Застацца Касцёлам без касцёла

Божыя і касцёльныя запаведзі абавязваюць нас удзельнічаць у святой Імшы раз на тыдзень, святкаваць нядзелю, прыходзячы ў касцёл. Гэтае спрашчэнне дае чалавеку вялікую свабоду: рэшта часу застаецца для таго, каб выказваць любоў да Бога ў той форме, якая найбольш падабаецца. Інтымна, штодзённа, з усіх сілаў...


Разважаючы пра важнасць сакрамэнту Эўхарыстыі, падаецца, мы забыліся пра іншыя сакрамэнты. Хрост, бежмаванне, сужэнства — гэтыя сакрамэнты, дзейсныя 24/7, гэта не ўтрыраваная гадзінка ў нядзельку на святой Імшы. Хрост — як сум па Стварыцелю, бежмаванне — як супраца з Духам Святым, сужэнства — быццам бачыць анёла ў вачах сужэнца, калі ты ўжо не маеш сілаў на яго/ яе глядзець… Гэтыя сакрамэнты «цэлебруюцца» на працы, дома, у краме. Дзе хрысціянская душа, там і сакрамэнт, там і Касцёл.

Аднаго дамініканіна неяк запыталі, чым адрозніваецца малітва дома ад малітвы ў святыні. «У касцёле публічна і ўрачыста», — адказаў ён. Здаецца, трапна сказана. Падрыхтоўка абеду для яго, у гармідары дзіцячых крыкаў, з чырвонымі недаспанымі вачыма, на стомленых даўным-даўно няголеных нагах — гэты сакрамэнт не публічны і не ўрачысты. Будаванне хатняга Касцёла выключна на нядзельным сакрамэнце — сумнае відовішча. Гэта як каханне без sms-ак, цішыня паміж спатканнямі...

Мы звычайна выязджалі да бацькоў на выходныя, але аднойчы наш дырэктар абвясціў, што з панядзелка кампанія пераходзіць на аддаленую працу. Стала зразумела, што будзе доўгая самаізаляцыя. Самаізаляцыя дзеля бліжняга. Адначасова і беларускія біскупы рэкамендавалі заставацца дома.

Дзякуй, каранавірус. Ты шмат што сказаў і паказаў. Касцёл —найперш у супольнасці, а не ў касцёльным будынку. Касцёл — унутры нас. Настаў вялікі час маленькіх сакрамэнтаў: моцная прыватная малітва, узаемападтрымка блізкіх, шмат дзіцячых і дарослых размоваў, сілы на казку замест мульціка… Спіс бясконцы.

Касцёл, мы хутка вернемся ў твае сцены! Мы й не сыходзілі. І не сыдзем. Бо «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне» (Ян 2, 17).


Арцём Ткачук
Фота: Данііл Ліцкевіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней