Я ведаю, што такое пекла. Без аніякіх аб’яўленняў, клінічнай смерці ці акультных практыкаў. Я ведаю, што такое пекла. Гэта наступствы таго, як моцна мне ўдалося (і пэўна, з надзейнаю дапамогаю) сказіць дзве запаведзі любові.
Злы, пагардлівы позірк на сябе, іншага, і пачуццё, што Бог да нечага мяне пастаянна прымушае, пастаянна мною незадаволены, глядзіць на мяне халоднымі, шклянымі, злымі вачыма, маўляў, маліся больш, усміхайся менш, а ў іншых выпадках — больш (ты ж хрысціянка), знось больш. Ад чалавека можна ўцячы, але не ад Бога. Я гэта добра ўсведамляла, і як жа мяне пужала перспектыва да канца жыцця адчуваць на сабе гэты позірк! Малілася я сапраўды больш, хоць усміхацца сілаў ужо не было.
Злы позірк на сябе
Я кожны раз смяюся, калі кажу гэтыя словы, але «ўсе мы родам з дзяцінства». Мы вучымся глядзець на сябе, убіраючы тое, як на нас глядзяць бацькі ці іншыя значныя асобы. «Смецце не вынес, а ў касцёл пайшоў», «з бацькамі як размаўляе, а ў Бога верыць!». Калі на мяне глядзелі добра? Калі я адпавядала чаканням бацькоў: не праяўляла негатыўных эмоцый, не павышала голасу, дапамагала па хаце, не выказвала сваіх «фі», калі смяялася, жартавала (адпаведна), калі мела нейкія дасягненні. Калі я была іншаю, бацька станавіўся халодным, са мною часта не размаўлялі, нават не глядзелі на мяне. Якія ўрокі я вынесла? Тое, ці любяць мяне, залежыць ад таго, як я буду сябе паводзіць, ці буду адпавядаць чаканням. Бацькоўскія чаканні змяніліся на сацыяльныя і ўласныя, а позірк на сябе за няўдачы і недасканаласці застаўся той жа — пагардлівы, халодны, а яшчэ лепш — зусім не глядзець.
Хваліш сябе — пыха, доўга працу шукаеш — ні на што не здольная, з бацькамі ўсё яшчэ дрэнна размаўляеш — няма ў табе любові Хрыстовай. Што я навучылася рабіць дасканала — гэта хуткія асуджальныя высновы пра самую сябе.
І вось мы дайшлі да пытанняў веры. Калі ўжо імкнуцца да дасканаласці, лепшага арыенціру, чым Бог, не знайсці. Але нічога з таго, пра што Ён кажа ў Евангеллі, я ў сабе не знайшла. Чым не нагода яшчэ раз кінуць на сябе пагардлівы позірк?
Добра памятаю тыя рэкалекцыі, на якіх святар звярнуўся да мужчыны, які чакаў сваёй чаргі на споведзь, сказаўшы: «Мужчына, так, той, каля спавядніцы, як Вас завуць?». Здаецца, яго звалі Ян. Святар працягнуў: «Ян, Вы добры!» Мужчына засмяяўся і адказаў: «Вы проста не чулі, што я ў спавядніцу нясу». Святар адказаў: «Не чуў, але мне і не трэба. Вы добры не таму, што я так сказаў, а таму што Бог Вас такім стварыў — на свой вобраз і падабенства». Гэтыя словы тады хутка забыліся — яны не пасавалі ні да маіх шаблонаў мыслення, ні да тыповай касцёльнай рыторыкі.
Злы позірк на іншага
«Як яна апранулася», «яго цікавіць нейкая лухта», «мне такое сказала, а да Камуніі пайшла»… Адкуль гэта? Адкуль бярэцца бясконцае сузіранне зла? Напрыклад, мне так было лягчэй паверыць, што я лепшая, што я не безнадзейна марная, пустая. Ёсць і горшыя.
Чаму абгаварыць чыноўнікаў на кухні прасцей, чым пайсці і абняць сына-падлетка? Таму што абдымаем мы не з пазіцыі сілы, аўтарытэту, а з пазіцыі чалавека, які прапануе іншаму сваю любоў, якую той можа адкінуць. Апусціцца, стаць нароўні з кімсьці азначае быць слабым? Не прыняўшы ўласнай слабасці, ніколі не атрымаецца прыняць слабасць іншага чалавека. І трэба прызнаць, што мне не ўдаецца. Пакуль што не ўдаецца.
Злы позірк Бога
Як гэта працуе ў рэчаіснасці? Прачынаешся раніцаю з адчуваннем, што Бог прымушае думаць пра Яго. Калі спачатку ідзеш снедаць, а не молішся, гэта значыць, што ты Яго любіш менш, чым свае зямныя чалавечыя справы. Калі едзеш у метро і раздражняешся на хлопца, які не зняў заплечнік, ловіш на сабе асуджальны, халодны позірк расчараванага Бога, бо Ён нарэшце зразумеў, што няма ў табе Яго любові. У цябе самае звычайнае жыццё без дасягненняў і асаблівых поспехаў, у цябе няма служэння, а галінкі, што не прыносяць плада, Бог адсякае і кідае ў агонь. Але Ён не кінуў.
Злы позірк Бога ці злы позірк на Бога — у гэтых двух словазлучэннях няма ніякай розніцы, але другое дапамагло мне ўбачыць праўду. Так добра памятаю, як аднойчы вечарам, чытаючы Евангелле, я зачапілася за словы «Як я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго». Я паўтарала іх зноў і зноў, пакуль ува мне не нарадзілася пытанне: а як жа Езус любіць?
Веру, што Святы Дух паказаў мне тады вельмі простую рэч: любоў супрацьлеглая насіллю, любоў супрацьлеглая маніпуляцыі, любоў супрацьлеглая тыраніі, любоў супрацьлеглая прымусу, любоў супрацьлеглая пагардзе.
Здавалася б, гэта відавочна, але мне спатрэбіўся час, каб асвоіцца з новымі думкамі і вобразам Бога, яшчэ зусім няўпэўненым, цьмяным. Я яго часцей губляла, чым знаходзіла. Як потым высветлілася, я рабіла сваю працу, а Езус рабіў і робіць сваю. У крытычныя моманты, калі я зноў «не тое» сказала, «не так» паглядзела, «не так» зрабіла і лаўлю на сабе пагардлівы позірк, я вяртаюся да праўды пра тое, што Айцец ёсць і што Ён мяне любіць. Я сказала Богу, што не хачу Яго адчуваць, таму што мае эмоцыі, як бачна, не вядуць мяне да Яго. Ён даў мне зразумець, што ёсць Ён, а ёсць я, і не трэба прыпісваць Яму ўласны позірк на сябе. Хтосьці сказаў: «Ты тое, што ты сузіраеш». Сузіраючы зло, я памнажаю зло. Сузіраючы дабро, я маю магчымасць памножыць дабро. І нават калі я не бачу гэтага дабра ў сабе ці ў іншым, я заўсёды магу глядзець на Таго, Хто ёсць любоўю і праўдаю. Я, як маленькае дзіця, занава вучуся глядзець на сябе, убіраючы позірк значнай Асобы — Бога, і патрэбны час, каб навучыцца быць перад Ім як дзіця, часам не тое казаць, не так глядзець, але ўсё роўна быць упэўненаю ў тым, што пад Яго наглядам я ў бяспецы.
Несвятая