Бацька адказны за мацярынства

Калі мы яшчэ сустракаліся з Мартаю, я ведаў, што хацеў бы мець шмат дзяцей. Не прывязваў сябе да лічбаў, але проста хацелася не закрывацца на жыццё і каб мой дом гаманіў. Сёння нашаму шлюбу не адзін год, у нас двое дзяцей, і я дзякую Богу за тое, што наша прагненне не знікла. Трансфармацыя каханай дзяўчыны ў маці — цікавая рэч. Асобная тэма. Сёння — пра іншае: мой маленькі досвед сужэнства паказаў, што тата нясе адказнасць за здаровае мацярынства. Каб не ліць ваду, прывяду некалькі прыкладаў з нашага жыцця.


Бытавуха і мацярынства

Я праводжу большасць часу на працы. Пасля вяртання дадому зазвычай усё прыбрана, вячэра гатовая. Падаецца, усё проста. Аднак аднаму Богу вядома, колькі ўсяго жонка зрабіла за дзень. Аднойчы пасля доўгіх выходных і гадзінаў гатавання і мыцця посуду да мяне нарэшце дайшло: гэта ж яе штодзёншчына! Спачатку мы набылі пасудамыйку, пазней — пральную машыну з сушкаю, потым — суперсучасны прас, добры пыласмок, бацькі падарылі кухонны камбайн.

Я ўзяў сам сабе за правіла — цвёрды «карак» сямейнага бюджэту павінен згінацца перад патрэбамі жонкі. Я хачу, каб бытавуха не стала для яе сімвалам мацярынства.

Сум па каханым

Я ўсё жыццё слаба сачыў за сваім знешнім выглядам — рэдкая цырульня, адзенне з сэканду. У сужэнстве гэтак жа — найперш дапамога, моцнае плячо, а рэшта дадасца. Яно то так, але нядаўна зразумеў, што прыгожы муж цешыць жонку. Пачаў трымацца распарадку галення, цырульні. «Я пастрыгся, як табе?» — кажу. Але ж насамрэч гэта «я пастрыгся, каб быць у цябе прыстойным… каб мы былі прыгожыя». Спантанныя кветкі, нечаканая кава без дзяцей, тэатр-сюрпрыз, шакаладка проста так — гэта ўсе для нас з табой. Мацярынства, пасунься! Ты не адно тут!..

Мацярынства як дар для мужчыны

Адданасць дзіцяці, самаахвярнасць маці — гэта, канешне, неверагодныя рэчы. Аднак адразу ўзгадваецца: «але калі б нават яна забыла, Я не забуду цябе» (гл. Іс 49, 15). Глядзіш на гэта ўсё і думаеш: а якая ж тады любоў Айца? Дзякуючы гэтаму я зразумеў, што малітва — гэта мой мужчынскі абавязак. Канкрэтная, штодзённая — я выбраў Ружанец, Ютрань, частае чытанне Святога Пісання.

Дзякуючы малітве мацярынства ў нас дома — гэта Божы дар. Дар для нас дваіх. Задарма, без умоваў і кантрактаў.

Ствараць дыстанцыю паміж ёю і дзецьмі

Неяк Марта трапіла на захаванне ў шпіталь з другою дачкою. Два тыдні я быў адзін са старэйшаю. Хатнія абавязкі, садок — усё было на мне. Мы з дачкою шмат размаўлялі, стваралі свае правілы. Мы ведалі, што мамы няма, але, калі прытуліцца да таты, то ён таксама дае маміна цяпло, ён таксама можа заплесці валаскі любоўю...

Варта займаць сваё мужчынскае месца ў мацярынстве. Без яго любоў дзіцяці і маці робіцца бессэнсоўнаю прывязанасцю. Я змагаюся і хачу ўдзельнічаць у гэтым, каб мацярынства было Божым дарам, а не чалавечым інстынктам. І я шчаслівы назіраць і перш за ўсё ўдзельнічаць у гэтым нябесным скарбе. Ён нібыта дадзены не мне, я як бы збоку. Але ж справа вядомая — у сям’і ўсё агульнае.


Арцём Ткачук

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней