Дарога пілігрымкі… Дарога праз пыл, спякоту, камяні ў красоўках і нацёртыя мазалі. Дарога пераадолення сябе, дарога знаёмстваў і размоваў. У кожнага яна свая — пілігрымка. Найбольш яскравая і запамінальная — першая, хоць бывае па-рознаму.
У гэтай дарозе мне пашчасціла пабываць некалькі разоў. Кожны з іх асаблівы па-свойму, але аб’ядноўвала іх адно — жаданне вырвацца са штодзённай мітусні і выпрасіць у Бога праз Марыю неабходныя ласкі.
Тады, у 2008 годзе, я ішла да Маці Божай упершыню, ішла дарогамі Палесся ў Санктуарый Маці Божай Лагішынскай. Першы крок пілігрымкі ступіла са сценаў сваёй роднай парафіі ў Мядзведзічах. Гэта не была свядомая пілігрымка. Хутчэй, проста цікаўнасць, як там усё адбываецца.
Мне было 17. Чаму толькі тады? Не ведаю, магчыма, менавіта ў той час Бог асаблівым чынам пачынаў мяне накіроўваць у жыцці. А магчыма, толькі тады з’явілася ўласнае, маё, а не навязанае традыцыйным «трэба» жаданне ісці гэтай дарогай веры. Хоць, безумоўна, веру мне, як і многім прадстаўнікам пакалення 90-х, прывівала бабуля, і я вельмі ўдзячная ёй за гэта — вечны супакой яе душы...
Дарога, малітва, спевы і новыя людзі, з якімі потым, праз некалькі гадоў, Бог мяне цудоўным чынам звёў зноў… Усё гэта дала тая першая пілігрымка. Потым некалькі гадоў быў час перапынку, за які вельмі шмат падзей Бог дапусціў у маім жыцці, але яны далі штуршок для сапраўднага пошуку Яго, усвядомленага, да пошуку, які працягваецца і цяпер, і будзе працягвацца ўсё жыццё...
Заўсёды, калі іду ў пілігрымку, напачатку здаецца, што няма істотнага эфекту. Гэта проста дарога, па якой ідуць многія. Хтосьці — з малітвай, хтосьці — з цікаўнасці, хтосьці — каб быць побач з сябрамі… І толькі калі вяртаешся дамоў, разумееш, што ты ўжо іншы, напоўнены супакоем, радасцю і незразумелым, здавалася б, беспадстаўным адчуваннем гармоніі. Гэтая дарога ўжо змяніла цябе, на некаторы час або і на ўсё жыццё…
Пілігрымка не збірае святых. Тут ідуць розныя людзі з рознымі жыццёвымі лёсамі, але яна можа паспрыяць далейшаму іх фармаванню. І штосьці цягне іх зноў і зноў адкрываць для сябе гэты шлях.
Памятаю, калі першы раз ішла ў Будслаў з Мінска, акурат над касцёлам у вёсцы Альковічы з’явілася вясёлка. Для мяне гэта быў знак асаблівай радасці і разумення, што Бог паказвае сваё благаслаўленне нам у вось такіх бачных знаках прыроды. У адзін з дзён шляху была страшэнная спякота і, калі мы дайшлі да адной з бліжэйшых вёсак, рэзка пайшоў такі моцны лівень, што прамоклі нават тыя, у каго былі дажджавікі. Потым ад мясцовых жыхароў мы даведаліся, што тут не было дажджу некалькі месяцаў, і мы прынеслі яго з сабой. І гэта толькі адна з цудоўных гісторый, якія даволі часта адбываюцца ў пілігрымках. Бог благаслаўляе і адорвае ўсім неабходным таго, хто нястомна Яго аб гэтым просіць.
Ісці ў пілігрымку ці не? Тут кожны выбірае сам. Адзінае — патрэбна заўсёды пытаць у сябе: навошта я туды іду? Убачыцца з сябрамі, адпачыць, памаліцца, развеяцца, за кампанію… Важна ва ўсіх гэтых матывацыях знайсці галоўную — тую, якая будзе сапраўды адкрываць тваё сэрца на Бога, і ўжо на аснове яе і вакол яе будаваць свой шлях пілігрымкі.
Дарога пілігрымкі — гэта дарога, якая можа дапамагчы адкрыць шлях да Бога, не спыніцца і ісці далей па гэтым шляху, умацоўвацца і натхняцца духоўна. Гэта дарога, якую кожны выбірае сам, але якой сапраўды варта хоць раз прайсці кожнаму.
Марына Валасар
Фота Веранікі Скрабатун