Баруны — калыска жывой веры

У гэтым матэрыяле аўтар Галіна Калевіч знаёміць чытачоў з Люцыяй Заблоцкай, парафіянкай касцёла ў Барунах, дзе захоўваецца цудоўны абраз Божай Маці, Суцяшальніцы Засмучаных, якая дзеліцца сваім досведам, сведчаннем веры і дзеяннем Бога ў жыцці.

Люцыя Заблоцкая ўпэўнена, што сваім жыццём яна цалкам абавязана Маці Божай Барунскай, а Баруны называе калыскай сваёй веры. Яе маці святой памяці Леанарда не магла вынасіць сваіх дзяцей з-за сур’ёзных праблемаў са здароўем, бо мела ўжо тры выкідышы, і дактары зрабілі заключэнне, што яна  зможа данасіць у сваім улонні дзіця толькі да чатырох месяцаў. Яе муж Леанард, даведаўшыся пра гэта, сказаў, што будзе разводзіцца, бо хоча мець дзяцей. Маці пайшла пехатою ў Баруны (сям’я жыла тады ў Куцавічах) і ўсю Імшу праплакала каля цудадзейнага абраза Маці Божай. Прасіла хоць якое дзіцятка, нават няўдаленькае. Пазней, калі дачка нарадзілася, казала: «Хай бы ж я ўдаленькае дзіця прасіла ў Матачкі Божай, бо ты хварэеш і хварэеш». Насіла дачку з сямі месяцаў у касцёл – і зімою, і летам. Сама здзіўлялася цярплівасці малой, якая праз усю Імшу ні разу не заплакала. Сёння Люцыя кажа: «Бог мяне адразу пацалаваў, бо хвароба – гэта вялікая ласка Божая».

Калі Люцыі было 12 гадоў, у Баруны з Вострай Брамы прыехаў ксёндз, да якога яна пайшла на споведзь. Як сама ўспамінае, гэта быў пераломны момант у яе дзіцячым успрыманні веры. Ксёндз запытаў у яе: «Ці верыш, што ёсць Бог?» Дзяўчынка шчыра адказала: «Калі веру, а калі і не». Святар сказаў, што гэта вельмі дрэнна. Верыць трэба моцна, бо калі памрэш, то ўбачыш шчаслівых людзей, якія весяляцца з Панам Богам, а калі не верыш, то будзеш сядзець у кустах і толькі паглядаць. Люцыя падумала: у мяне ж зацякуць ногі, седзячы ў тых кустах, і вырашыла, што будзе старацца моцна верыць.

У 1980 годзе яна паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча. Літаральна ў першы дзень вучобы класны кіраўнік сказала студэнтам, каб пра касцёл забыліся. І распавяла, як у мінулым годзе ў дзвюх жанчын, якія мелі па 40 гадоў педагагічнага стажу забралі дыпломы і пазбавілі пенсій, бо тыя хадзілі ў касцёл. Люцыя была вельмі напалохана і ні разу ў Ваўкавыску не была ў касцёле. Затое ў Барунах яе ніхто не чапаў, паколькі яна была з Куцавічаў. Барунскіх жа дзяцей часам пільнавалі. Адна бабуля, напрыклад, хавала сваю ўнучку пад шырокую спадніцу і так праводзіла ў касцёл. Пані Леанарда старалася правесці Люцыйку праз бакавыя дзверы, якія называюць «дзвярыма Апосталаў».

З вялікаю удзячнасцю Люцыя ўспамінае тагачаснага пробашча Станіслава Казлоўскага, якога вернікі ўжо пры жыцці называлі святым. Ён быў добры, але і па­трабавальны. Ведаў, хто чым жыве. Аднойчы, выглянуўшы з канфесіянала, спытаўся ў жанчыны: «Ты прымірылася з суседкаю?». Тая адказала, што не. Ён адправіў яе дамоў і сказаў, каб не прыходзіла ў касцёл, пакуль не прымірыцца з суседкаю. Нават з ампутаванымі пазней нагамі ён у калясцы гераічна працягваў выконваць свае святарскія абавязкі. Для людзей гэта быў прыклад жывой веры, любові да Бога і ўсіх іх, парафіянаў.

На 4-м курсе педвучылішча Люцыя выйшла замуж за свайго земляка Міхаіла. Шлюб бралі ў Медніках. Праз год нарадзіўся сын Коля, а яшчэ праз два гады – дачка Алёна. Калі дзяўчынцы было 4 гады, яна трагічна загінула. Люцыя працавала тады настаўніцай пачатковых класаў у Гінеўцах. З раёна паведамілі, што да іх у школу едзе франтальная праверка, і Люцыя аддала дзяцей сваёй маці, каб самой лепш падрыхтавацца. Трагедыя здарылася 2 сакавіка. На дварэ было вельмі цёпла. Дзеці з суседскім 4-гадовым хлопчыкам пайшлі за рэчку, каб пагля­дзець, ці прыляцелі буслы, – каля кароўніка стаяла вежа, на якой было вялікае гняздо. Калі вярталіся назад праз рэчку, пачалі на кладцы кідаць шышкі ў ваду. Суседскі хлопчык незнарок штурхануў Алёнку, і яна звалілася ў рэчку. Цячэннем яе занесла ў вір…  

Муж пасля гэтага пачаў злоўжываць алкаголем. Пакрыўдзіўся на Бога, што забраў дачушку, якую ён любіў больш за ўсё на свеце! На нейкі час перастаў хадзіць у касцёл. Затое Люцыя ў сваёй бядзе шукала паратунку толькі ў Па­на Бога і ў Найсвяцейшай Маці. Яна прызналася, што да гэтага не вельмі аддана практыкавала веру, а тут адкрылася ў душы прага Бога. Пачала шмат маліцца. У душы ўзнікла непераадольнае жаданне несці людзям слова Божае. І калі ў 1994 годзе ў Барунах быў заснаваны Легіён Марыі, яна ўступіла ў яго. Ездзілі з пляменніцаю ў Ашмяны, а там хадзілі ў бальніцу. Людзі вельмі ветліва сустракалі іх,і кожны хацеў падзяліцца таксама сваёю вераю. Вось што Люцыя ўспамінае:

— Адзін мужчына ляжыць пасля аварыі на выцяжцы, а я ў гэты дзень запісала святую Імшу аб дараванні грахоў людзям ва ўсім свеце. Кажу яму, каб памаліўся. Ён засмуціўся і адказаў, што Бог яму не даруе, бо мае надта цяжкія грахі. Я пытаюся ў яго: «Ваш грэх большы, чым Бог?». Ён кажа, што не. «Ну вось, значыць Пан Бог даруе», — гавару яму. Трэба было бачыць яго радасць! У другой палаце ляжаў мужчына без абедзвюх ног. Я разгубілася і не ведала, што сказаць. А ён ветліва і спакойна нам усміхаецца. Я падумала: мы з рукамі і нагамі ўвесь час наракаем, а ён такімі шчаслівымі вачыма глядзіць, калі мы загаварылі пра Бога. Запала ў душу жанчына, якая расказала, як Маці Божая Барунская ўратавала ёй жыццё. Яна моцна пашкодзіла пазваночнік і нідзе не знаходзі­ла паратунку. Вырашыла нават скончыць жыццё самагубствам. А ноччу ў сне бачыць, як яна ідзе па дарозе, а на ўскрайку сядзіць жанчына ў чорным адзенні і моцна галосіць. На пытанне, чаго тая плача, адказала: «Ты хочаш адабраць сабе жыццё, якое даў табе Мой Сын!». Раніцою тая хворая дабралася да касцёла ў Барунах і са слязьмі перапрашала Пана Бога і Марыю за такія думкі. А ў хуткім часе сын той жанчыны знайшоў лекара, які ёй дапамог.

Тагачасны барунскі пробашч, ксёндз Люцыян Дамброўскі, бачыў старанне сваёй парафіянкі ў справе евангелізацыі і папрасіў біскупа Антонія Дзям’янку благаславіць яе праводзіць катэхізацыю ў парафіі. Пазней у 2005 годзе яна паступіла ў Гродзенскі катэхетычны інстытут. Вучылася 5 гадоў. Спачатку было вельмі цяжка, бо працавала тады ў школе ў Гінеўцах. Ноччу, а палове першай, выходзіла з хаты і пешшу ішла ў Ашмяны. Там а 4-й раніцы садзілася на маршрутку да Гродна. Калі перайшла працаваць у дзіцячы садок у Баруны, стала лягчэй, бо ксёндз Люцыян падвозіў яе ў Багданава на цягнік. Пасля заканчэння вучобы Люцыя 17 гадоў катэхізавала дзяцей і моладзь барунскай парафіі, а таксама рыхтавала пары да сакрамэнту шлюбу.

З 2010 года сям’я Заблоцкіх жыве ў Барунах. Мужу, які працаваў усё жыццё механізатарам, далі ў калгасе дом. Нарэшце здзейснілася мара Люцыі жыць побач са святыняй, у якой знаходзіцца цудадзейны абраз Багародзіцы, а таксама кожны дзень быць у гэтым касцёле на святой Імшы. Нядаўна яна пайшла на пенсію і ўвесь вольны час, які можа быць у вёсцы, прысвячае малітве. Моліцца ўвесь Ружанец, тры разы на дзень — Вяночак да Божай Міласэрнасці ў розных інтэнцыях, чытае Літургію гадзінаў. Асаблівае месца ў яе жыцці займае малітва за маладых ксяндзоў і клерыкаў, а таксама малітва падзякі за святароў, якія служылі і служаць у санктуарыі Маці Божай Барунскай. Яна ў суполках «Маці ў малітве», «Апостальства дапамогі душам чыстцовым», «Місійны Ружанец», а таксама застаецца дапаможным легіянерам Марыі пры ашмянскай парафіі, бо ў Барунах Легіён Марыі распаўся. Люцыя мае вялікую ласку быць пастаянна «на сувязі» з Панам Богам – моліцца ўсюды, дзе толькі знаходзіцца. Цешыцца, што мае магчымасць прыбіраць у касцёле і ў капліцы Маці Божай Барунскай. Падзялілася ў нашай размове тым, што моцна адчувае жывую прысутнасць Маці Божай у цудоўным абразе. Размаўляе з Ёю і нярэдка чуе ў сваім сэрцы адказы. Пачула аднойчы: «Мой Сын хоча, каб ты была пакорнай. Калі ты не любіш хаця б аднаго чалавека, Бог забірае ласку пакоры».

Люцыя шчыра прызналася, што па сваёй прыродзе яна бунтарка і што надта шмат намаганняў ёй прыйшлося прыкласці, каб змяніць свой характар. «Бог выбраў самае горшае і перамяніў», — гаворыць яна пра сябе. Люцыя часам бачыць, што Маці Божая ў сваім абразе не заўсёды ўсміхаецца, бывае і сумнаю. На сваё пытанне, чаму Багародзіца сумуе і чым Ёй дапамагчы, аднойчы пачула ў сваім сэрцы: «Мне дапамогуць пілігрымы». «І дзякуй Пану Богу, што з благаслаўлення біскупа Аляксандра Кашкевіча ў нас распачалася Дзевяцітыднёвая навэнна да 100-годдзя вяртання ў Баруны цудадзейнага абраза Маці Божай, — дзеліцца радасцю Люцыя. Да нас кожную суботу прыязджаюць пілігрымы з Гро­дзенскай дыяцэзіі. Наш пробашч, ксёндз Павел Паўлюкевіч, спрыяе гэтаму і ва ўсім старанна дапамагае. Калі яшчэ не працаваў у нас, 10 гадоў вадзіў з Ашмян у Баруны пілігрымаў на дыяцэзіяльны Дзень маці (першая нядзеля мая) і на такі ж Дзень бацькі (першая нядзеля чэрвеня). Сёння з вялікім клопатам апякуецца санктуарыем, за што вернікі яму вельмі ўдзячны».

Нагадала Люцыя, што з 13-га па 15 кастрычніка ў барунскім касцёле пройдзе саракагадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а 15 кастрычніка ў 12:00 адбудзецца ўрачыстая святая Імша з нагоды 100-годдзя вяртання цудадзейнага абраза Маці Божай у Баруны.

Якое шчасце, што гэта невялічкае, сціплае месца на нашай зямлі абрала некалі Багародзіца, каб пасяліцца ў сваім слынным абразе! Колькі цудаў за гэтыя тры стагоддзі адбывалася і адбываецца праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці, Суцяшальніцы Засмучаных! Вельмі разумею Люцыю, якая ўзносіць шчырыя словы падзякі Маці Божай Барунскай, далучаюся да іх, бо ў сваім жыцці таксама зведала шмат ласкаў ад Пана Бога праз заступніцтва Марыі. Дзякуем Табе, любая Маці Барунскага краю, і ад усяго сэрца просім: «Не пакідай і надалей нас і ўвесь наш народ»!


Галіна Калевіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней