Сэрца, якому можна паскардзіцца. З дзённіка несвятой…

Седзячы сёння на лаўцы пад ліхтаром, думаю пра паслухмянасць Яго Сэрца і майго сэрцайка. Колькі раз я сядзела перад Ім, глядзела на Яго, абураючыся, плачучы, скардзячыся…


15.05.2019.

Вечар, ужо амаль сцямнела, я сяджу ў парку пад ліхтаром і, закінуўшы галаву, уважліва разглядаю галінкі каштана, на якім паволі разгараюцца і пачынаюць пахнуць свечкі-кветкі. Радасць, якая недзе там, глыбока ўнутры, таксама запалілася ўва мне, нагадала тую, самую першую, несвядомую, наіўную радасць, з якой я ішла першы год майго хрысціянскага шляху. Біблія ўсюды падарожнічала са мною, а вось гэтыя «бабуліны» малітоўнікі і ружанцы наганялі сум. Неафіты, вядома ж, гарачыя, дзе не трэба радыкальныя і нават катэгарычныя. Але трэба ім (нам) дазволіць прайсці і гэты этап.

Дык вось, аднойчы святар у якасці пакуты на споведзі загадаў мне выбраць адвольны заклік з Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і на адарацыі паразважаць над ім. Малітоўніка ў мяне не было… Прыйшла я на адарацыю… у галаве пачалі ўсплываць нейкія ўрыўкі з набажэнстваў у роднай парафіі… «паслухмянае ажно да смерці...»

Седзячы сёння на лаўцы пад ліхтаром, думаю пра паслухмянасць Яго Сэрца і майго сэрцайка. Колькі раз я сядзела перад Ім, глядзела на Яго, абураючыся, плачучы, скардзячыся…

12.04.2019.

У нас на працы з’явілася новая калега. Усе так доўга яе чакалі, а мне яна ўпоперак горла стала. Не магу справіцца з уласнымі эмоцыямі: яна кажа нейкія глупствы, і кубак не там пакінула, дзе ўсе звычайна пакідаюць, і вітаецца яна, быццам недалюблівае мяне, і ўвесь час нейкія песенькі пад нос мурлыча. Я, расчараваная сама ў сабе, што мяне так лёгка аказалася выбіць з каляіны драбязою, іду на адарацыю. Як там селянін з Арс казаў? «Я гляджу на Яго, а Ён глядзіць на мяне». Прыкладна так і мы глядзім адно на аднаго, толькі я, пры гэтым яшчэ не змаўкаючы, расказваю Яму пра свае цяжкасці, пытаючыся: «Пане, як Ты глядзіш на мяне?». Далей сяджу… У сэрца, дзе бушавала бура, прыходзяць супакой і словы: «Ты не начальніца. Ты з ёю нароўні». І сапраўды, я заўважыла, што ў сваіх паводзінах намагалася заняць нейкае больш высокае, «адказнае» становішча. Ад гэтых словаў я не адчула сябе прыніжанаю ці абвінавачанаю — наадварот, заняўшы сваё простае, «шэрае» месца, спазнала радасць ад праўды.

21.04.2019.

Сёння я, седзячы на адарацыі, краем вока ўбачыла, што прыйшла тая мая калега. Варожасць дзесьці яшчэ заставалася ў маім сэрцы, але я глядзела на Сэрца Таго, Хто мог яе забраць: «Пане, мы цяпер разам глядзім на Цябе. Ты — Той, хто можа нас з’яднаць».

22.04.2019.

Сёння нам з калегаю даручылі рабіць сумесны праект, і я — яе падначаленая. Спагада і добразычлівасць з яе боку далі мне зразумець, што Бог, прабачце, ёсць…

Я — чалавек, маленькі, абмежаваны. Я шмат чаго не бачу, але вочы Езуса бачаць усё. Я магу не так шмат, але я — дачка Усёмагутнага. У прастаце хлеба ўкрытая паслухмянасць Хрыстовага Сэрца, якому цікава ўсё, што адбываецца ў маім жыцці, якому я магу паскардзіцца і якому хачу быць таксама паслухмянаю.

Седзячы на лаўцы пад свечкамі каштанавых кветак, думаю, што шмат усяго мне не падабаецца ў гэтым горадзе, але я дзякую Богу за тое, што тут ёсць месцы, дзе я магу глядзець на Яго, а Ён можа глядзець на мяне не толькі ў першую пятніцу месяца, але значна часцей.


Несвятая

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней