Крокі да еднасці

З 18 па 25 студзеня праходзіць Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціянаў.
З гэтай нагоды прапануем чытачам інтэрв’ю з протаіерэем Праваслаўнай Царквы, айцом Аляксандрам Шымбалёвым, кіраўніком аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі.

— Айцец Аляксандр, як прадстаўнік Праваслаўнай Царквы Вы часта ўдзельнічаеце ў набажэнствах у Каталіцкім Касцёле і заўсёды прымаеце ўдзел ў Тыдні малітваў аб еднасці хрысціянаў. Скажыце, калі ласка, наколькі, на Вашую думку, такія «тыдні» дапамагаюць імкненню да еднасці хрысціянаў?

— На маю думку, чым больш хрысціяне будуць імкнуцца да еднасці і разважаць аб гэтым, тым больш яны зробяць крокаў да яе рэальнага ажыццяўлення.

— Як Вы думаеце, айцец Аляксандр, якія яшчэ канкрэтныя крокі з боку хрысціянскіх канфесій маглі б спрыяць ажыццяўленню малітвы Хрыста пра тое, «каб усе былі адно»?

— Самыя канкрэтныя крокі — гэта выконваць тое, што Гасподзь Ісус Хрыстос заклікае нас рабіць! Ажыццяўляць евангельскія запаведзі і клапаціцца перш за ўсё аб знішчэнні сваіх асабістых грахоў. Сучасны свет патрабуе ад хрысціянаў перш за ўсё чысціні і прыкладу сапраўднай любові. Еднасць прыходзіць тады, калі людзі аддана служаць Богу і жывуць у апостальскай традыцыі, калі яны клапоцяцца аб захаванні таго, чаму вучыў Хрыстос. Калі ўсе будуць да гэтага імкнуцца, будзе еднасць і з Хрыстом, і паміж сабою.

— Як Вы асабіста ставіцеся да прапановы папы Францішка святкаваць Вялікдзень усім хрысціянам разам?

— Я лічу, што хрысціянам трэба святкаваць ўсе святы разам. Разыходжанне календароў — гэта цалкам людская справа, і самі людзі могуць яе вырашыць і прыйсці да паразумення.

— Айцец Аляксандр, Вы скончылі аддзяленне астраноміі. Як Вы ў сваёй святарскай практыцы спалучаеце навуку і рэлігію?

— Я скончыў астранамічнае аддзяленне фізічнага факультэта Адэскага ўніверсітэта. У Беларусі, на жаль, астраномію спецыяльна не выкладаюць. Я лічу, што навука як імкненне да пазнання сусвету ва ўсіх яго праявах датычыць і рэлігіі. Ёсць розныя навукі: фізіка вывучае структуру рэчыва, біялогія — жывыя арганізмы, астраномія — нябесныя целы і іх сістэмы, тэалогія — імкненне пазнаць Бога і зносіны Бога з чалавекам і гэтак далей. Аб’ектам пазнання фізікі з’яўляецца матэрыя, аб’ектам хіміі — рэчывы і іх пераўтварэнні, аб’ектам пазнання для тэалогіі з’яўляецца існаванне Бога, а мэтаю пазнавальнай дзейнасці — імкненне да богападабенства і ратавання сваёй душы. Кожная навука мае свае метады пазнання. Вельмі цікава пазнаваць сусвет у яго разнастайнасці. Астраномія і тэалогія маюць розныя аб’екты пазнання, але вельмі добра дапаўняюць адна адну.

— Ці ёсць, на Вашу думку, агульнасць паміж астраноміяй і астралогіяй?

— Толькі тая, што астролагі выкарыстоўваюць астранамічныя разлікі для сваёй гадальнай практыкі. Вучэнне астралогіі не знайшло пацвярджэння ў навуковых доследах і з’яўляецца своеасаблівым гаданнем з навукападобным абгрунтаваннем і псеўдарэлігійнымі рысамі.

— Як Вы мяркуеце, чаму ў наш час навуковага прагрэсу так шмат людзей захапляецца астралогіяй?

— Навука ў сваёй дасканаласці стала цяжкаю для зразумення простым чалавекам. Рэлігія заклікае да цяжкага шляху дасканалення душы і імкнення да Бога. Навука і хрысціянскі шлях да Бога патрабуць вялікіх высілкаў, а астралогія простай мовай кажа, што ўсё вырашана без нас і трэба толькі заплаціць грошы, каб даведацца аб гэтым у астролага.

— У сучасным свеце ўсё больш нарастае супрацьстаянне хрысціянству, усё больш гіне менавіта хрысціянаў. Ці не здаецца Вам, што перад абліччам гэтай небяспекі хрысціянства можа выстаяць, толькі імкнучыся да еднасці?

— Хрысціянства можа выстаяць, калі кожны хрысціянін будзе імкнуцца стаць Хрыстовым, калі кожны будзе суадносіць сваю волю з воляй Бога, калі кожны перастане хлусіць і думаць пра сваю перавагу перад іншымі, калі кожны будзе ўзмацняцца ў любові да ўсіх людзей, а не шукаць ворагаў і адметнасці, калі хрысціянская супольнасць будзе прыцягваць іншых людзей сваёй цеплынёй і святлом.

— Вялікі дзякуй за размову.

Размаўляла Людміла Бурлевіч.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней