Калі я распачынаю малітву словам «Тата»…

У праслуханых мною нядаўна катэхезах айца Адама Шустака ОР, прысвечаных малітве «Ойча наш...», прапаноўвалася простае, але вельмі эфектыўнае духоўнае практыкаванне: паколькі на мове арыгінала слова «Абба», якім распачынаецца малітва, дакладна перакладаецца як пяшчотная форма звароту «Тата» (менавіта такую найверагодней выкарыстоўвала маленькае дзіця ў адносінах да свайго бацькі), айцец Адам заклікаў сваіх слухачоў паспрабаваць прынамсі некалькі разоў менавіта з гэтай формы пачынаць і прыватную малітву «Ойча наш...», і любую іншую асабістую малітву.


Гэтае практыкаванне дапамагло мне зрабіць для сябе некалькі маленькіх адкрыццяў, якія ўжо доўгі час хвалююча віруюць у маёй душы і якімі я хацела б падзяліцца з чытачамі часопіса «Ave Maria». Дакладней, яно абудзіла ўва мне некаторыя яркія ўспаміны, што, нібы ліхтарыкі, свецяць у хвіліны сумненняў і трывогі.

Калі я распачынаю свой зварот да Бога простым і прыгожым словам «Тата», у маім уяўленні непазбежна паўстае таксама вобраз майго зямнога бацькі, і светлыя пачуцці да яго, выплываючы моцнаю хваляю з глыбіні душы, неяк непадзельна змешваюцца з усім тым «букетам» адчуванняў і эмоцый (не заўсёды па-сапраўднаму даччыных), якія жывуць ува мне ў адносінах да Бога. Нездарма ж псіхолагі сцвярджаюць, што вобраз Бога ў душы чалавека часта фарміруецца непасрэдна праз вобраз зямнога бацькі і моцна залежыць ад яго. Мне ў гэтым сэнсе, напэўна, пашчасціла. Не хачу нікога і нічога ідэалізаваць, таму што для бацькоў гэта натуральна — любіць сваіх дзяцей з усёю моцаю, але пэўныя моманты, звязаныя з маімі адносінамі да таты, сапраўды дапамагаюць мне не зламацца ў самыя цяжкія хвіліны.

Адзін з успамінаў снуецца ў памяці яшчэ з далёкага дзяцінства. У адносінах паміж дзецьмі часта бывае так, што калі ў аднаго з’явіцца нейкая рэч, то і другому яна ўжо абавязкова патрэбная. Мне выразна запомнілася, як дзвюм маім суседскім сяброўкам бацькі адначасова купілі дзіцячыя вазочкі для лялек. У мяне выклікала захапленне тое, што гэтыя цацкі былі вельмі падобныя да сапраўдных «дарослых» вазкоў, толькі меншыя па памерах. Як жа мне хацелася таксама мець падобную забаўку! У даступных нам крамах такіх больш не было, а паколькі я назойліва не адставала ад бацькоў са сваёю просьбаю, тата ўзяўся майстраваць мне цацку сваімі рукамі. Да гэтай пары памятаю, як ён валтузіўся з трубкамі і колцамі, зварваючы каркас… У той час да мяне прыйшо натхняльнае ўсведамленне таго, што мой тата можа ўсё!.. Аднак вазка таго ён не дарабіў, бо аднойчы ўбачыў у краме тое, што шукаў, і, не раздумваючы, набыў. Памятаю сваё здзіўленне і бясконцую радасць, калі ён прыехаў дадому з вялізным пакункам-сюрпрызам! На той час гэтая цацка каштавала вельмі вялікія грошы, якіх у 90-я заўсёды не хапала. Але тата для мяне не пашкадаваў… Разумею, што любоў вымяраецца не патрачанаю сумаю, а цеплынёю і ўвагаю. І разумею таксама, што часткова гэта быў дзіцячы капрыз.

Хтосьці скажа, што так бацькі распешчваюць дзяцей. Але калі ў асаблівай патрэбе я распачынаю малітву да Нябеснага Айца ласкавым словам «Тата», у мяне ў душы адразу бурацца сцены недаверу («Ці не палічыць Бог маю просьбу капрызам? Трэба ж у першую чаргу клапаціцца пра Валадарства Божае, а астатняе дадасца… Ці не будзе гэта выключна маёю воляю? Бо трэба ж маліцца аб Яго волі»), сумненняў («Ці дастаткова важная мая просьба ў духоўным кантэксце? Гэта ж не хлеб штодзённы»), дэструктыўнага страху і роспачы («А раптам Бог не прабачыў мяне за мае грахі і не дасць таго, аб чым прашу?..»). Тады вачам маёй душы адкрываецца Бог, які пры першай нагодзе, не раздумваючы, адорыць мяне сваёю ласкаю, які там, у нябёсах, памятае пра маю вялікую ці маленькую патрэбу і не пашкадуе сродкаў сваёй Боскай інтэрвенцыі, каб парадаваць сваё дзіця нечаканым спаўненнем самай даўночаканай надзеі — хай сабе не ў тым «выглядзе» і не ў тым месцы, якія мне ўяўляліся. А калі не знойдзе такіх сродкаў на зямлі, то там, у небе, сам «змайструе» для мяне свой звышнатуральны дар… Паверце, такая дзёрзкая ўпэўненасць у Божай любові і шчодрасці і такая малітва ўжо не раз мяне ратавалі!

Другі ўспамін квітнее ў душы з перыяду ранняй маладосці. У той час, калі пачало рушыцца маё ілюзорнае сяброўства з пэўнаю асобаю, я папрасіла тату знайсці праўдзівыя звесткі пра гэтага чалавека праз даступныя яму прыяцельскія сувязі, але не патлумачыла бацьку ні прычыны свайго звароту, ні падрабязнасцяў тых адносінаў. Праз нейкія паўгадзіны тата распавёў мне па тэлефоне ўсё, што я хацела даведацца, а ў канцы размовы з трывогаю ў голасе дадаў: «Дачушка, у цябе штосьці кепскае здарылася?! Табе патрэбная мая дапамога? Павер, я так хачу, каб ты была шчасліваю, што жыццё за цябе аддаў бы!» Я плакала… Не з-за таго, аб чым даведалася, а ад татавай шчырасці… І калі цяпер я станаўлюся перад Богам на малітву і пачынаю яе словам «Тата», я ўспамінаю, што Ён сапраўды сваё жыццё за мяне ўжо аддаў. Такія часта паўтаральныя, звыклыя ў Касцёле словы раптам набываюць новае святло. Усё дзякуючы таму, што я пачула іх у канкрэтнай сітуацыі, ад канкрэтнага любімага чалавека, з канкрэтнымі эмоцыямі. Дзякую свайму тату за тое, што ён ніколі не сквапіцца на пачуцці!

Нябесны Тата! Хіба можа быць штосьці свяцейшае за гэтае Імя, калі яно так акрыляе душу, каб яна ўзнялася вышэй да неба? Калі яно здымае кайданы страху, болю і слёз… Хіба можа быць нейкае ілюзорнае сяброўства важнейшым за гасціну ў Тваім Валадарстве, дзе Ты так хацеў бы бачыць мяне шчасліваю, дзе клапоцішся аб хлебе маім штодзённым? Хіба згода на Тваю волю можа абуджаць няпэўнасць і трывогу? Хіба Ты затоіш крыўду на мяне і не прабачыш? І хіба я пажадаю трымаць за пазухаю камень крыўды на кагосьці, калі заўжды магу разлічваць на Тваю абарону, у тым ліку коштам Твайго жыцця? Нават калі я сама не раз ішла насуперак Табе. Тата…


Ганна Шаўчэнка

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней