
Завяршаецца святочны час, але не так даўно ў Мінску адбыўся канцэрт сям’і Паспяшальскіх — групы, якая складаецца з 14-ці членаў адной сям’і з адным прозвішчам. У перыяд Божага Нараджэння сям’я Паспяшальскіх наведвае з калядным канцэртам многія гарады і мятэчкі Польшчы, у гэтым годзе ў трасу калядавання была ўключана Беларусь. Прозвішча Паспяшальскі вядома беларускім католікам дзякуючы «Музычнай майстэрні» ў Iвянцы, бо спадар Ян Паспяшальскі з’яўляецца адным з яе арганізатараў, летам сюды з’язжаюцца розныя таленавітыя людзі. Спадар Ян расказаў нам некалькі цікавых гісторый пра сябе і сваю групу.
Аўтобус, поўны цэменту і фарбы,
або Першы візіт у Беларусь
Мае прыгоды з Беларуссю пачаліся так. Аднойчы мой сябра святар сказаў, што яго аднакурснік, які працуе ў Беларусі, шукае барабанную ўстаноўку. Найперш ён патэлефанаваў мне, потым прыйшоў на мой дзень нараджэння, 29 студзеня... у сандалях на босую нагу! Ён сказаў, што аднаўляе парафію ў Івянцы на Беларусі, сабраў групу моладзі, і што яны хочуць граць у моладзевым стылі на святой Імшы. Але я спалохаўся і сказаў яму, што на Імшы трэба спяваць хорам, прыгожа, на чатыры галасы. Дык айцец Лех прапанаваў: «Прыязджайце і навучыце нас». Вось я ўзяў групу людзей, большасць з якіх былі дзяўчаты з руху «Тэзэ». Каб прыехаць першы раз, мы сабралі па 200-300 злотых з чалавека і замовілі аўтобус. Калі айцец Лех (а. Лех Баханэк OFM) даведаўся, што мы едзем на аўтобусе, то папрасіў, каб мы прывезлі па 50 кг цэменту ці фарбы на чалавека, бо рабіў тады рамонт. І вось так на 20 чалавек мы загрузілі гэты бусік і прыехалі першы раз на «Музычную майстэрню». Тады ішоў дождж і ўсе 100 чалавек, якія прыехалі вучыцца спяваць, былі як бы вымушаныя знаходзіцца разам. Многія не ведалі нотаў, і мы вучылі іх, паказваючы, як спяваць кожны гук. Але, калі ўпершыню ўсе разам заспявалі на чатыры галасы, памятаю, што ў многіх былі слёзы на вачах, бо пачулі, як гэта прыгожа… Ужо некалькі гадоў запар я прызджаю ў Івянец. А цяпер мы прыехалі ў калядны тур, у які ездзім кожны год. Калі знаёмыя даведаліся, што ўпершыню ў тур мы ўключылі Літву, то сказалі, што мы абавязкова павінны прыехаць і ў Беларусь, по гэта па дарозе. Я вельмі ўдзячны польскім дыпламатам, якія арганізавалі гэты прыезд.
«Роля маленькага Езуса»,
або Пра сямейнае калядаванне
Калядкі былі з намі ад самага нашага дзяцінства. У нашым доме ў Чэнстахове было піяніна, на якім грала маці, а мы, дзеці, рабілі калядную пастаноўку. Самы малодшы ляжаў у люльцы, як маленькі Езус. Калі «дзіцятка» падрастала і ножкі ўжо не змяшчаліся ў люльцы, яно грала ролю авечкі ці анёлка, а ў доме з’яўлялася новае «дзіцятка» — можа таму, у нашай сям’і так шмат дзяцей, ажно дзевяць, бо трэба было гэтых акцёраў «абнаўляць») . І я таксама ўсе гэтыі стадыі прайшоў ад «дзіцяткі» да аднаго з «каралёў». І такое выхаванне таксама дапамагала нам цаніць гэтыя святы. Бацькі аддалі нас вучыцца музыцы, і гэтую традыцыю мы стараемся перадаваць чарговым пакаленням Паспяшальскіх. Гэта, з аднаго боку, забава, але яна дапамагае нам захоўваць малітоўны духоўны характар святаў Божага Нараджэння. Мы ўсе практыкуючыя рыма-католікі, і такое сямейнае калядаванне дапамагае нашай веры быць жывой, бо калі б у гэтай традыцыі не было веры, яна не мела б напаўнення. Я таксама падчас канцэртаў заўсёды заклікаю не баяцца нараджаць дзяцей, асабліва ў нашыя часы, калі робіцца так шмат абортаў, бо менавіта ў вялікай сям’і мы разам можам перажываць нашую веру. Усё нашае жыццё і творчасць знаходзіцца ў руках Міласэрнага Айца, і толькі нам самім часам не хапае такой міласэрнасці адно да аднаго, бо людзі маюць розныя характары і тэмпераменты, але Бог дае сілы працаваць разам на Ягоную хвалу.
Калядка плыве з вышыняў...
Мы не пішам новыя песні, новыя калядкі. Польская калядная культура настолькі багатая і разнастайная, што нам дастаткова таго матэрыялу, які дае нам традыцыя. У мяне, напрыклад, ёсць спеўнікі за 1843 i 1910 гады. Часам дастаткова змяніць ноту ў калядцы, і змяняецца яе настрой, а бывае, што гэтыя песні самі вядуць нас: ад абэрка да мазуркі, потым — Шапэна і г.д. Большасць артыстаў нашай групы мае музычную адукацыю, таму мы проста імправізуем з мелодыямі. Здаецца, што някепска атрымоўваецца. Першы дыск нас ўгаварыла запісаць мама. Але тады, у 90-я гады, гэта было вельмі дорага. Адзін мой сябра працаваў на тэлебачанні і прапанаваў запісаць перадачу пра нашае сямейнае калядаванне. Мы не атрымоўвалі за гэта грошай, але ўзамен маглі карыстацца студыяй. На жаль, перадачы гэтыя пры пераходзе на лічбавае тэлебачанне недзе згубіліся.
Але ёсць у нас адна калядка, словы якой былі напісаныя да музыкі. Неяк у галаву прыйшла пэўная мелодыя, якую адразу запомнілі, і вырашылі папрасіць ксяндза Яна Твардоўскага напісаць да яе словы. Я пайшоў да яго, і ён згадзіўся. Прыходжу праз тыдзень, а словаў няма! Мне зноў давялося тлумачыць яму, хто я такі і чаго хачу. Але потым кс. Ян напісаў прыпеў і адзін куплет сваёй уласнай рукой (недзе гэты рукапіс у мяне захаваўся), а таксама паказаў мне вершы, дзе ёсць штосьці пра Божае Нараджэнне, і сказаў выбраць і сабраць тэкст самім. Так мы і зрабілі.
Вось што атрымалася:
Калядка плыве з вышыні, калядка плыве з вышыні,
Спявае з усяе сілы з вышыні, спявае з усяе сілы.
Калядка плыве з вышыні, калядка плыве з вышыні,
спявае з усяе сілы і вучыць любові...
Kolęda płynie z wysokości, kolęda płynie z wysokości,
Śpiewa na całego z wysokości, śpiewa na całego.
Kolęda płynie z wysokości, kolęda płynie z wysokości,
Śpiewa na całego z wysokości, śpiewa na całego i uczy miłości.
Потым выдавецтва папулярнага часопіса «Пані» прапанавала нам запісаць дыск з калядкамі, каб прадаваць яго як укладыш у часопіс. Абавязкова хацелі, каб і калядка на словы вядомага паэта была на гэтым дыску. Мы так і зрабілі. Наклад часопіса быў адзін мільён! За традыцыйныя мелодыі нам не павінны былі плаціць, але за гэтую аўтарскую калядку мусіў быць пэўны працэнт. Вядома, што гэта было не многа, але дзякуючы вялікаму накладу сума атрымалася немалая. Ксяндзу Яну належала 27 тысяч злотых. Я пайшоў да ксяндза Яна і кажу, што я яму павінны перавесці грошы на рахунак і што ён павінны падпісаць пэўныя паперы. Рахунку ў яго не аказалася, ён толькі запытаўся, колькі гэта. Я сказаў, але ксёндз не разумеў і толькі папрасіў паслухаць калядку. Я даў яму дыск, але аказалася, што не было на чым паслухаць, таму я пайшоў і купіў яму бумбокс, ксёндз паслухаў і яму спадабалася. Потым такая размова атрымалася:
— Што рабіць з гэтымі грашыма? — запытаўся я.
— Дык аддайце каму-небудзь!
— Але ойча, гэта вялікія грошы, аж 27 000 злотых!
— А колькі гэта?
Я напісаў яму гэтыя нулі.
— Дык я не разумею, колькі гэта?
— Ойча, бачыце вунь той аўтамабіль? Дык вось, за гэтыя грошы такі або падобны Вы зможаце сабе купіць!
Калі ён зразумеў, што гэта шмат грошай, то вырашыў, што падумае, каго зможа ашчаслівіць, каму зможа дапамагчы...
Сёння калядка жыве сваім жыццём. Я бачыў на youtube, як іншыя яе спяваюць. І дзякуй Богу.
Заканчваецца калядка такімі словамі: «Дай нам, Божа, веры — заўсёды жывой, здароўя на святы, здароўя на ўсе святы, а для блізкіх цярплівасці» («Daj nam Boże wiarę, wiarę zawsze żywą, zdrowie wciąż na święta, dla bliskich cierpliwość») і менавіта гэтага мы і жадаем усім людзям добрай волі.
{gallery}2016-01-2{/gallery}
Размаўляла Людміла Бурлевіч.