Выбраныя ўрыўкі з духоўнага дзённіка Аліцыі Лянчэўскай, польскай містычкі са Шчэціна (памерла ў 2012 г.). Запісы яе духоўнага дзённіка былі даследаваныя тэалагічнай камісіяй і прызнаныя адпаведнымі вучэнню Каталіцкага Касцёла.
Вось яна, адданасць кантэмпляцыі: выключыць сябе, уласны план, уласную дзейнасць, уласныя спосабы асвячэння.
Езус прамовіў да Аліцыі Лянчэўскай:
Хачу сёння навучыць вас таму, што вы называеце кантэмпляцыяй і што з’яўляецца будаваннем вашых адносінаў з Богам — са Мною, з Тым, Хто жыве ў вашых сэрцах.
Не рабіце ніякіх высілкаў, не напружвайце сілаў душы, як цеціву лука, дайце вашаму духу ў супакоі і цішыні адпачнуць і адкрыцца на Маё дзеянне. У вашых душах Я маю келлю, дзе няспынна прабываю <…>.

Выключыць сябе
Хочаш, каб Я расказаў табе больш пра кантэмпляцыю — дык ведай, дзіця Маё, што і ты, і іншыя прабываеце ў лучнасці і еднасці са Мною, бо, увайшоўшы ў капліцу сваёй душы, каб са Мною размаўляць, не выключаеце сябе.
Гэта праўда, што са Мною варта і можна размаўляць пра ўсё, але вы прыходзіце, жадаючы браць самі для сябе, каб атрымаць розныя дары і ўнутраныя здольнасці, каб папрасіць для сябе, каб зразумець… Для сябе! А трэба было б прыходзіць для ўшанавання і сузірання Бога — Любові, каб аддаць Яму хвалу, каб даць Яму любоў за найвялікшую любоў, якою Ён адорвае вас. Прыходзіце, каб сузіраць, але каго? Яго, не сябе побач з Ім ці нават у Ім.
Вы прыходзіце, каб дыктаваць Мне, бо хочаце таго ці іншага, не пакідаючы Мне свабоды ў выбары ласкаў і дароў, якімі Я хачу адарыць дзіця, якое цалкам і без рэшты прысвяціла сябе Мне, якое нічога не плануе, а спадзяецца толькі на Мяне і толькі аднаго жадае ад сустрэчы са Мною: любіць і растаць у Любові — у Богу, не ў сваёй любові. Ці ж не ведаю Я, Любоў, лепш за вас, у чым і калі вы маеце патрэбу для душаў вашых?
Але вы перашкаджаеце Мне дасканалым чынам асвячаць вас, просячы то аб тым, то аб іншым, як дзіця просіць у матулі цукру, замест таго, каб дазволіць Мне карміць вас так, як гэта раблю Я, даючы вам найлепшы пажытак для духа, адпаведны яго сілам, толькі яму ўласцівай і толькі яму дадзенай дарозе. Вось яна, адданасць кантэмпляцыі: выключыць сябе, уласны план, уласную дзейнасць, уласныя спосабы асвячэння і, як кветка сваю чашачку, адкрыць Мне сваю душу, каб Я сам яе фармаваў і напаўняў тымі дарамі, у якіх душа ваша мае патрэбу, а гэта ведаю і разумею толькі Я.
Тады вы не парастанеце дзейнічаць, вашае жыцце не будзе млявым, а натхненнем і рухавіком чынаў буду толькі Я, а вы, як Мае інструменты, будзеце выканаўцамі Маёй волі. Ці, можа, вы баіцеся, што Я не асвячу вас лепш і дасканалей, чым калі б вы самі з найвялікшымі высілкамі намагаліся гэта зрабіць?
Гэта Я даю вам у якасці другой лекцыі кантэмпляцыі, якую лепш называць жыццём з вашым Богам, жыццём з Любоўю і ў Любові.
Пражывайце са Мною ўсё
Калі вы думаеце пра жыццё малітваю, пра адносіны са Мною, вы думаеце, як увайсці ў санктуарый сваёй душы, каб там сустрэцца са Мною.
Але Я хацеў бы ад вас чагосьці іншага. Вам не трэба прыходзіць да Мяне, але трэба назаўсёды пасяліцца ў келлі сваёй душы, дзе Я жыву — ваш Бог і Умілаваны.
Там вашае жыллё, ваша кляштарная келля, а калі давядзецца зрабіць штосьці знешняе, напрыклад, выканаць вашыя розныя абавязкі, — гэта выйсці вашыя. Так, вы мусіце выходзіць з келлі, каб рабіць тое ці іншае, але нават тады не выходзіце адны. Калі вы ўключаеце Мяне ў сваё жыццё, Я яго цалкам дзялю з вамі і вы са Мною робіце ўсё: працуеце, размаўляеце і нават думаеце.
Бо Я ваш найвярнейшы, самы чулы Сябар, які разумее вас як ніхто іншы. Таму дзяліцеся са Мною і пражывайце са Мною ўсё, уваходзьце ў кожную хвіліну, калі толькі можаце, у вашу келлю, каб у цішыні са Мною параіцца, да Мяне прытуліцца, праслаўляць Мяне і казаць словы любові і адданасці. І тады нічога не будзе «вашага», але ўсё наша.
Так будзе паглыбляцца сапраўднае сяброўства са Мною — сяброўства, якому няма роўнага ва ўсім свеце. Часам я даю вам такое сапраўднае сяброўства паміж вамі — яно сапраўднае, калі я з’яўляюся яго вузлом і калі ў любові да Мяне, злучаныя полымем Божае любові, яднаюцца душы Маіх дзяцей. Зямное сяброўства з’яўляецца школаю сяброўства са Мною, бо само нашае сяброўства пераўзыходзіць вашае разуменне з’яднання ў любові; дасканалае сяброўства з Богам і з’яўляецца тым, што вы называеце высокаю кантэмпляцыяй.

Раўнавага пачуццяў
Каб жыць са Мною, трэба імкнуцца да дасканалай раўнавагі пачуццяў, такой, як мела Мая Маці, — наследуйце Яе ў гэтым. Неўпарадкаваныя і неўтаймаваныя пачуцці, якія вы называеце эмоцыямі, становяцца прычынаю ўнутранага замяшання і не дазваляюць вам чуць Мой голас і прымаць глыбока Мае словы. Ад гэтага трэба вызваліцца!
У душы дзіцяці Божага павінна прабываць толькі любоў — любоў, не страсць у любові альбо ў нянавісці. Вы не павінны мець не толькі нянавісці да нікога, бо Я сказаў вам «любіце ворагаў вашых», але нават непрыязнасці, нараканняў ці крыўды.
Зрэшты, іх корань — у вашым эгаізме, а каб вызваліцца і быць вольнымі для жыцця са Мною, трэба адысці ад сябе. Любіце ўсіх, бо Я іх усіх люблю і за іх аддаў жыццё. Вы таксама павінны быць да гэтага гатовыя!
Вашыя нараканні з’яўляюцца па прычыне ацэньвання. Вы ацэньваеце словы, учынкі і нават інтэнцыі, але гэта не вашыя справы. Я часам быў суровы і неаднойчы выносіў жорсткія вердыкты. Гэта Маё права! Вас гэта не датычыцца! Вы наогул не павінны судзіць. Ты сама ведаеш, як балюча чуць несправядлівыя ацэнкі сябе, блізкіх ці далёкіх. Ты не маеш права гэтак жа раніць іншых. Калі не будзеце нікога асуджаць, знойдзеце вялікую раўнавагу пачуццяў. Не абыякавасць, але раўнавагу.
Вы не павінны быць халоднымі — наадварот, вы павінны любіць па-Божаму і мудра, а гэта не перашкодзіць вашаму засяроджанню.
Скажыце Мне, ці шмат можна пачуць на кірмашы, калі ўсе навокал крычаць, размаўляюць, калі навокал гоман?
Так і Я не магу быць пачуты вамі на кірмашы вашых неўпарадкаваных, растрывожаных, паспешлівых думак. Таму вы павінны суцішыць вашую пачуццёвасць. Унутраная цішыня і ціхасць вашага жыцця з’яўляюцца ўмоваю жыцця са Мною, ці, як вы кажаце, кантэмпляцыі.
Пазбавіцца клопату
Перадусім пазбаўцеся ўсялякага клопату, нават пра вашых блізкіх. Не любові, але клопату. Аддайцеся Мне ў апеку, і Я займуся імі як маці. Толькі аддайцеся Мне і Маім справам, толькі Маім справам. Яны павінны стаць вашымі, а вашымі асабістымі і жыццёвымі займуся Я. Таму не клапаціцеся, не бойцеся, не старайцеся прадбачыць. Нават волас не ўпадзе з галавы вашых найбліжэйшых без Маёй волі. Калі ж Мая воля паставіць іх у цяжкае становішча, і так не зможаце гэтага прадухіліць, бо вы не здольныя паўплываць на абставіны, пару і час.
Пра што ж тады клапаціцца? І пра сябе не клапаціцеся! Не клапаціцеся ні пра што: ні пра ежу, ні пра адзенне, ні пра жыццё. Я ўсё гэта бяру на сябе.
Увайдзіце ў цішыню! Не знешнюю, бо яе рэдка можна знайсці, але ў цішыню ўнутры вас, якая ў самым вялікім крыку свету дазволіць вам ў супакоі прымаць Мае ласкі і натхненні. Заклапочанасць — гэта вораг цішыні і супакою, таму яшчэ раз кажу вам: ускладзіце на Мяне вашыя клопаты, будзьце свабоднымі ў любых абставінах жыцця! І тады не наблізіцца да вас спакуса, якая жыве ў мітусні, клопаце і неспакоі.
Гэта чарговы этап вызвалення вас ад вас саміх, які Я табе адкрываю.
Пераклад з польскай мовы Дар’і Ахламёнак
Паводле: kpalys.blogspot.com