«Божае Сэрца разумее нашае». Сведчанні пра заклікі Літаніі да Сэрца Езуса

Молячыся літаніяй, здараецца, што нашае сэрца асабліва моцна адгукаецца на пэўныя заклікі. Я папрасіла сваіх знаёмых, маладых католікаў, падзяліцца думкамі пра заклікі Літаніі да Сэрца Езуса.


Яўген Адамовіч, інжынер

«Сэрца Езуса, палымнеючае вогнішча міласці…»

— Вельмі просты сімвал — вогнішча. Ён мне зразумелы, таму гэтае ўскліканне і знаходзіць моцны водгук у маім сэрцы: з-за прастаты і зразумеласці. Грэе, асвятляе, дае пачуццё бяспекі, упэўненасці, магчымасць прыгатаваць ежу, магчымасць бачыць у цемры. Дровы, што Нехта цярпліва і пакорна падкідвае ў гэтае вогнішча, поўнасцю згараюць, да попелу. Моцная рука бесперапынна, вельмі цярпліва падтрымлівае агонь, згарае паленца за паленцам… для мяне.

Чаму Ён гэта робіць, чаму гэтае полымя міласці гарыць? Чым я заслужыў святло і цяпло гэтага вогнішча?.. Непатрэбныя пытанні. Гэта ўсё роўна як дапытвацца ў ратавальніка, чаму ён прыплыў на сігнал SOS альбо патрабаваць серыі і нумары пашпартоў ад медыкаў падчас уласнай аперацыі. Усё, што я магу, — гэта не перашкаджаць, дазволіць гэтаму полымю гарэць ува мне, прасіць аб гэтым.. Прасіць змілавацца.

 

Марыся Завадская, праграміст

«Сэрца Езуса, крыніца ўсялякага суцяшэння…»

— У маім жыцці часам настае перыяд хваляванняў. Гэта можа быць звязана з нечым новым або калі трэба пакорна прыняць няпростыя абставіны. У такі час я звяртаюся да Крыніцы суцяшэння. Уяўляю сабе, што Езус кажа: «Усё будзе добра, Я цябе паставіў на гэтае месца, усё пад кантролем». Гэта рэальна дапамагае крочыць далей і дадае ўпэўненасці, што я змагу даць рады ўсяму, што адбываецца цяпер і што чакае мяне ў будучыні.

 

Павел Якуць, менеджар

— Хачу падзяліцца, як малітва менавіта Літаніяй да Сэрца Езуса дапамагла мне ў жыццёвым выбары. Мне было гадоў 20. Як і многія маладыя католікі, я думаў пра тое, каб пайсці ў кляштар. Я моцна пасябраваў з адным манахам з ордэну аблатаў, нават пераехаў на некалькі тыдняў да іх у кляштар. Мы сталі шмат маліцца разам, размаўляць пра Бога. Напэўна, у той момант я і адкрыў для сябе Езуса як асобу, як простага чалавека. Я быў на раздарожжы: ісці мне ў кляштар ці пакідаць у сваім жыццё ўсё як ёсць. Гэты манах ведаў пра мае сумненні і адкрыў для мяне, што Сэрца Езуса напоўнена любоўю, яно ўсё ведае і хоча толькі аднаго — каб я быў шчаслівым. Айцец падказаў мне маліцца Літаніяй да Сэрца Езуса. Я перапісаў гэтую малітву ў свой блакнот і стаў маліцца ёю кожны дзень. Прайшло пару месяцаў, і Езус адкрыў мне таямніцу майго сэрца праз сваё. Я не стаў манахам, але стаў мужам і бацькам, маё сэрца цяпер спакойнае. Хвала Божаму Сэрцу, праз якое прыйшло для нас збаўленне. Яму хвала і пашана навекі. Амэн.

 

Максім Кавалёў, юрыст

«Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба…»

— Доме Божы... Што ёсць домам Божым? Відавочна — Божае Валадарства. А дзе яно? Унутры нас (гл. Лк 17, 21). Вельмі часта падчас малітвы думкі дзесьці да лёка, яны ляцяць у паветра, у жыццёвыя планы, у прагляд дня. Я імкнуся шукаць Бога ў бліжніх, у старонках Пісання, у малітве. І ўсё гэта быццам бы няблага, але Езус ужо адкупіў нас і ўклаў новае сэрца. І не трэба шукаць Пана дзесьці далёка, а трэба проста зазірнуць у самога сябе. Як выглядае дом Божы ў маёй душы? Ці магу я да яго дакрануцца? Як увогуле імкненне ўсяго майго жыцця — Езус — можа знаходзіцца далёка і адначасова заўсёды са мною? Дзякую табе, Пане, за глыбіню тваёй спасцігальнай неспасцігальнасці…

 

Марыя Старановіч, псіхолаг

«Сэрца Езуса, любові скарбніца…»

— Гэты заклік нагадвае мне словы з Кнігі Прыпавесцяў: «Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё; бо ў ім — крыніца жыцця» (гл. Прып 4, 23).

У цяжкія моманты свайго жыцця я думкамі вяртаюся да таго моманту, калі паверыла, што гэта «месца», дзе я магу адпачываць. І гэта — Сэрца Езуса, якое бязмежна любіць мяне. Калі адчуваю сваё бяссілле, смела іду па дапамогу да Божага Сэрца. Там усе мае добрыя ўчынкі бяруць пачатак . На маю думку, у гэтым неймавернае багацце Касцёла: кожны можа прыйсці па Божую ласку да гэтай Скарбніцы, а таксама падзяліцца з іншымі праз ахвяру свайго сэрца, нават самую маленькую. Я называю гэта «кругаварот дабра ў Касцёле» — незаўважны часам, але такі дзейсны!

У маёй штодзённай малітве ёсць месца маленечкай просьбе: заўсёды мець закаханае сэрца. Закаханыя прагнуць дзяліцца цеплынёй і пяшчотай свайго сэрца. Сэрца, якое любіць, умее прабачаць, мае сілы змагацца з цяжкасцямі, быць пакорным. Толькі беручы са Скарбніцы, маючы сэрца, поўнае любові да Бога, да сябе, я сама магу несці любоў у свет, якому так яе не хапае…


Падрыхтавала Вольга Качалка

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней