Я ўваходжу ў гэты глыбокі, празрысты таямнічы свет, вымаўляю словы, як вялікую ласку ад Бога… Уяўляю, што за сценкай мой стары, такі ж хворы і спрацаваны, сусед Юзік і яго ўнук Міша, прачнуўшыся, вымаўляюць гэтыя ж словы…
І мноства людзей… Усё чалавецтва — паасобку і ў супольнасцях, у святынях і на пляцах, у гарадах і на аднаселлі, у гарах і на глыбінях, рознымі мовамі і галасамі: «Ойча наш!» Як гэта велічна, адказна і соладка!.. Ажно заходзіцца сэрца...
Словы, простыя, выразныя і ўсёабдымныя, праяўляюцца ў рэальнасць, а рэальнасць — у таямніцу майго існавання і ўсяго сутнага. Я, вясковае стварэнне ад пачатку, уяўляю, як дзіця ўяўляе, Айца і Сына. Перада мною — папяровы абразок Езуса Хрыста. Я звяртаюся да Езуса, бо Ён мне сказаў, што Айцец і Сын — Абодва як Адзін.
Я, Божае дзіця,
звяртаюся да Айца нябеснага,
нібы ад прыроды,
ад майго нараджэння
Бог даў мне права на гэткі зварот.
Але пакута ў маёй душы ад таго, што я сваімі савецкімі ўчынкамі гэтае права марнавала…
Ды я не губляю надзеі на Іхняе ўсёдараванне мне.
Рэальныя вобразы людзей дапамагаюць мне ўявіць самога Бога Жывога — добрыя вочы майго таты Яські… Праўда, у татавых вачах трымцела прытоеная гарчынка болю… Ці ў вочы Бога мог пераліцца боль людзей і адбіцца ў іх?..
Я вучылася ў савецкай школе, у педвучэльні і ВНУ, кружляла па сваім, не такім і вялікім свеце, з Біскупцаў у Ліду, у Наваградак і Гародню.
Гэтую малітву перадала мне мама, яе словы былі ўва мне ад пачатку, я звярталася да Яго і адчувала, што Ён, як тата, заўсёды блізка. Гэта давала мне бяспечнасць і ўпэўненасць, кіравала маім жыццём.
Нарэшце з’явіўся дасканалы вобраз, на якім я збудавала сваё ўяўленне Бога Айца, — твар айца Уладзіслава Чарняўскага з Вішнева, святара, які прыняў у мяне споведзь пасля ўсіх грэшных зямных прыгодаў, цярпліва выцягваючы ўсе калючкі з душы, і выцягнуў...
Мастацтва дапамагае нам паглыбіцца ў малітву, больш рэальна ўявіць вобраз Бога. Езуса Хрыста па-рознаму малююць на абразах, ствараюць Яго вобраз у кіно. Цікавы вобраз Езуса Хрыста я знайшла на сайце «тv-trwam»... Рэжысёр Гарта Дэвіс здымае фільм «Марыя Магдалена», і на ролю Езуса падышоў актор Хаакін Фенікс. Цікавы і сам вобраз гэтага актора, найперш — яго вочы… Я шмат разоў вярталася да гэтага месца ў ноўтбуку, пакуль гэтыя вочы не пасяліліся ў маіх вачах. Я і не ведаю, ці знялі, ці ёсць рэальна такі фільм…
«Ойча наш, каторы ёсць у небе…»
Неба — першы і галоўны адрас, галоўнае месца, наша мэта, прастора і ўсё, што мы маем… Без межаў, без даляглядў, без пачатку і канца… усё наша багацце, слава і дасягненні, шчасце і няшчасце, знаходкі і страты… усё там… Там наш Айцец, да якога мы звяртаемся, у якога паглыбляемся, якога праслаўляем і запрашаем: «Прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі…» І, вымаўляючы гэтыя словы – свядома і несвядома — мы падключаем сябе ў гэтую неабсяжную сутнасць усяго зямнога і нябеснага, і падземнага існавання, відочнага і невідочнага, часовага і па-зачасовага.
Як малыя дзеці, паўтараем гэта звыкла. Бо мама навучыла.
Зварот, накірунак праслаўлення,
запрашэнне і адданне сябе і ўсіх
Яго ўсёмагутнай волі.
Мусіць, у касцёле з вуснаў казнадзея, я пачула, ці прачытала ў часопісе «Маленькі рыцар Беззаганнай» гэтую прыпавесць пра анёлаў. Адзін анёл быў надта заняты, бо насіў ад людзей да Бога просьбы. Другі анёл сядзеў на хмарцы і сумаваў, бо насіў ад людзей да Бога пахвалы і падзякі.
«Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння…» Бедным людзям хлеб можа замяніць усе прадукты. У нашай літаратуры, якая стваралася пераважна выхадцамі з бедных людзей, хлеб — галоўны складнік шчасця людскога. Цуд дзялення хлеба Езусам паміж галоднымі выходзіць па-за той час, робіцца цудам нашага існавання: мы таму і жывем, што нехта з намі дзеліцца, і мы з некім дзелімся апошняй крышынкай хлеба. А ў Эўхарыстыі мы ачышчаем цела сваёй душы ў малітве, атрымаўшы лісцінку белага хлеба, якое святар ператварае цудоўным чынам у Цела Хрыста. І твая асоба раствараецца ў гэтым разналікім натоўпе, нават калі гэты натоўп не такі ўжо і дасканалы, нават калі ён з часам не лепшае, а пагаршаецца, ты сярод яго мусіш быць, бо ты разам з усім чалавецтвам спажываеш гэты Хлеб…
«Але збаў нас ад злога…» Мы палохаемся сваіх сноў. Мая пляменніца Галіна кажа: «Калі прысню нешта дрэннае, тут жа кажу малітву «Ойча наш…» Там ёсць словы: «Избави нас от лукавого!». Мая пляменніца — праваслаўная...
Данута Бічэль