Лютаўская пілігрымка

Да 400-годдзя з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе

Не, не чэрвеньска-ліпеньская, летняя, як гэта звычайна бывае з пілігрымкай да Маці Божай у Будслаў, а менавіта лютаўская, зімовая, і зрабіць яе я вырашыла не пешшу і за адзін дзень.

Паехала з Мінска не цягніком, як гэта бывае са мною два разы на месяц, калі езджу на радзіму ў Параф’янава і прамінаю будслаўскія мясціны, а аўтобусам.

І гэта пілігрымка была не зусім да Маці Божай, але да людзей, якіх я сустрэла па дарозе, якіх сустрэла ў самім Будславе, адным словам, зрабіла глыток... лютаўскай Беларусі. Глыток, які і праняў горла сваёй халадэчу, але і прагу імкнення да роднага наталіў таксама.

І яшчэ я зразумела адну рэч, а дакладней, вельмі моцна гэта адчула: Будслаў — гэта ўвасабленне беларускасці, натуральнай беларускасці! Гэта доказ таго, як сумуе сэрца беларусаў па сваёй Радзіме...

Падчас кароткай пілігрымкі ў Будслаў, якую несвядома раблю яшчэ дадаткова два разы на месяц, я заўсёды сустракаю людзей, якія дзеляцца са мной сваёй душой, ціхай і памяркоўнай, крыху прыгнечанай, але вельмі адкрытай. Прыгнечанай нейкім горам, смерцю блізкіх людзей, расставаннем.

Калі ўзгадваю пра турботы, то адразу паўстае вобраз мужчыны, які ехаў хаваць сваю маці. Увесь шлях распавядаў пра маці, а грубыя, але зграбныя пальцы будаўніка-шабашніка, трывожна перабіралі шапку. Такім было яго вяртанне на Радзіму. Узгадваю маладога выкладчыка, які ехаў прымаць іспыты ў студэнтаў-завочнікаў і з трапятаннем распавядаў пра свае першыя лекцыі. З радасцю і захапленнем глядзела я на гэтага чалавека і думала, што вось і тут яскравы прыклад беларуса, адданага справе і людзям. А яшчэ малады выкладчык дадаў, калі мы міналі будслаўскую святыню: «Беларусы заўсёды верылі, ціха верылі ў душы, ніхто не змог знішчыць веру, і цяпер вераць».

Узгадваю адну жанчыну, якая нарадзілася ў Латвіі, але большая частка яе жыцця прамінула на Беларусі. Узгадваю яе светлыя блакітныя вочы і цёмныя валасы, танклявы стан і тонкія рукі, жыццёвую мудрасць і адкрытасць. Дабрыня і давер... Людзі на беларускай зямлі яшчэ не развучыліся давяраць. Гэта была жанчына працы — даярка. Мяне яшчэ з дзяцінства, калі бабуля брала з сабою на працу, на ферму, захапляюць сваёю прыгажосцю спрацаваныя жылістыя рукі тых, хто працуе на зямлі...

Вось яна, праўдзівая Беларусь, па дарозе ў Будслаў. У Будславе — ціхмяная і бедная, але месцамі чыстая, белая, з надзеяй нават...

У самім Будславе першым, хто мне сустрэўся, быў мужчына, які цягнуў ровар па снезе — не мог яго выцягнуць. Намагаўся-намагаўся — і выцягнуў, як рэпку, падумала я. Лютаўская праўда. Я паспрабавала з ім пагаварыць, а ён сказаў, што не чуе, і пацягнуў свой ровар далей па дарозе, а ў маёй памяці засталіся толькі яго вінаватая ўсмешка і ўпартасць...

Між тым, будслаўская святыня адбівалася ў лужынах, якія былі вынікам лютаўскай адлігі, і адбівалася ўва мне словамі і вачыма тых людзей, якіх я сустрэла па дарозе.

Яшчэ я паразмаўляла з вельмі гасціннай жанчынай — Цэгалка Алай Францаўнай з вуліцы Зялёнай, а таксама
з яе бацькамі. Разам са сведчаннем веры я вось тут і адчула сведчанне тугі беларусаў
па ўсім беларускім, а дакладней, па беларускай мове. Ала Францаўна, калі апавядала пра адраджэнне будслаўскай святыні і пра першую святую Імшу на беларускай мове, пачала плакаць. Маліцца на роднай мове – гэта маліцца душою, гэта быць сапраўднымі перад Богам, быць самімі сабою. Гэта не першы выпадак, калі я размаўляла з людзьмі і яны пачыналі плакаць, калі мы гаварылі пра Бога і мову.

Нават у Мінску, калі я еду ў аўтобусе ці метро, ці маршрутцы, людзі рэагуюць на беларускую мову: добра рэагуюць, з надзеяй нават, а часам пачынаюць плакаць, і не толькі жанчыны. Вось такія мы, беларусы, вельмі адчувальныя і тонкія. Хтосьці скажа — слабыя, сентыментальныя, а я скажу — з уражлівымі сэрцамі, і сэрцы гэтыя чыстыя,
і з вялікімі вачыма, як у незямлянаў на малюнках Язэпа Драздовіча...


Будслаў кліча людзей 
з адкрытымі сэрца вачыма,
Каб жыць, хоць цяжка,
усё ж было магчыма.
Паслухаю яго жыццё,
зімою, у паўзмроку,
Да Бога падыду ціхмяным,
ціхім крокам…

 

Аксана Ючкавіч
Фота аўтара.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней