Разлівы святла. Нататкі рэстаўратара пра будслаўскую святыню

...Сёння людзі мала ходзяць пешкі, і можа таму, адчуць сябе ў хадзе (не па вадзе, усяго толькі па роднай зямлі) — таксама цуд. 

Расплюшчваюцца
вочы. Аглушае цішыня. Музыкай гучаць натуральныя, зямныя і нябесныя, шумы. Распрамляюцца плечы. Уздых становіцца поў­ным. Выдыхлёгкім. Нават непагода і дарожныя нязручнасці здаюцца Божаю ласкаю. Як і спадарожнікі — «браты і сёстры». І ўзнікае адчуванне еднасці з тымі, хто сказаў сабе, што яны «вандроўнікі і чужынцы на зямлі. Бо тыя, хто так кажа, паказваюць, што яны шукаюць айчыну».


Наведванне сваіх айчынных святыняў называюць малым па­ломніцтвам. Няхай сабе і малым. Сёння ўжо не трэба, як некалі айцам пілігрымам, пакідаць Ста­ры Свет дзеля Новага і сыхо­дзіць у іншыя краі, каб маліцца не таючыся. У пілігрымцы дастаткова часу (таго, што па сутнасці ёсць «думкаю пра рэ­чы»), таму і ўзнікаюць па дарозе дум­кі, якім няма месца ў звыклай прасторы будзённасці. І раптам разумееш, што настаў час для беларусаў самавызначацца, асэн­­соўваць сваё мінулае, усведамляць сённяшняе і вызначаць будучыню ў рэчышчы хрысціянскага ўяўлення пра цякучасць часу. Тым больш, што па дарозе ў Будслаў ідуць хрысціяне.


...Шлях у Будслаў — гэта шлях з ідэалагічных ілюзій і няпэўнасці сімулякраў насустрач свят­лу вечнага жыцця і духоўнасці, сімвалам якіх з’яўляецца гранат у руцэ Дзіцяці Езуса на цудатворным будслаўскім абразе. Гранат — адзін з сімвалаў Царквы, а зерне гэтага граната — усе мы, хрысціяне, пілігрымы, якія рушаць па дарозе да айчыннай святыні. Старыя пілігрымы нясуць з сабою цяжар перажытага, а маладыя нясуць малых дзетак, якім яшчэ не па сілах дальняя дарога. Як добра, што можна адчуць сябе пілігрымам, не прымацоўваючы да капелюша стары сімвал падарожных багамольцаў — створку ракушкі марскога грабеньчыка, якую выкарыстоўвалі і як эмблему, і як дарожны посуд, і як пачэсны сувенір, што нават хавалі разам з яго носьбітам (дарэчы, такая ракавінка служыла «пропускам» на палявую царкоўную кухню). Сёння ў нас ёсць аднаразавыя талеркі, і хоць пластыкавы посуд не такі ўжо прыгожы і рабрыстая круглая створка не можа паслужыць «пропускам», але ў дарозе гэта зручна — праўда, забруджвае жыццёвую прастору, не ўпісваючыся ў скла­даныя прыродныя сувязі і ўяўленні людзей пра нятленнасць, уласцівую хіба што святым парэшткам... Але гэта «так і між іншым», як гаварыў часам пінскі ксёндз Казімір Свёнтэк, нават ужо стаўшы кардыналам — першым у гісторыі Касцёла на Беларусі... Ах, як бы ён да слёз парадаваўся, убачыўшы, што Маці Божая Будслаўская, чый цудатворны абраз ён уласнаручна ўпрыгожыў папскімі каронамі 2 ліпеня 1998 года, збірае да Сябе ўсё больш і больш лю­дзей...

Можна па-рознаму расказваць гісторыю, якая пачалася на золку XVI ст., дакладней, у 1504 годзе, калі кароль Аляксандр Ягелончык падараваў віленскім манахам бэрнардынам немалы кавалак лесу над рэчкаю Сэрвач, паміж пратокамі Зуйкай і Туракам. Усяго чатыры манахі, «узброеныя» сякерамі і піламі, прыйшлі тады ў лясны гушчар, каб нарыхтаваць дрэва для будаўніцтва кляштара ў Вільні. Спачатку яны, вядома ж, змайстравалі «дах над галавою», і гэтае жытло было такім, што інакш як «буда» называць яго не выпадала, але ўсё, што пад сонцам, павінна быць названым, каб сапраўды быць.


Паводле тапанімікі, асноўнае значэнне геаграфічнай назвы — гэта фіксацыя месца на паверхні Зямлі. Змене назвы папярэднічае нешта вельмі вартае згадкам у летапісе. Напрыклад, такі факт: у 1588 годзе пасля абраду хросту ў небе над манаскімі келлямі і недабудаванай каплічкай Буды раптам з’явілася воблака, з якога лілося незвычайнае свят­ло. І ў тым воблаку манахі і вернікі разгледзелі ў атачэнні анёлаў Божую Маці з Дзіцяткам Езусам на руках. І прагучала з Нябёсаў: «З гэтага часу Бога нашага і Сына Майго слава, і Маё заступніцтва будуць вам дадзеныя навечна; гэта месца Я выбрала пастаяным прытулкам для грэшнікаў».

З таго часу і месца гэта, і каплічка сталі крыніцаю Божай ласкі і розных цудаў, як апавёў нам бэрнардынскі летапісец Тамаш Дыгонь.

Цудоўнае здарэнне зрабіла занядбаную вёсачку месцам, вар­тым у будучыні прытуліць дзівосны абраз, напісаны ў дзі­воснай краіне Італіі. Праз 400 гадоў высветлілася, што ў непралазным лясным гушчары манахі XVI ст. расчышчалі месца для нацыянальнай святыні беларусаў ХХІ стагоддзя.

...Нават звыклы турыст, які не ведае розніцы паміж познім рэнесансам і раннім барока, відаць, выбраў бы дарогу ў бок Будслава, аддаючы перавагу найменню гэтага месца, у якім прыгожа гучаць бронза і золата: Буд-слаў... Як прароцтва славы будучага месца, зафіксаванага на паверхні Зямлі дзеля яго хвалы і пакланення.

...180 кіламетраў — гэта нямала і на машыне. Але і не вельмі многа — паломніцтва ж малое, мясцовае, сваё. Аднак пяці дзён пешага шляху дастаткова, каб пры жаданні і падумаць, і адумацца, і ўспомніць... А дзеля чаго ж яшчэ ісці пешкі, сціраючы да крыві ногі, калі можна ехаць са зручнасцямі ў прахалодзе кандыцыянаванага паветра, лёгка пераадольваючы адлегласць за паўтары гадзіны. Але нават з хуткасцю гуку наўрад ці ўдасца ўцячы ад стамляючай знерваванасці жыцця, ад бясконцай змены эмоцый, якія вымотваюць і спусташаюць ду­шу. Хіба што менавіта сысці ад іх — пешаю пілігрымкаю ў Будслаў. Ісці — успамінаючы...

...пра тое, што беларусы былі аднымі з першых народаў, якім пашчасціла надрукаваць Святое Пісанне на сваёй роднай мове; пра былую веліч Каралеўства Польскага, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, што пакінулі нам у спадчыну дзівосную архітэктуру і мас­тацтва; пра нашых мудрых і адважных князёў, воінаў, пра пакутнікаў і святых...


...У другой палове XVIII ст. архітэктар Пенс, выкарыстаўшы часткі забудоваў XVII ст., узвёў бэрнардынскі касцёл. Ён атрымаўся грандыёзным — быц­цам нешта вялікае і дзівоснае мусіла здзейсніць вымушаную пасадку сярод бязлюдных лясоў...

Падзеі той 400-гадовай гісторыі пазначаныя памятнымі датамі і імёнамі. Згадаю, што абраз з’явіўся ў Будславе ў 1613 годзе і прынёс яго ксёндз Ісак Салакай, які тры гады быў капеланам мінскага ваяводы Яна Паца. Ваявода памёр у 1610 годзе, а ў 1588-м здзейсніў паломніцтва ў Рым з прычыны свайго пераходу з кальвіністаў у католікі, за што Клімэнт VIII падараваў яму абраз Багародзіцы.

Павевы еўрапейскай культуры і адукацыі, ідэі рэнесансу і барока даляталі і да касцёла з яго ваколіцамі, становячыся дасягальнымі для манахаў і грэшнікаў, для магнатаў і жабракоў, для хворых і здаровых. Пілігрымы, прыходзячы на паклон да абраза Найсвяцейшай Маці Божай, таемным чынам траплялі ў сілавое поле ўздзеяння нетутэйшай цывілізацыі і цудатворнага абраза...

2 ліпеня 1996 года Апосталь­скі нунцый Дамінік Грушоўскі абвясціў пасланне Папы Яна Паўла ІІ, у якім Маці Божая Буд­слаўская была названая Апя­кункаю Мінска-Магілёў­скай архідыяцэзіі.

...Мне давялося бываць у касцёле гадоў трыццаць назад. Та­ды «значныя недахопы ў навукова-атэістычнай прапагандзе», выкрытыя Пастановаю ЦК КПСС ад 7 ліпеня 1957 года, былі ўжо цалкам выпраўленыя. Культура Беларусі, якая перажыла мноства заваёваў і мноства войнаў, была не раз абрабаваная, але страты тых гадоў сапраўды незваротныя. Разам з цэрквамі і касцёламі знішчалася гістарычная памяць. Гэта быў удар па духоўнасці, па нацыянальнай свядомасці, і супаставіць яго можна хіба што з культурна-дэмаграфічнаю катастрофаю 1654–1667 гадоў, у якой укаранёныя многія беды і комплексы сённяшніх беларусаў. Але тады хоць не забаранялі верыць...

Насуперак усяму раптам узнікла думка дамагацца ад Мі­ні­стэрства культуры БССР дазволу на рэстаўрацыю ўнікальнага помніка XVII ст. — разьбянага чорна-залатога алтара ў капліцы святой Барбары. Трэба было зрабіць абмеры і дэфектны акт для складання каштарыса на фінансаванне.

...Была зіма. Каля сценаў касцёла мяне ахапіла незабыўнае да гэтай пары пачуццё шчымлівай трывогі, якая заўсёды мучыла мяне падчас музейных экспедыцый па «знятых з уліку» цэрквах і касцёлах. «Ты павінен зрабіць дабро са зла, бо яго больш няма з чаго зрабіць», — не раз згадваў я эпіграф да «Пік­ніка на ўзбочыне», пазычаны братамі Стругацкімі ў Робэрта Пэнна Уорэна. Сапраўды, у працы музейшчыкаў было шмат агульнага з працаю сталкераў. Мы ўваходзілі ў «зону» часу, які імкнуўся трапіць назад, хоць вяртанне ў язычніцтва чамусьці ўяўлялася пануючым уладам рухам да «светлай будучыні». Мы апыналіся ў «зоне» выні­шчэння двухтысячагадовай куль­туры і спасцігалі гэта ў сценах занядбаных святыняў — варта было хоць на хвіліну задумацца...

У шызым «сфумато» марознай раніцы былы касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ордэну бэрнардынаў панаваў над тым, што можна было б назваць дзікаю роўняддзю. Ад былой прысутнасці бэрнардынаў не засталося і следу. Хіба што занядбаны архітэктурны цуд позняга барока. Убогія хаткі населенага пункта пад назваю Будслаў здаваліся прыгнечанымі маштабам агромністага збудавання.


І ўзнікала натуральнае пытанне: у чым жа, уласна кажучы, слава, водсвет якой гучыць у назве вёсачкі? Здавалася, што ўся вёска разам з яе жыхарамі магла б змясціцца ў гэтым касцёле, калі паставіць хаты адна на адну. І сёння, калі не ведаць, што касцёл быў пабудаваны для таго, каб раз у год прыняць тысячы пілігрымаў, можна толькі здзіўляцца яго памерам і яго мэтазгоднасці сярод маленькіх хатаў.

Цяжка было ўявіць, што нехта стане ратаваць ад непазбежнага разбурэння гэтую занядбаную пабудову, якую немагчыма прыстасаваць ні для патрэбаў савецкай народнай гаспадаркі, ні для паляпшэння побыту некалькіх дзясяткаў калгаснікаў. Касцёл выкарыстоўвалі толькі як арыенцір для самалётаў: хоць нейкая карысць была, пакуль аэрадром каля святыні страсаў гулам авіярухавікоў дух мінуўшчыны, які прытуліўся ў старых сценах. І ў свядомасці вяла варушылася нешта няўцямнае... пра Нябеснае Валадарства. Мо­жа таму, што і аэрадром, і касцёл мелі дачыненне да неба. Праўда, як лічаць вернікі, у касцёле можна дасягнуць завоблачных вышыняў і без узлётна-пасадачнай паласы, і без магутнасці рэактыўных рухавікоў.

...У касцёле было халадней, чым на вуліцы. Па серабрыстых ад шэрані сценах спаўзалі сырыя падцёкі, скрозь якія ледзьве праглядаўся жывапіс. Створаная мастаком ілюзія рэальнай трохмернай прасторы патанала ў ілюзіяністычнай перспектыве галоўнага алтара, якім завяршалася доўгая сярэдняя нава. Паглынаючы ілюзію, на сценах квіт­­нела і разрасталася зялёная плесень. Дрогкія прыцемкі і пля­містыя забруджанні разбуралі мяжу паміж умоўным светам намаляваных алтароў і рэальным светам плесені, якая рэальна зжырала імітацыю пра­сторы ў тэхніцы грызайль. Перацяканне ілюзіі і рэальнасці аку­нала ў атмасферу нейкага трансцэндэнтнага залюстэр’я, узмоцненую перасячэннем тран­септа з сярэдняю наваю, пазначаную схаваным унутры даха купалам.

Ці то купальны, ці то бяскупальны... нейкі прамежкавы... Уражанне зыбкай прывіднасці ўзмацнялася ілюзорнай перспектываю цалкам асязальнага ў сваёй чорна-залатой матэрыяльнасці алтара. У гэтым унікальным помніку мастацтва дзіўна спалучыліся дэкаратыўная тэатральнасць, упэўненае рукатворнае майстэрства і хіт­расць архітэктурнай задумы, нябачанай ні ў Літве, ні ў Поль­шчы. Аб’ём малой капліцы павялічваўся імітацыяй глыбіні, якая скіроўвала пагляд да цэнтральнага абраза.

У голых прамерзлых сценах старога касцёла панавалі ілюзія і хімерычнасць. Пабудова зда­валася грувасткім негерметычным саркафагам, пад скляпеннямі якога тлела, заражаючы наваколле міражамі і прывідамі, адвольная рэакцыя распаду памяці. Толькі плесень, якая раз’­ядала ілюзію трохмернай пра­сторы архітэктурна-скульптурных алтароў, напісаных у 1782 годзе Казімірам Анташэўскім, здавалася сапраўды жывою...


І хіба ж не цуд мы бачым сёння? Я захоплены адвагаю і самаахвярнаю працаю айца Віктара — манаха ордэну бэрнардынаў, кусташа касцёла, які ўсклаў на сябе ўвесь цяжар адказнасці і працы па аднаўленні і захаванні гэтага святога месца.

...Незадоўга да адыходу ў іншы свет кардынал Казімір Свёнтэк наведаў Будслаў.

...памятаю той бялёсы ветраны дзень і адзінокую фігуру ў чорным цывільным касцюме. Ён перасякаў няўтульную ў сваім бязлюддзі, прадзьмутую ўсімі вятрамі плошчу перад касцёлам. Здавалася, што ён з вя­лі­кім намаганнем пераадольвае асфальтаваную прастору.

«Святарства — гэта дар і таямніца», — успомніў я словы Яна Паўла ІІ і падумаў: цывільны касцюм як бы ператварае святара ў аднаго з нас. Апрануты звычайна ў святарскае адзенне, ён і ў будні, і ў святы перад народам. Але і ў звыклым касцюме, заўважны і незаўважны ў натоўпе, ён не губляў сваёй адметнасці, усюды застаючыся самім сабою. Ён, безумоўна, выдзяляўся сваім шаноўным узростам, але найперш — асаб­лівым выразам твару, у рысах якога нешта нагадвала Дантэ з вядомага партрэта Бацічэлі.

...Перайшоўшы плошчу, нібы пустку паміж мінулым і сённяшнім, ён увайшоў у касцёл. Прайшоў не па дывановай дарожцы, а побач з ёю, таму што, у адрозненне ад многіх у звыклых касцюмах, ён хадзіў па дывановай дарожцы толькі ў святар­скім адзенні (ён шмат гадоў быў проста ксяндзом і ведаў цану працы бабулек, якія прыбіраюць у касцёле).

Бязлюдны храм быў напоўнены рэхам хваласпеваў, малітваў, просьбаў і падзякаў. Колькі іх прагучала ў гэтым касцёле — не злічыць. І Пан Бог іх не зможа палічыць. Аднак без Яго волі нават волас не ўпадзе з галавы...

...і згадваюцца словы Гессэ: «Сыход гэтага жыцця ў паданне здаецца нам натуральным і правільным, бо не ўзнікае ж у нас ніякіх сумневаў у тым, што свяціла, якое сышло з нашага поля зроку і для нас ужо „зака­цілася“, усё роўна працягвае існаваць». Гэтак і імя кардынала Казіміра Свёнтка назаўсёды ўпісанае ў гісторыю цудатвор­нага будслаўскага абраза і ў гісторыю Касцёла незалежнай Беларусі.

...Калі вам даводзілася бываць 2 ліпеня ў Будславе сярод народу Божага, сярод людзей, аб’яднаных адзінаю малітваю і адзіным парывам, вы абавязкова адчуеце напружаную пустату перадкасцёльнай плошчы ў будзённыя дні. Плошча каля падножжа касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Ма­рыі ў будзённыя дні нібы жыве чаканнем 2 ліпеня і вобразам стыхіі вогненнай ракі, што ўтвараецца як адна з фазаў святла лампады Святога Абраза і паўтараецца кожны год у адзін і той жа дзень. Сімвал нашай духоўнай еднасці і вечнага Святла на твары Божай Маці спараджае разліццё нястрымнага агню і яго выхад са святыні, як у разводдзе рака выходзіць са свайго рэчышча, каб запоўніць сабою ўсю пойму.

Разлівы святла — гэта агні свечак, запаленых каля цуда­творнага абраза Маці Божай Буд­слаўскай. Адзін мігатлівы агеньчык — адзін чалавек...


Аркадзь Шпунт
Фота Веранікі Скрабатун

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней