Contemplatio: меней прасіць, болей сузіраць

Сёння часта можна пачуць ад прапаведнікаў пра неабходнасць «жывой веры» і «асабістага кантакту з Богам». Вядома, агульная прыналежнасць да Касцёла, традыцыі, павага да святаў і пастоў важныя. Аднак за ўсім гэтым павінна стаяць штосьці большае, глыбокае і індывідуальнае: «жывая вера» і «асабісты кантакт». 


Паводле Катэхізісу Каталіцкага Касцёла, «той, хто бачыць Бога, атрымаў усё дабро, якое можна сабе ўявіць» (2548). А вось гэтым «бачыць Бога», ці яшчэ «сузіраць Бога», і з’яўляецца кантэмпляцыя. Старая і правераная практыка. Сёння — колькі словаў пра маю свецкую кантэмпляцыю.

Cузіранне

Скажу шчыра: ужо шмат гадоў не магу не думаць пра Езуса. Увесь час, на працы і дома, у адзі ноце ці сярод людзей. Проста думаецца, разважаецца. Адчуваецца Прысутнасць. Але гэта мае ўскосныя адносіны да кантэмпляцыі. Думаючы пра Яго, стараюся заўважаць Яго ва ўсім навокал — у прадавачцы ў краме, у шэфе на працы, у святары, у дрэве, у руху на дарозе, у сутонні і летнім ранку. Вось гэта маё старанне я і называю кантэмпляцыяй. Сузіраннем стварэння.

Гэтыя думкі пра Езуса і кантэмпляцыя даюць моц знаходзіць Бога ва ўсім. Паважаць кожнага і радавацца жыццю. Любіць, нават няглядзячы на суцэльную антыхрысціянскасць асяроддзя, у якім часта здараецца быць.

Крыніцы

Любы духоўнік скажа, што без малітвы, чытання Бібліі і самаадукацыі не тое што кантэмпляцыя немагчымая, цяжка ўявіць нават узгаданую «жывую веру». З дзяцінства я быў міністрантам, заўсёды хадзіў на катэхэзу, удзель нічаў у пілігрымках. Агулам, як кажуць, амаль не вылазіў з касцёла. У студэнцкія гады я трапіў у душпастырства дамініканаў, вельмі адукаванага ордэну. Мне падавалася, што стэрэатыпы наконт хрысціянства проста сыпаліся з мяне. Шмат рэчаў, якія я называў хрысціянскімі, такімі насамрэч не былі ці мелі мала агульнага з імі. Гэтыя стэрэатыпы перыядычна вылазяць і сёння. Я зразумеў, што, каб сузіраць Езуса, трэба Яго спазнаваць, бо інакш можна сузіраць што заўгодна, але не Яго.

Брэвіярый — мая любоў

Чаму ён? Брэвіярый — гэта ж малітва псальмамі. Да іх там яшчэ ёсць урыўкі з Бібліі і каментарыі на кожны дзень. Уяўляеце, на кожны дзень ужо распісаны псальмы на раніцу, абед і вечар, штодзённа пад рукой Пісанне і ўрывак працы якога-небудзь святога! Тут і малітва, і чытанне Бібліі, і разважанне, і тэалагічная літаратура. У адным месцы, усё гатовенькае! За ўмоўныя 20–30 хвілін штодзённа можна атрымаць усё гэта.

Самаадукацыя

Польскі дамініканец Ян Гура, да моладзевага душпастырства якога я належаў, заўсёды казаў перад пачаткам Адвэнту і Вялікага посту: «Не забудзьце прачытаць якую-небудзь добрую кнігу». Кніга — як заданне на асаблівы час. А яшчэ іншы дамініканец казаў: «У час посту лепш слухаць музыку, але не так, як заўсёды, — не як фон — працуючы, чытаючы ці робячы яшчэ штосьці, а як твор мастацтва. Проста сядзьце і паслухайце толькі яе, сканцэнтруйцеся на ёй».

Сузіранне не можа спалучацца з інтэлектуальным пошукам. Чытанне, разважанне, пошук, пытанні. Прабачце, але, магчыма, асабліва ў сённяшні час, варта прачытаць добры артыкул ці ўрывак кнігі замест чарговага «адкляпанага ружанца». Хрысціянства — гэта рэлігія любові, а не выпрошванне камфортнага жыцця.

Не варта ўспрымаць кантэмпляцыю як нешта таямнічае, не для звычайных людзей прыдуманае. Кантэмпляцыя — гэта прагненне бачыць, адчуваць, разумець блізкую асобу. Часам жонцы (мужу) трэба падарыць кветкі, часам — шакалад, часам — прамаўчаць, часам — памаліцца, часам — прытуліць, часам — не пагадзіцца. Усяму свой час. І кожны ведае, што каб адчуваць гэты час, трэба жонку (мужа) сузіраць — адчуваць. З Богам — гэтак жа. Сузірайма Яго.


Арцём Ткачук
Заходзьце і чытайце Арцёма ў Facebook і Instagram

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней