Да 400-годдзя з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе
«Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога» (з аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай)
Хачу распавесці пра адно здарэнне, якое адбылося са мною ў дзяцінстве. Мне было тады каля трох гадоў. У маёй дзіцячай памяці гэта здарэнне чамусьці не захавалася. Пра яго мне неаднойчы распавядала мама, таму пераказваю тое, што я пачуў з яе вуснаў, упрыгожыўшы трохі гэту гісторыю сваімі пазнейшымі ўражаннямі ад адкрыцця свету.
...Мама ехала са мной да сваіх бацькоў у невялічкую вёску Заўруткі, што на Мядзельшчыне. Было лета, цёплае, сонечнае і светлае. Выйшаўшы з аўтобуса, мы павінны былі яшчэ каля двух кіламетраў ісці пешшу. У маміных руках апынуліся дзве цяжкія сумкі, і мне давялося змірыцца з тым, што адольваць гэтыя два кіламетры па вузенькай сцежцы трэба будзе сваімі ножкамі.
Пасля пэўнай адлегласці ісці мне ўжо аніяк не хацелася. Пякло сонца, ды яшчэ гэтая трава ўвесь час сцёбала па голых каленках. Я спыніўся, прысеў, абняўшы каленкі, і пачаў енчыць, што ўжо не магу ісці далей. Што ж рабіла мама? Яна заходзіла трохі наперад і адтуль клікала: «Вова, ідзі хуценька сюды! Глядзі, якія смачныя ягадкі тут растуць!».
«Хм... Ягадкі? Смачныя?» Я ў адно імгненне ўскокваў, ужо забыўшыся пра стомленасць, і ляцеў, каб пакаштаваць, што ж гэта за смачныя такія ягадкі. Стомленасць на некаторы час адступала і забывалася, і я ўжо ў добрым настроі ішоў далей, з цікавасцю адкрываючы для сябе навакольны свет.
А гэты новы свет быў сапраўды надзвычай цікавы і прыгожы, ці, як сказалі б у маміных мясцінах, надта пекны. Гэта, як я ўжо казаў, Мядзельшчына, Свянцянскае ўзвышша. Пагоркі, амшары і ручаі, на перасячэнні якіх сцежка ператваралася ў каменную кладку, ну і, зразумела, блакітны ільняны схіл аднаго з пагоркаў, які гэтая сцежка заўсёды, з году ў год, перасякала. Мясціны сапраўды надзвычай прыгожыя...
Але... вернемся да маленькага чалавека, які спазнаваў навакольны свет, упершыню дакранаючыся дзіцячым сэрцам да праявы Божай міласэрнасці.
Пераадолеўшы ў вясёлым настроі яшчэ частку шляху, я зноў губляў настрой: ісці далей аніяк не хацелася, і я зноў прысядаў, абняўшы каленкі, і хныкаў, што ісці не магу. Што рабіла мама? Зноў заходзіла наперад. І зноў адтуль чуўся яе голас: «Сынок, ідзі хутчэй сюды, паклядзі на пекных птушачак!». «Хм... Птушачак? Пекных? Цікава!» І я зноў з энтузіязмам ляцеў за мамай. Птушачкі сапраўды выклікалі цікавасць. Зноў на некаторы час вясёлы настрой перамагаў стомленасць. Але ненадоўга. Гэта дарога насамрэч была цяжкаватай для трохгадовага хлопчыка. «Мама! Усё, далей я ўжо ісці не магу!» Мама зноў заходзіла наперад. І зноў чуўся яе голас: «Вова, хутчэй бяжы сюды! Назбіраем пекных кветачак для дзядулі і бабулі!». Неўзабаве наша «пілігрымка» скончылася, і мы з мамай прыйшлі ў вёску. Мая рука сціскала букет пекных кветачак для дзядулі і бабулі...
Вёска знаходзілася на самым грэбні, уздоўж Свянцянскай грады, з якой адкрываюцца маляўнічыя краявіды. З аднаго боку — вялікі, аж да небасхілу, бор, з другога — балоты, вельмі часта схаваныя ў мяккіх туманах.
Не ведаю, наколькі праўдзівая гэта гісторыя, якую вельмі часта любіла расказваць мне мама. Можа, яна нешта дадала ад сябе, а можа, і не.
Ішлі гады... Маленькі хлопчык сфармаваўся ў дарослага чалавека і ўсё больш пачаў лавіць сябе на думцы, што яго пілігрымка ўсё яшчэ доўжыцца, і што скончыцца яна толькі напрыканцы жыцця. І вядзе мяне так праз усё жыццё Яна — Маці Божая Будслаўская, ласку якой я адчуваў усё сваё жыццё. Тады, калі я быў малы, Яна рабіла гэта праз маму. Цяпер Яна рознымі іншымі спосабамі вельмі часта кажа: «Валодзя, уставай! Трэба ісці далей!».
Я не ведаю, што чакае мяне наперадзе, але я дакладна ведаю, куды прывядзе мяне Марыя, калі я буду моцна трымацца за Яе руку. Яна прывядзе мяне да Бога, бо іншых варыянтаў у Яе няма. І дакладна ведаю, што прывядзе Яна мяне да Яго не з пустымі рукамі. У руках будзе букет пекных кветак для Яго, назбіраны на жыццёвай дарозе і ўкладзены Ёю ў мае рукі. І я ведаю, што гэта дарога будзе самай надзейнай і самай шчаслівай, бо разам са мною будзе Яе Матчына ласка.
Уладзімір Вайцяховіч