З нястомнаю малітваю да Маці Божай…

Пра ліпеньскі нумар часопіса «AveMaria»

Ліпень — любімы час для пілігрымаў і ўсіх шанавальнікаў Маці Божай, якая чакае сваіх дзяцей ва ўсіх кутках нашай краіны, каб выслухаць іх просьбы, падтрымаць у выпрабаваннях і прыняць малітву падзякі за незлічоныя ласкі… Гэтым узнёслым настроем і любоўю да Найсвяцейшай Панны прасякнуты і старонкі ліпеньскага нумара часопіса «AveMaria», які распачынаецца артыкуламі Анастасіі Вудэн, прысвечанымі выявам Чорнай Мадонны ў жыцці Касцёла. У першым з гэтых матэрыялаў — «Чорная я, прыгажуня сабою…» — распавядаецца пра розныя тэорыі ўзнікнення выяваў Маці Божай з чорным (ці вельмі цёмным) тварам і тлумачыцца існаванне Чорных Мадоннаў з пазіцыі тэалогіі. Наступны матэрыял аўтаркі — «Маці Божая Чэнстахоўская» — прысвечаны падрабязнаму аповеду пра гісторыю знакамітага цудатворнага абраза на Яснай Гары і тое, якую ролю ён адыгрывае ў рэлігійным жыцці польскага народа.

Чытачка Даната Варабей з Мядзела дзеліцца на старонках часопіса сваімі паэтычнымі творамі, сярод якіх — і вершаваная малітва «Да Маці Божай Будслаўскай».

У рубрыцы «Пра святую Імшу», якую ўжо працяглы час вядзе кс. Уладзімір Русак, чытачы змогуць прачытаць падрабязнае апісанне і тлумачэнне сэнсу аднаго з этапаў Эўхарыстычнай літургіі — прыгатаванне дароў (артыкул «Дары сэрца»). Якія словы прамаўляе святар падчас гэтай часткі святой Імшы? Чаму ў ёй выкарыстоўваюцца менавіта хлеб і віно? І што мы асабіста можам (і нават павінны) прынесці ў ахвяру Пану Богу падчас гэтага эўхарыстычнага дзеяння? Кожнаму верніку варта глыбока задумацца над гэтымі пытаннямі, каб прымаць поўны ўдзел у такім важным этапе святой Імшы.

«Гісторыя Сусветных дзён моладзі» — так называецца матэрыял Іны Бігель у рубрыцы «Моладзевы квартал», дзе аўтарка распавядае пра тое, як у Святога Айца Яна Паўла ІІ узнікла ідэя правядзення міжнародных сустрэчаў моладзі, а таксама пра развіццё гэтай добрай традыцыі да нашых дзён. У той жа час Юлія Шэдзько прапануе чытачам публікацыю «Гімна Сусветных дзён моладзі ў Кракаве» з тэкстам і нотамі, а таксама дае сціслы каментар да яго.

Чытачоў чакаюць і розныя іншыя цікавыя публікацыі ў рубрыках «Святар адказвае на пытанне», «Школа малітвы», «Старонка псіхолага», «Год Міласэрнасці», «Пілігрымка», «Парафіяне», «Інтэрв’ю», «Кветкі Божыя». На гэты летні час пілігрымак, працы і адпачынку жадаем нашым чытачам Божага благаслаўлення і нястомнай апекі Маці Божай!

Рэд.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней