Лагішынскі Дом міласэрнасці — дом Божага Провіду

19 лістапада споўнілася 8 гадоў з дня асвячэння Дома міласэрнасці ў Лагішыне. Яшчэ не юбілейная дата, але па значнасці, неабходнасці і важнасці гэтага Дома тут кожны год можна адзначаць як юбілейны. Старому і хвораму чалавеку пражыць год бывае так, як некаму дзесяць. Лагішынскі дом міласэрнасці існуе менавіта для старых і хворых лю­дзей, якія не маюць апекі з боку родных. Пабудавала і апякуецца гэтым Домам Кангрэгацыя Божага Провіду (ксяндзы арыяністы). Будынак уражвае сваёю прыгажосцю і ўтульнасцю, таму многія пастаяльцы, і не толькі яны, называюць яго «Райскім кутком».


Афіцыйна Дом носіць назву Божага Провіду, а ў галоўным холе змешчана аднайменная цудоўная фігура Багародзіцы. Тут жа побач знаходзіцца капліца імя Езуса Збавіцеля, у якой кожную суботу ксёндз Тадэвуш Шэшка цэлебруе святую Імшу. Ён з’яўляецца пробашчам санктуарыя Маці Божай Лагішынскай (парафія святых Пятра і Паўла), а таксама апекуном і каардынатарам Дома міласэрнасці. Вось што кс. Тадэвуш сказаў пры сустрэчы: «Мы ўсе, хто працуе ў гэтым Доме, добра памятаем словы святога Яна Паўла II: “Хворы чалавек знаходзіцца ў цэнтры Касцёла, бо лучыць сваё цярпенне з цярпеннем Хрыста”. Кожны з нашых пастаяльцаў пражыў складанае жыццё. Кожны мае свае звычкі, свой характар, які хваробы мяняюць не ў лепшы бок. Мы іх разумеем, спачуваем і дапамагаем. Добра памятаем і словы заснавальніка нашага ордэну святога Луіджы Арыёне, які казаў, што разам з хлебам штодзённым трэба даваць гэтым людзям і бальзам веры. Цешымся, што многія з нашых падапечных тут пачалі атрымліваць святыя сакрамэнты і практыкаваць веру».

Дом міласэрнасці разлічаны на 40 чалавек. Сярод гэтых людзей нямала ляжачых, астатнія таксама маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Сёння ў нас ёсць магчымасць паглядзець на жыццё гэтага ўнікальнага прытулку праз лёсы некаторых яго жыхароў.

Ганна Сцяпанаўна Прыгодзіч

Гэта пажылая жанчына ў інваліднай калясцы падалася мне самай радаснай і вясёлай з усіх, каго я сустрэла ў той дзень. Мы разгаварыліся. Яна расказала, што знаходзіцца ў Доме міласэрнасці з 5 лютага 2015 года. Родам яна з вёскі Лышчы, гэта 10 кіламетраў ад Лагішына. Падчас вайны малым дзіцяткам яна захварэла на тыф. Выжыла, але ў яе адняліся ногі. Нягледзячы на гэта, яна навучылася хадзіць — брала рукамі свае ступні і, скурчыўшыся, ішла, дакладней, паўзла. І так усё жыццё! Пакуль школа была блізка (пачатковыя класы), маці насіла яе на руках, а потым... усё. Так і засталася, як сама гаворыць, малаадукаванай. У сям’і было чацвёра дзяцей, бацька загінуў на фронце. Жылі бедна. Жадаючы дапамагчы сям’і, Аня пачала вучыцца шыць. Хутка ўжо абшывала не толькі вяскоўцаў, але і з суседніх ваколіцаў да яе прыяз­джалі. Потым пачала вышываць і ткаць дыванкі. Сёння яе пакой ў Доме міласэрнасці самы адметны, усюды — мастацкія вырабы. Менавіта так хочацца назваць тое, што бачыш, — фіранкі, сурвэткі, скацёркі, ручнікі, навалачкі, дыванкі на падлозе і на сцяне. Ганна Сцяпанаўна з гонарам прызналася, што некаторыя рэчы ў яе нядаўна купілі замежныя госці, якія наведвалі Дом міласэрнасці. Яны былі ў захапленні ад яе таленту.

Жыла Ганна Сцяпанаўна са сваёю маці, пакуль у 1975 годзе тая не адышла ў вечнасць. Потым 40 гадоў была ў сям’і брата. «Я ім надаела, бо яны таксама ўжо старыя людзі, — гаворыць жанчына. Пакуль магла, я цалкам сябе абслугоўвала, але раптам стала вельмі цяжка...». Ганна Сцяпанаўна з дзіцячым даверам прызналася, што ў Дом міласэрнасці яе прывяла Маці Божая. Над яе ложкам заўсёды вісела старажытная ікона Багародзіцы, якая засталася ад мамы і бабулі. Кладучыся спаць і ўстаючы раніцою, яна прасіла: «Матачка Божая, дапамажы мне, бо вельмі цяжка стала жыць...». І аднойчы ў сельсавеце Ганне Сцяпанаўне прапанавалі звярнуцца ў Лагішынскі дом міласэрнасці і далі нумар тэлефона яго дырэктара — Аляксандра Міхайлавіча Фядковіча. Хутка дырэктар прыехаў пазнаёміцца і амаль адразу ж яе забраў. Пра Аляксандра Міхайлавіча, дарэчы, усе пастаяльцы гавораць з захапленнем. Ганна Сцяпанаўна не выключэнне, вось яе словы: «У нашым разуменні дырэктар павінен сядзець у кабінеце і камандаваць, а гэты ўвесь час у працы — то ён траву косіць, то нешта майструе, а то недзе ляціць, каб капейку нейкую для нас здабыць. Такіх дырэктараў трэба яшчэ пашукаць».

Я глядзела на Ганну Сцяпанаўну і захаплялася яе добразычлівасцю, жыццярадаснасцю, аптымізмам. Сказала ёй пра гэта. І нечакана пачула ў адказ: «Я таксама бываю ўрэдная. Люблю часам сказаць праўду, а яе мала хто хоча чуць». З далейшай нашай размовы я сёе-тое зразумела пра гэтую «праўду». «Ёсць людзі, — гаворыць яна, якія ўвесь час скардзяцца на сваё здароўе. Я ім кажу: што гэта за дзіва, калі старому чалавеку нешта баліць. А мне тады што казаць? Вы жыццё пражылі як трэба, маеце дзяцей, унукаў, а я з маленства — калека». Успамінае яна і такі выпадак: «Сядзім мы каля тэлевізара і нешта абмяркоўваем. Адна жанчына, святой памяці, мне сказала: “Я хоць інвалід, але была замужам, маю дзяцей і ўнукаў, а ты...” Я адказала: “Чаму, маючы дзяцей і ўнукаў, ты тут разам са мною сядзіш?”».

У канцы нашай сустрэчы я спыталася: «Вы крыўдуеце на свой лёс?» Яна з усмешкай і вельмі шчыра адказала: «Не. Значыць так трэба было. Мой лёс не самы горшы. Я выжыла, калі многія паміралі, і я дзякую за гэта Пану Богу».

Эліза Мікалаеўна Вотчыц

Сімпатычная малажавая жанчына ў інваліднай калясцы вельмі рада была нашай сустрэчы. Расказала, што ўсё жыццё працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Заканчвала школу, у якой вучылася вядомая беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. Пашчасціла Элізе Мікалаеўне ў студэнцкія гады бачыць Уладзі­міра Караткевіча, размаўляць з Янкам Брылём. На ўсё жыццё запомніла навуку вядомых пісьменнікаў Уладзіміра Калесніка і Алеся Адамовіча, якія аднойчы сказалі: «Самы лепшы на зямлі чалавек — гэта той, з якім вы цяпер размаўляеце».

 З вялікай пяшчотаю і любоўю ўспамінала Эліза Мікалаеўна і пра сваю бабулю, якая калісьці пераехала у Беларусь з-пад Кракава. Жыла потым іх сям’я на адным з хутароў Іванаўскага раёна. Бабуля была вельмі добрым і пабожным чалавекам, і калі яна ў 1996 годзе памерла, ксёндз з Пінска на пахаванні сказаў, што здзіўлены тым, што тут жылі такія глыбока веруючыя католікі. Сама ж Эліза Мікалаеўна ў дарослым жыцці не практыкавала веру і толькі тут, у Доме міласэрнасці, яна пачала пастаянна наведваць капліцу і, як сама прызналася, нібы трапіла ў дзяцінства. Памяць захавала дзіцячае ўражанне ад малітвы ў касцёле, калі бывала там з бабуляю.

Эліза Мікалаеўна была замужам, нарадзіла дваіх дзяцей. З вялікім болем прызналася, што дачка яе хварэе на шызафрэнію і знаходзіцца ў спецыялізаваным інтэрнаце. Сын яшчэ не жанаты і шукае свайго шчасця ў Польшчы. Жанчына вельмі ўдзячная, што Пан Бог не пакінуў яе, калі артрыт і іншыя хваробы прымусілі сесці ў інваліднае крэсла. «Мне вельмі добра тут, — сказала яна шчыра. Людзі ў гэтым Доме сабраліся розныя, кожны з нялёгкім жыццёвым багажом, са сваімі балячкамі, але супрацоўнікі з любоўю, без раздражнёнасці дапамагаюць нам. Усе яны вельмі душэўныя людзі, умеюць знайсці падыход да кожнага, за што ім вялікі дзякуй».

Тэрэза Іосіфаўна Морава

Вялікім шчасцем гэта 80-гадовая жанчына лічыць сваё знаходжанне ў Доме міласэрнасці. Прызналася, што няма дня, каб яна не дзякавала за гэта Пану Богу. «Значыць Пан Бог прабачыў мне грахі, калі прытуліў да сябе і даў магчымасць жыць у гэтым райскім кутку», — вельмі кранальна сказала яна. Большая частка жыцця гэтай жанчыны прайшла ў Казахстане, куды яе мужа адправілі «падымаць цаліну». Нарадзіла траіх дзяцей, але пазней малодшы сын загінуў. Сямейнае жыццё не ўдалося. На пачатку 90-х гадоў яе дачка і сын з’ехалі да сваякоў у Беларусь, тут абзавяліся сем’ямі. Неўзабаве Тэрэза Іосіфаўна таксама была вымушана вярнуцца з Казахстана на Радзіму, пакінуўшы там усю маёмасць. Жыла ў Магілёве ў доме сваёй свацці. Здароўе пагаршалася з кожным днём, і аднойчы яна не змагла разагнуцца, да таго ж на анкалогію захварэла яе дачка, якая месяцамі ляжала ў бальніцы. Тут бы дачцы дапамагчы, а не тое каб ад яе патрабаваць дапамогі. Да сына таксама не было як ехаць, бо сам перажываў нялёгкі перыяд у жыцці. І тут на дапамогу прыйшлі легіянеры Марыі з Магілёва, якія не адзін год апекаваліся Тэрэзай Іосіфаўнай. Яны звярнуліся ў лагішынскі Дом міласэрнасці па дапамогу для гэтай гаротнай жанчыны і атрымалі яе.

Тэрэза Іосіфаўна — глыбокаверуючы чалавек. Вельмі пакутавала, калі не магла ўжо хадзіць у касцёл. А тут, у Доме міласэрнасці, жыве ў пакоі, які знаходзіцца побач з капліцаю, дзе кожную суботу цэлебруецца святая Імша. «Большага шчасця і не трэба!», — усклікае жанчына. Трэба адзначыць, што Тэрэза Іосіфаўна мае ад Бога дар малітвы. Амаль цэлы дзень яна моліцца, бо за ўсё і за ўсіх ёй баліць душа. Асаблівая малітва падзякі ў яе за дабрадзеяў. Падумалася, як важна і Дому міласэрнасці мець такіх пастаяльцаў, якія сваёй трывалай, шчырай малітвай яго падтрымоўваюць і ўзбагачаюць.

Людміла Ігараўна Галічэнка

Людміла Ігараўна Галічэнка ўжо трэці год у Доме міласэрнасці. Мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, таму перасоўваецца пры дапамозе спецыяльных хадункоў. Родам яна з Баранавічаў, а трапіла ў Лагішын дзякуючы законнай сястры Валерыі, што працавала ў парафіі, да якой належала і Людміла Ігараўна. Спрабуючы апавесці мне пра сваё жыццё, жанчына раптам разрыдалася. Скрозь слёзы расказала, што яна адзінокая і па-добраму зайздросціць лю­дзям, якія маюць дзяцей і ўнукаў. Я доўга не магла яе супакоіць, а потым, абняўшы, сказала ёй: «А ведаеце, колькі жанчын вось так жа рыдаюць за тое, што забілі сваіх ненароджаных дзяцей і вымушаны жыць з гэтым болем пастаянна? Многія з іх гаво­раць, што лепш бы ніколі замуж не выходзілі, лепш бы засталіся бяздзетнымі...». Раптам жанчына сцішылася і, уздыхнуўшы, прамовіла: «Можа, і праўда». Потым яна доўга расказвала, як тут прыгожа і як ёй падабаецца. Хваліла працаўніцаў гэтага Дома, якіх пяшчотна называла дзяўчаткамі. А на развітанне падзялілася сваёю любімаю малітваю:«Господи, помилуй! Господи, прости! Дай же нам всем силы крест свой донести!»

Матэрыяльна ўтрымоўваць сёння Дом міласэрнасці вельмі няпроста. Пастаяльцы пералічваюць 80% сваёй пенсіі ў бюджэт Дома, аднак у большасці з іх пенсіі малыя і далёка не пакрываюць выдаткі на пражыванне. Вось ездзяць кс. Тадэвуш і дырэктар Аляксандр Міхайлавіч па парафіях з просьбаю аб дапамозе. Магчыма, і сярод нашых чытачоў знойдуцца ахвярныя людзі, таму даём разліковы рахунак Дома міласэрнасці.


Галіна Калевіч

У № 12 часопіса «Ave Maria» за 2019 г. у артыкуле «Дом Божага Провіду» ўказаны старыя банкаўскія рэквізіты. Для зацікаўленых асобаў падаём інфармацыю пра Дом міласэрнасці з новым нумарам рахунку і новым кодам банку: 

Лагішынскі Дом міласэрнасці,
вул. Тамілава, 15, г.п. Лагішын, Брэсцкая вобл., 225740.
Тэл./факс: 8(0165) 31 42 21; 31 47 29.
Р/р BY84PJCB30155217951000000933
Прыёрбанк ААТ ЦБУ 506
г. Пінск, вул. Леніна, 7, код PJCBBY2X
УНП 291022735.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней