«Кліч Мяне ў дзень нядолі…» Сведчанне цудоўнага аздараўлення

Кліч Мяне ў дзень нядолі,
Я ўратую цябе, а ты праславіш Мяне

Пс 50, 15

У зямным жыцці няма боль шага шчасця, як шчыра пра слаў ляць Бога. Чалавек, дасягнуўшы таго стану душы, калі ён дакладна ведае, што ўсё ад Бога, які бачыць і чуе нас, які мае моц увайсці ў кожную сітуацыю, які можа ўсё, будзе цалкам упэўнены, што не патрэбны яму ні багацце, ні горы золата, ні яхты, ні самалёты. Такі чалавек шукае адзіна Божае ласкі, якая не пакіне яго ніколі, калі ён будзе жыць праведна.


Быць чалавекам праведным можа кожны, хто шчыра вызнае свае грахі (Бог не прабачае толькі той грэх, якога чалавек не вызнаў), спавядаецца і робіць усё магчымае і немагчымае, каб не вяртацца да старога граху. Я хацела б расказаць гісторыю пра Божы цуд, які адбыўся ў маім жыцці, і гэтак хоць нейкім чынам праславіць нашага Стварыцеля, нашага Пана Бога.

Я нарадзілася ў вёсцы Сялявічы Слонімскага раёна ў сям’і, дзе, на вялікі жаль, Бог не быў на першым месцы: атэізм сыграў сваю ролю. Першыя пытанні пра Бога з’яўляліся, калі я яшчэ дзяўчынкаю прачыналася і кожную раніцу бачыла, як мая бабуля моліцца, стоячы каля вакна. Бабуля памерла, калі мне было 13 гадоў, а далей завіравала маё жыццё грахамі. Я вучылася ў школе, у інстытуце, працавала, выйшла замуж, выхоўвала дзяцей, і ўсё без Бога. З вялікаю цеплынёю я глядзела на веруючых лю дзей, якія маліліся, чыталі Біблію. Глядзела і думала: «Вось бы і мне стаць такой, як яны, але наўрад ці я змагу».

Па просьбе маёй маці мы з мужам узялі шлюб, пражыўшы разам ужо 8 гадоў. Пасля гэтага я хадзіла ў Божы дом, але таму, што мне проста падабалася, таму, што так рабілі іншыя. Я спавядалася, але не называла канкрэтных грахоў, абыходзячыся агульнаю фразаю: «За ўсе грахі шкадую». У многіх сітуацыях я апраўдвала сябе, не лічачы сваё зло грахом, таму вельмі часта працягвала гэтак жа грашыць і пасля споведзі. 

Мне было 36 гадоў, калі мая маці сур’ёзна захварэла. Я прыйшла тады ў касцёл, каб папрасіць святара адправіць святую Імшу за яе здароўе. Гэта і стала для мяне пунктам апоры. Я хадзіла ў касцёл штонядзелю, і мая вера ў Бога памнажалася, аднак шчырае пакаянне прыйшло не адразу. Канешне, жаданне вызнаць свае грахі залежыць ад чалавека, але мне ў гэтым дапамог ксёндз Ігар Анісімаў. Я вельмі ўдзячная Богу за тое, што Ён паставіў на маім жыццёвым шляху гэтага святара.

З 2012 года для мяне пачалося новае жыццё, у якім амаль не засталося месца для граху. Амаль. У лістападзе 2016 года з інфарктам паўшар’яў мазжачка мяне забрала «хуткая дапамога». Стан змярцвеласці, навокал цемра, і толькі калі-нікалі было чуваць нейкія гукі, але я не магла нават адрэагаваць на іх. На працягу двух тыдняў мая дачка сядзела каля майго ложка. На другі дзень пасля таго, як я трапіла ў бальніцу, мой сын прывёз ксяндза Віталія, каб той памаліўся аб маім выздараўленні. Я не памятаю твару святара, але, здаецца, пачула некалькі словаў яго малітвы, што дапамагло на наступны дзень выразна пачуць тое, што сказаў мне ксёндз Ігар. Яго словы пра споведзь сталі для мяне не проста саломінкаю для таго, хто топіцца: яны былі сапраўдным залатым выратавальным тросам. Недзе ў сабе я пачала крычаць пра свае грахі, проста выкідала іх са сваёй душы, гнала прэч, моцна шкадуючы, што я дапусцілася да іх у сваім жыцці. Гэта мяне і выратавала. Бог прабачыў мне ўсё і аздаравіў мяне. Ён даў мне здароўе і ўпэўненасць, што Ён са мною. Гэта стала маёй адзінаю рэальнасцю. У памяці засталіся толькі фразы дактароў у першыя дні хваробы: «У Вас інфаркт абодвух паўшар’яў мазжачка. Калі інфаркт аднаго паўшар’я, то другое пераймае на сябе функцыі першага. У Вас жа пашкоджаны адразу два паўшар’і»; «Інфаркт мазжачка — гэта сур’ёзна, рухальныя функцыі могуць аднавіцца, але, магчыма, што яны не вернуцца ніколі». А гэтыя словы сказаў мне ўрач рэабілітацыйнага цэнтра праз год пасля інфаркту: «З Вашым дыягназам было цяжка ўявіць, што Вы калісьці зможаце хаця б сядзець». 

Гэта рэальная гісторыя таго, як Бог аздараўляе чалавека, які кліча Яго ў дзень нядолі, хваробы, і Пан ратуе. Вялікае шчасце не толькі ў тым, што цяпер я здаровая, але і ў тым, што больш не магу грашыць, нават дрэнна думаць пра іншых людзей. Я вучуся радавацца поспехам знаёмых і жадаць ім толькі дабра. Хтосьці можа падумаць, што гэта немагчыма. Паверце, цалкам магчыма! Імкніцеся ачысціць сваю душу, пакуль не настаў час нядолі, і адчуйце сябе па-сапраўднаму шчаслівымі!

Жадаю ўсім супакою і дабра!

Хвала Табе, Пане! Дзякую Табе, вялікі, усёмагутны Божа!


Раіса Варонік, Слонім

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней