«Вытрывалі выпрабаванні — атрымалі ласкі…»

Аўтар Галіна Калевіч дзеліцца кранальным сведчаннем жыцця Наталлі, маці пяцёх дзяцей, якой не заўсёды было лёгка прыняць дар мацярынства.

На пачатку чэрвеня 1996 года ў 3-й паліклініцы Мінска ў чарзе на так званы вакуум (аборт) сядзела маладая дзяўчына Наталля. У той самы дзень туды прыйшлі легіянеры Марыі, каб паспрабаваць адгаварыць жанчын ад гэтага трагічнага кроку. Яны спачатку маліліся, потым пачалі размову і кожнай прапанавалі ўлётку ў абарону жыцця. Наталля была першая ў чарзе на вакуум, але абставіны пачалі складвацца так, што яна апынулася ў канцы. У той час на аборт былі доўгія чэргі. Урач, паглядзеўшы яе, сказаў, што ёй нельга рабіць гэтую «аперацыю», бо яна не зможа больш мець дзяцей і будуць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Сёння Наталля разумее, што гэта была Божая інтэрвенцыя ў яе жыцці, і што Божы Провід паслаў тады легіянераў Марыі, а потым і доктара, каб натхніў адмовіцца ад забойства яе дзіцяці. У той час, працуючы на гэтым крывавым дзетазабойчым канвееры, урачы не вельмі клапаціліся пра тое, каб некага адгаворваць, больш за тое, перашкаджалі веруючым людзям, якія спрабавалі бара­ніць ненароджаных дзяцей. А тут быў сапраўдны цуд! Наталля з палёгкай уздыхнула — нарэшце скончыліся яе ваганні і перажыванні. Значыць так трэба!

Навіну пра цяжарнасць дачкі яе бацькі ўспрынялі спакойна. Бацька гэтага дзіцяці нібы таксама быў не супраць, аднак так і не прапанаваў замужжа, а дачку Олю, якую Наташа нарадзіла, бачыў рэдка, праўда, матэрыяльна дапамагаў.

Трэба сказаць, што ўсе гэтыя падзеі ў жыцці Наталлі адбываліся незадоўга пасля таго, як яна ў свае 23 гады атрымала сакрамэнт хросту. Часам хадзіла ў касцёл і, як магла, малілася, просячы ў Бога дапамогі. Закахалася ў хлопца, той нібы таксама, але з жаніцьбаю не спяшаўся. Бацькам не асмельвалася сказаць пра цяжарнасць, але прызналася ў гэтым Богу перад абразом Езуса Міласэрнага, што ў Чырвоным касцёле. І, як бачым, Бог дапамог. Ён цудоўным чынам уратаваў яе ад забойства свайго дзіцяці, хаця ў той момант Наталля ўсё гэта не вельмі ўсведамляла. Боль здрады каханага чалавека моцна трываў у яе сэрцы, аднак, нягледзячы ні на што, вельмі яўна адчувала, што цяжарнасць гэта, сапраўды, благаслаўлёны стан і вялікая Божая ласка. Усё складвалася без сур’ёзных праблемаў, і ёй часта здавалася, што яна знаходзіцца пад моцнай нябачнай апекай. Роды таксама прайшлі паспяхова, і дачушка нарадзілася здаровенькай. Забягаючы наперад скажу, што Вольга мае сёння дзве вышэйшыя адукацыі і жыве ў Польшчы.

У 1999 годзе Наталля з маленькай Оляй паехала да свайго дзядулі Эрвіна (бацькавага таты) у Польшчу, які жыў недалёка ад Гданьска. У той самы час гэты горад наведваў Святы Айцец Ян Павел II і, праязджаючы вельмі блізка каля іх на аўтамабілі, шчодра благаслаўляў. Маладая маці не вельмі моцна тады надавала значэнне такому гістарычнаму моманту свайго жыцця і толькі з часам усвядоміла дзеянне Божай ласкі праз благаслаўленне гэтага святога чалавека. Хутка потым ахрысціла Олю, і пачалося яе ўжо свядомае ўзрастанне ў веры.

У той перыяд яна знаёміцца і са сваім будучым мужам Андрэем Патапейкам, з якім працавала ў адным будынку, толькі ў розных пакоях. Сяброўства перарасло ў каханне, і яны ажаніліся. Працавалі недалёка ад Залатой Горкі, таму часам заходзілі і ў касцёл св. Роха. Андрэй ахрышчаны ў праваслаўнай царкве, аднак веру не практыкаваў. Менавіта Наталля паказала яму дарогу да святыні, а калі маладыя павянчаліся, Андрэй ужо не прапускаў нядзельнай святой Імшы. Сёння ён як міністрант і памочнік сакрыстыяніна служыць у гэтым касцёле.

У 2003 годзе ў сям’і Патапейкаў нарадзілася дачка Аня, у 2007-м — Каця, у 2011-м — Мікіта Марцін, а ў 2016-м — Міша. І з усімі імі, пачынаючы з самага маленства, Наташа бывае ў касцёле амаль штодня. На маё здзіўленне і захапленне гэтым фактам яна адказвае: «Тут няма ніякага гераізму. Я хаджу ў касцёл для сябе, інакш не вытрываць. Бывае ледзьве іду на святую Імшу, а назад ужо нібы на крылах. Пасля касцёла і дзень складваецца па-іншаму, ва ўсім адчуваецца Божая ласка. Дзеці робяцца больш спакойнымі, нават засынаюць інакш».

Вельмі ўдзячны сужэнцы сваім бацькам, якія ахвярна і шчодра дапамагаюць іх сям’і. Маці Андрэя Наталля Якаўлеўна ўсе гэтыя гады амаль штотыдзень прыязджае з прадуктамі і грашыма да іх. Мама Наталлі Галіна Барысаўна з малога дапамагае гадаваць усіх дзяцей. Бацька Наташы адышоў у вечнасць у 2002 годзе, а бацька Андрэя загінуў, калі сыну было ўсяго пяць гадоў. У сваіх сем’ях Наталля і Андрэй былі адзінымі дзецьмі, затое іх бацькам пашчасціла цешыцца столькімі ўнукамі…

Напэўна, вельмі мала тых сем’яў, якія б не перажывалі сур’ёзных праблемаў і крызісаў. Сям’я Патапейкаў не выключэнне. Аднак любы крызіс тут адступаў перад цяжарнасцю і нараджэннем дзіцяці. І гэта зноў жа доказ вялікай Божай ласкі для сям’і, якая адкрыта на прыняцце новага жыцця. Наталля расказала, што 2015 год быў вельмі складаны для сужэнцаў — матэрыяльныя праблемы, ды і адносіны паміж сабою пакідалі жадаць лепшага. Як і кожнае лета, яны выехалі ў Польшчу, у дом, які Наталля атрымала пасля смерці свайго дзядулі ў спадчыну. Менавіта там высветлілася, што яна цяжарная. Першая рэакцыя жанчыны — гэта страх. Грошай няма, з мужам праблемы, ды й узрост 43 гады. Баялася, што і бацькі не падтрымаюць. Пачалі ўзнікаць думкі пра аборт. Наталля адганяла гэтую шатанскую спакусу малітваю — у мястэчку, дзе яны знаходзіліся, у касцёле стаіць абраз Маці Божай, Якая Развязвае Вузлы. Да таго ж у той час адбывалася перэгрынацыя фігуры Арханёла Міхала. Таксама моцна прасіла яго аб дапамозе. Памятае, што адбывалася гэта ў нядзелю, а ў аўторак яны знайшлі вялікую суму грошай, якія прыхаваў яе дзядуля. Калі нарадзіўся сын, бацькі назвалі хлопчыка Мішам у гонар святога Арханёла Міхала.

«На першы погляд здаецца, што ўсё ў нас адбываецца з прыгодамі, — гаворыць Наталля. — Не. Усё адбываецца з Божай дапамогаю. Вытрывалі выпрабаванні — атрымалі ласкі. І так усё жыццё…».

Няхай жа і надалей Божая міласэрнасць суправаджае гэтую сям’ю, каб ніякія выпрабаванні і цяжкасці не змаглі пагасіць агонь веры і даверу да Пана Бога.


Галіна Калевіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней