца. Інсцэніроўка Крыжовага шляху была незвычайная. 14 стацый спалучаліся з учынкамі міласэрнасці для душы і для цела, распавядалася аб праблемах сучаснай моладзі, цярпеннях, вызваленні ад граху, адзіноты і інш. Падчас Крыжовага шляху я яшчэ больш задумалася над тым, што і ў наш час дзеці паміраюць ад голаду, што войны — гэта не проста палітыка і тэма для размовы, а рэальныя падзеі, і закранаюць многіх маладых людзей, якія на свае вочы бачаць смерць.
Чуванне з папам Францішкам ў Бжэгах пад Кракавам складалася з трох частак: тэатральнай пастаноўкі, сведчанняў моладзі і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў поўнай цішыні. Найбольш мяне ўразіла сведчанне сірыйскай дзяўчыны Ранд, якая з болем і слязьмі ў голасе пытала Бога, дзе Ён быў, калі знішчаўся яе горад, калі загінулі яе родныя і сябры. Папа Францішак заахвоціў моладзь маліцца за ахвяраў войнаў і выказаў надзею, што тыя, хто знаходзіцца ў Кракаве, ніколі не будуць удзельнічаць у вайне.
У святой Імшы з папам Францішкам прыняло ўдзел каля двух мільёнаў вернікаў. Святая Імша адбылася ў кампусе Misericordia, пабудаваным спецыяльна для сустрэчаў моладзі. Перад паездкаю ў Кракаў было крыху боязна, што будуць нейкія тэрарыстычныя акты, але ўжо ў самім Кракаве гэты страх знік і там, на Бжэгах, я адчувала сябе не магчымай ахвярай ці згубленым у вялікім натоўпе чалавечкам, а толькі часткай сусветнага Касцёла. Вядома, стома, пякучае сонца, сон пад адкрытым небам і іншыя нязручнасці — тое, што не перажывеш, лежачы на канапе. Гэта жыццё, якое магчыма толькі тады, калі выходзіш па-за межы свайго камфорту і звычак. Менавіта заклік папы Францішка не ляжаць на канапе запомніўся больш за ўсё, як і словы пра тое, што быць шчаслівым — не азначае жыць у дабрабыце, раскошы і спажывальніцтве, бо так мы губляем свабоду. Апошнім часам я думала, што шчасце менавіта ў выгодным жыцці без матэрыяльных праблемаў, у поўным дастатку, аднак Святы Айцец нагадаў мне і людзям усяго свету, што гэта не так.
Папа таксама гаварыў пра каштоўнасць кожнага чалавека і пра тое, што Бог разлічвае на кожнага маладога чалавека. Не мае значэння наш статус, адзенне, вага, рост, колер скуры, бо важна, якую каштоўнасць мае кожны з нас у вачах Касцёла. І Бог любіць чалавека нашмат больш, чым чалавек сам сябе. Гэтыя словы папы Францішка перагукаюцца з тымі, якія казаў Ян Павел ІІ: «Вы — соль зямлі, вы — надзея свету». Я згадала назву кнігі, якую мы атрымалі ў «пакеце пілігрыма» — «Езус давярае табе…» Калі Бог давярае мне, калі на мяне ўкладае надзею, то і я не магу быць пасіўнаю і згубленаю, а наадварот, я павінна яшчэ раз адкрыць Яго, пазнаць і дзяліцца радасцю з іншымі людзьмі...
Людміла Бурлевіч