Праяўленне міласэрнасці ў сужэнскім жыцці

16 студзеня праходзіць святкаванне Юбілейнага Году Божай Міласэрнасці з удзелам сем’яў і сужэнцаў, а таксама з удзелам рухаў «Хатні Касцёл», «Equipes Notre­-Dame», «Сужэнскія сустрэчы», Шанштацкага руху, «Святло­-Жыццё», «Маці ў малітве», факаляраў. Тэма: «Праяўленне міласэрнасці ў сужэнскім жыцці». 

У сувязі з гэтым мы папрасілі ксяндза Андрэя Сіповіча, каардынатара руху «Equipes Notre-Dame» у Беларусі, распавесці пра яго заснаванне і дзейнасць.

— Айцец Андрэй, раскажыце, калі ласка, пра рух «Equipes Notre-Dame».

— Міжнародны рух сужэнскіх суполак «Equipes Notre-Dame» (суполкі Маці Божай) узнік з патрэбы сэрцаў саміх сужэнцаў і з вялікаю духоўнаю дапамогаю кс. Анры Кафарэля. Чатыры сужэнскія пары з Францыі, якія жадалі паўнавартасна перажываць сваё хрысціянства ў сямейным жыцці, 25 лютага 1939 года сабраліся разам са святаром на першую сустрэчу. Мэта такіх сустрэчаў — дапамагаць адно аднаму ўзрастаць у святасці. Што тычыцца руху ў Беларусі, то ў 2014 годзе мы святкавалі яго дзесяцігоддзе. Некалькі сем’яў удзельнічалі ў рэкалекцыях руху, якія адбываліся ў Дзяржынску пад кіраўніцтвам кс. Анджэя Прыбы і сужэнцаў Малгажаты і Ёахіма Гжонкаў, і захацелі развіваць END ў Беларусі. Гэта былі сем’і з Нясвіжа, Клецка, Дзяржынска, і рух пачаў развівацца ў гэтых гарадах. Цяпер суполкі END існуюць таксама ў Геранёнах, Ганцавічах, Мінску, Салігорску, Новай Мышы, Суботніках, Баранавічах, Лагойску і інш. 

— Чым адрозніваецца гэты рух ад іншых рухаў сужэнскай духоўнасці?

— Яго адметнасць перадусім у тым, што сужэнцы стараюцца разам узрастаць у святасці. Вядома, што ўсе хрысціянскія сем’і ўдзельнічаюць у святой Імшы, моляцца разам, прымаюць сакрамэнты, слухаюць слова Божае. Але тут ёсць адрозненне: суполкі END збіраюцца разам, могуць дзяліцца сваім вопытам жыцця і веры. Калі чалавек жыве ў духоўнай ізаляцыі, яму вельмі складана, а тут ёсць магчымасць перажываць веру ў тым асяроддзі, дзе чалавек знаходзіцца. 

Такія сустрэчы адбываюцца раз на месяц і на кожнай прысутнічае святар. І яшчэ адна важная адметнасць, якая існуе таксама ў іншых рухах, гэта сужэнскі дыялог, да якога абавязкова запрашаецца Езус... Напрыклад, адна сям’я мне расказвала, што падчас такой размовы яны вырашылі цалаваць адно аднаго перад адыходам на працу, гэта дапамагае ім узрастаць у любові. Муж і жонка імкнуцца быць разам, запрашаючы Бога ў свае адносіны. 

— Як выглядаюць гэтыя штомесячныя сустрэчы?

— Сустрэчы складаюцца з трох частак. 1. Час на гарбату і размову. 2. Малітва. 3. Час разважання над пэўнаю тэмаю. Сустрэча працягваецца каля трох гадзінаў. На кожны год адказная пара разам са святаром вызначае адну асноўную тэму, якая адаптуецца да кожнай краіны. Напрыклад, у гэтым годзе мы разважаем над тэмаю "Вось я, пашлі мяне", а ў яе межах - над святкаваннем нядзелі. На такой сустрэчы мы можам не толькі паразважаць, але і падзяліцца досведам свайго жыцця. Дзякуючы такім сустрэчам існуе магчымасць катэхізацыі, часам узнікаюць цяжкія пытанні, і тады сустрэча можа працягвацца даўжэй. У кожнай краіне выбіраецца сужэнская пара, якая адказвае за ўвесь рух і набірае сабе «каманду». Нашы суполкі мы называем «экіпамі». Сустрэчамі заўсёды кіруе пэўнае сужэнства і святар. Калі сужэнства жадае далучыцца да руху END, напачатку яму даецца год падрыхтоўкі, каб пазнаёміцца з прынцыпамі руху. Потым гэтае сужэнства прымае так званую карту END, бярэ на сябе пэўныя абавязкі, складае прысягу весці хрысціянскае жыццё, даваць сведчанне веры, служыць Хрысту і Касцёлу, а таксама іншым людзям, удзельнічаць у рэкалекцыях раз на год. Евангелле становіцца канстытуцыяй сям’і. Перыядычна адбываюцца з’езды сем’яў, напрыклад, на супольнае дзяленне аплаткай ці на пікнікі... У мінулым годзе мы арганізавалі аднадзённую пілігрымку сем’яў у Будслаў. Праходзяць таксама рэкалекцыі для шматдзетных сем’яў — з асобнаю праграмаю для бацькоў і дзяцей. У суполках END сем’і вучацца ставіць на першае месца Езуса, на другое месца — мужа (для жонкі) і жонку (для мужа), а пасля ўжо дзяцей. Важна ўзрастаць у святасці самому і дапамагаць членам сваёй сям’і. 

— Якая Ваша роля ў руху?

— Я з’яўляюся каардынатарам усяго руху ў Беларусі. Вядома, у сваёй парафіі таксама маю суполкі END. Я далучыўся да руху каля 2007 года. У мяне была парафія ў Гарадзеі, і сем’і тады звярнуліся да мяне за дапамогаю. Так распачалася мая праца ў руху. Гэта шмат дапамагае і мне самому. Сведчанні розных людзей з’яўляюцца праяваю Божай міласэрнасці. Калі Езус прыходзіць у жыццё сям’і — гэта і ёсць найпершая праява Яго міласэрнасці. Калі мы самі адкрываемся на Бога, то кожны дзень адчуваем Яго прысутнасць у нашым жыцці. Сакрамэнт сужэнства – гэта перадусім запрашэнне Бога ў сужэнскія адносіны.

Каб уступіць у супольнасць або арганізаваць яе у парафіі, патрэбна не толькі жаданне саміх сем’яў. Трэба скантактавацца з адказным за гэтую супольнасць святаром. Часам у людзей ёсць страх штосьці змяніць, штосьці пачаць рабіць, бо ўступіць у супольнасць — гэта значыць узяць на сябе адказнасць, распачаць пэўную працу... Часта ў сем’ях ёсць страх аказацца горшымі за іншых, але ўсе сем’і ў нечым падобныя. Нават калі мы возьмем на сябе пэўныя абавязкі, уступім у «экіпу», не значыць, што мы станем ідэальнымі. Варта памятаць, што верыць у Бога — гэта не значыць быць ідэальным, гэта найперш быць Яму вернымі, давяраць Яму. І тады абавязкова ў сваім жыцці мы адчуем Яго любоў і Яго бязмежную міласэрнасць.
 

— Дзякую за размову!

 {gallery}2016-01-1{/gallery}

Асноўныя правілы жыцця руху «Equipes Notre-Dame»:

1. Удзел у руху абсалютна свабодны: у любы момант з яго можна выйсці.

2. Першы год працы у руху з’яўляецца выпрабавальным. 

3. Супольнасць служыць сваім сужэнствам і дае ім магчымасць:

  • перажываць супольную малітву і дзяліцца досведам;
  • плённа дапамагаць адно аднаму на шляху да Бога і даваць сведчанні пра Яго.

4. Сустрэчы сем’яў са святаром адбываюцца раз на месяц і праходзяць у наступным парадку:

  • сумесны пасілак, размова за кавай;
  • супольная малітва, чытанне Божага слова;
  • малітва;
  • дзяленне жыццёвым досведам і клопатамі;
  • абмен думкамі, высновы;
  • Magnificat.

5. Абавязкі кожнага сужэнства:

  • штодзённая супольная малітва разам з дзецьмі;
  • выкананне задання «Прысядзем разам» (добрая магчымасць падвесці вынікі выкананых абавязкаў);
  • праца ў сям’і: работа над тэмай, устанаўленне правілаў жыцця і іх выкананне;
  • штодзённае чытанне Божага слова і гімна Magnificat;
  • штогадовы ўдзел у рэкалекцыях:
  • раз на год ахвяраванне заробку на развіццё руху;
  • дапамога іншым сем’ям, калі гэта неабходна.

 

Падрыхтавала Людміла Бурлевіч.

Фота з сайта «Equipes Notre-Dame» у Беларусі (http://www.end.of.by/).

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней