Упершыню я пачула пра кантэмпляцыйную малітву ад святой памяці сястры эўхарысткі Ядвігі Віршуты. Праўда, яна называла гэтую малітву на свой манер — прабыванне перад Езусам. Яна гаварыла пра гэта проста, з усмешкаю, нават з уласцівым ёй гумарам. Сястра Ядвіга не любіла нацягваць на сябе маску прэснай пабожнасці, не ўдавала з сябе кагосьці большага, кім яна не была на самай справе. Яна мела тое рэдкае пачуццё гумару, якое дазваляла ёй не баяцца кпіць з самой сябе, са сваёй слабасці.
Аднойчы ў часе нашых шматлікіх працяглых размоваў яна і распавяла пра тое, як айцец езуіт Вацлаў Забароўскі, які служыў у гады Другой сусветнай вайны ў Урбанах, што на Браслаўшчыне, і быў спаведнікам сясцёр эўхарыстак, вучыў іх прабыванню перад Езусам. «Пачніце практыкаваць з вельмі простай малітвы, — казаў ён. — Калі прыйдзеце на адарацыю, не гаварыце Яму шмат, але паўтарайце бясконцую колькасць разоў Яго імя. Можаце шэптам, але найлепш сэрцам: «Езу, Езу, Езу…». Паўтарайце гэтак доўга, пакуль не адчуеце цёплы дотык да вашага сэрца…»
Сястра Ядвіга распавядала пра гэтае навучанне, а потым з усмешкаю прызнавалася, як цяжка ёй самой гэта даецца. Казала, што вось ужо і немаладая ж яна, мае за плячыма шмат гадоў служэння Богу, а ўсё роўна людская слабасць часта перамагае. «Прыйду во сюды, у капліцу, малюся, паўтараю, здаецца, гэтак шчыра Езусава імя, а потым раптам невядома адкуль ускочыць у галаву страх: «А ці выключыла я на кухні газ? А ці замкнула дзверы?». Ну і, вядома ж, суцішаная, даверлівая малітва ў такія хвіліны разбуралася. Але сястра Ядвіга не здавалася, а перапрашала Таго, да Каго прыйшла, каб прабываць перад Ім, і працягвала зноў паўтараць дарагое сэрцу імя…
З таго часу я таксама пачала практыкаваць тую малітву: часам на адарацыі, часам, праходжваючыся ў адзіноце па беразе Дзвіны, іншым разам у часе асабліва цяжкіх прыступаў мігрэні, калі ніякія іншыя словы проста немагчыма вымавіць: «Езу, Езу, Езу…»
А яшчэ аднаму спосабу кантэмпляцыйнай малітвы сястра Ядвіга навучылася пасля росіцкай трагедыі, сведкай якою ёй давялося быць. За іх, сясцёр эўхарыстак, якія разам з усімі людзьмі былі замкнёныя нямецкімі карнікамі ў лютым 1943 года ў росіцкім касцёле і чакалі вырашэння свайго лёсу, заступіўся благаслаўлёны Антоні Ляшчэвіч. Ён пераканаў нямецкага афіцэра выпусціць сясцёр з касцёла. Сёстры сядзелі на лаўцы перад алтаром і чакалі смерці, а нямецкі афіцэр неспадзявана прачытаў спіс з іхнімі прозвішчамі і паказаў на выхад. Так яны ацалелі… Але загінула пакутніцкай смерцю большасць тых людзей, якія ў тыя дні і ночы былі разам з імі ў касцёле. Пакутніцкую смерць прынялі і айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра…
Як было ёй, сястры Ядвізе, жыць пасля гэтага — жыць, размаўляць з людзьмі, выконваць штосьці з тых штодзённых абавязкаў, якія нікуды і ніколі не знікаюць? «Я думала, што ўжо ніколі не змагу ні засмяяцца, ні нават гучна размаўляць», — успамінала пра тыя дні сястра Ядвіга. Тады і прыйшла да яе гэтая новая форма малітвы прабывання перад Хрыстом. Сястра прыходзіла ў касцёл і моўчкі кленчыла перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Не мела словаў, не памятала іх і не хацела ўспамінаць — проста моўчкі давярала Яму боль і цяжар свайго сэрца, бо верыла: Ён усё ведае і разумее яе… А часам ціхім шэптам паўтарала і паўтарала найдаражэйшае імя: «Езу, Езу, Езу…». Вымаўляла яго перасохлымі, непаслухмянымі вуснымі і была ўдзячная айцу Вацлаву Забароўскаму, які ў свой час навучыў яе гэтай простай і такой дарагой малітве.
А айцец Вацлаў у той час служыў ужо капеланам у партызанскім атрадзе Арміі Краёвай і ўжо навучаў іншых малітве прабывання перад Хрыстом. Напэўна ж, яна ім таксама прыдалася. Айцец Вацлаў, чый лёс склаўся трагічна, часта маліўся ёю і сам. Напярэдадні святаў Божага Нараджэння ў 1950 годзе ён быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў сталінскіх лагераў ды на 5 гадоў пазбаўлення ўсялякіх правоў. Напэўна ж, ён часта маліўся дарагім яму імем, калі знаходзіўся ў Кузбаскім лагеры, што ў Кемераўскай вобласці. Пасля смерці Сталіна айцец Вацлаў, як і тысячы іншых вязняў, быў вызвалены, судзімасць была знятая… Ён вярнуўся на Браслаўшчыну і кароткі час жыў блізу Урбанаў, але неўзабаве цяжка захварэў і ўжо смяротна хворы выехаў на радзіму — у Польшчу…
А сястры Ядвізе Пан Бог вызначыў доўгі шлях манаскага жыцця — у служэнні і малітве Яму. Яна працяглы час служыла ў Казахстане, потым вярнулася на радзіму і яшчэ паспела паслужыць Богу і людзям у Росіцы, якая паціху вярталася да жыцця, у Полацку, Друі, Браславе, Барысаве…
За сваё жыццё яна карысталася паслугаю розных святароў. Сярод іх на асаблівым месцы былі для яе благаслаўлёныя мучанікі з Росіцы — айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Многае з іх навучання і практыкі яна перадала людзям. З удзячнасцю яна ўспамінала заўсёды і айца езуіта Вацлава Забароўскага, і не толькі таму, што ён навучыў іх ціхаму, удзячнаму прабыванню перад Збаўцам, але і таму, што ў хрысціянскім жыцці няма дробязяў, а любоў і вернасць Хрысту павінны праяўляцца і на Імшы, і ў сакрамэнтах, у Ружанцовай малітве, а таксама ў знешнім выглядзе верніка. З усмешкаю распавядала сястра, як «цвічыў» айцец Вацлаў і сваіх парафіянаў, і іх, сясцёр, каб у касцёл яны прыходзілі заўсёды ўжо настроенымі на малітву, на размову з Хрыстом. І на ўсё жыццё запамятала наказ — быць перад Хрыстом заўсёды прыгожай, а гэтая прыгажосць мусіць быць бачная і ў прычосцы, і ў адзенні, і ў размовах.
Навучанне такіх настаўнікаў не прайшло дарэмна. Сястра Ядвіга ўмела перадаваць іншым дар веры, якім надзяліў яе Пан Бог, — словамі, размовамі з людзьмі рознага ўзросту, уласнымі паводзінамі, успамінамі са свайго манаскага жыцця, ціхай, засяроджанай малітвай. Адна з іх — малітва прабывання перад Ім у праўдзе, шчырасці і любові…
Ірына Жарнасек