Першыя ў свой час...

Як пачыналася адраджэнне рэлігійнай традыцыі — пілігрымавання ў Будслаў на свята Маці Божай.

Старыя чорна-белыя фотаздымкі пацямнелі і пажоўклі ад часу, ад яго няспыннага руху. У іх навекі адбілася сама гісторыя, а галоўнае — людзі, якія з’яўляліся яе часткаю. Некаторыя з іх даўно адышлі ў вечнасць, таму мы — сучаснікі, таксама зафіксаваныя на гэтых здымках, — не павінны забываць гісторыі, асабліва часу атрымання рэлігійнай свабоды і пачатку адраджэння рэлігійных традыцый.

Як даўно гэта было, аж дваццаць два гады таму! Колькі ўсяго перажыта...

Першая ноч чування

Нешматлікую моладзь з Кальварыі згрупавалі кляўзуровыя дамініканкі, Сёстры ад Анёлаў, і малады ксёндз Міхал Сапель, якому даручана было служэнне ў касцёле на Кальварыйскіх могілках і ў прыстасаваным тады пад канцэртную залу касцёле святога Роха на Залатой Горцы. На пачатку 1990-х гадоў моладзь перапаўняла неперадольнае пачуццё прыналежнасці да каталіцтва, мы маглі больш не маскіравацца і не хавацца.

У памятны 1991 год адбылося шмат незвычайных падзеяў. Са згоды кс. Міхала сёстры вырашылі арганізаваць невядомую тады для нас ноч чування. Яны пачалі даведвацца, хто «сябруе» з музыкай, хто мог бы кіраваць спевакамі. Дзякуй Богу, знайшлася дзяўчына, Аксана Баравік, якая закончыла факультэт харавога дырыжыравання пры мінскай кансерваторыі. Пасля ўзніклі першыя праблемы: у якім касцёле адбудзецца ноч чування, дзе праводзіць рэпетыцыі, які будзе рэпертуар, як памнажаць ноты? Спевы дапамагла выбраць і перакласці сястра Марына Пашук, а рэпетыцыі праводзілі ў кватэрах спевакоў, у залах інстытутаў, дзе працавала Аксана, яна ж па начах пісала ноты для новаспечаных харыстаў.

Кальварыйскі касцёл, Мінск

Паколькі касцёл на Кальварыі ўжо цалкам належаў католікам, то і жэрабя правядзення ночы чування выпала на яго. Настрой быў радасны, не палохала нават тое, што гэтая дзея адбываецца ў касцёле на могілках, дзе не гарэў ніводны ліхтар, а спевакоў дзеля бяспекі закрыюць у святыні на ключ. Мы спявалі для Бога і Панны Марыі на лацінскай і беларускай мовах каноны з Тэзэ, спявалі самааддана, з вялікім пачуццём. Ноччу была таксама магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі. А які гонар перапаўняў нас раніцаю, калі ў бляску чэрвеньскага сонца мы спускаліся да касцёльнай брамы, а за намі ішлі ў габітах сёстры дамінканкі, якія ўпершыню апранулі іх «у свет»! Для мінчукоў, што ехалі на працу, гэта было дзіва-дзіўнае: транспарт запавольваў ход, з вакон пазірала мноства здзіўленых вачэй. Здавалася, карціна старажытнай гісторыі пачала ажываць на вуліцах Мінска.

Першая пілігрымка з Мінску. Дзевяць чалавек

У тым жа 1991 г. адбылася першая пасля вялікага перапынку пілігрымка з Мінска ў Будслаў. Слова пілігрымка нам няшмат пра што тады гаварыла. Сёстры дамініканкі растлумачылі сутнасць і мэту пілігрымкі. Сястра супольнасці ад Анёлаў распавяла пра гісторыю з’яўлення абраза ў Будславе, пра традыцыю пілігрымавання, якая існуе ва ўсім свеце ды і на нашых землях існавала, пакуль не надышлі часы атэізму. Не баючыся цяжкасцяў далёкага шляху, мы згадзіліся ісці, бо там нас чакала Маці...

З Мінска выйшла ўсяго дзевяць чалавек: брат і сястра Гарадзецкія, дзве іх госці з Польшчы, тры сястры дамініканкі: Тэрэзка, Агнешка і Дамініка, я і мая сяброўка. Пілігрымка была незвычайная: яна не мела такой арганізацыі, як цяперашнія. Неабходныя рэчы мы неслі на сабе, ежу ўзялі толькі на першы дзень, і гэта нагадвала нам пра евангельскія наказы: «Таму кажу вам: не турбуйцеся аб сваім жыцці, што будзеце есці, і пра цела, у што апранацца. <...> Паглядзіце на крумкачоў: яны не сеюць і не жнуць, не маюць ні сховішчаў, ні засекаў, а Бог корміць іх» (Лк 12, 22–24).

Ілюстрацыйнае фота з пілігрымкі пачатку 1990-х

Маладзечна...

Раніцаю мы сабраліся на вакзале, каб даехаць да Маладзечна і адтуль ісці ў Будслаў. Сёстры прыйшлі на вакзал у габітах. У той час наш народ быў зусім неадукаваны ў рэлігіі, ды і манашак зусім не бачыў. Пакуль ішлі на перон да электрычкі, услед нам несліся словы: «Піянеры, куды сабраліся?». «Можа, дзе фільм здымаюць?» Мы не звярталі на гэта ўвагі, размаўлялі пра свае справы, пакуль хлопчык з шырока расплюшчанымі вачыма не ўсклікнуў, звяртаючыся да сястры дамініканкі: «Добры дзень, Ірына Васільеўна!». О Божа! Хлапчанё пазнала ў сястры сваю настаўніцу. (Сёстры, апранутыя ў свецкую вопратку, былі вымушаны працаваць у дзяржаўных установах, быць настаўніцамі, медсёстрамі і іншымі спецыялістамі. Ніхто і не здагадваўся, хто яны такія.) Сястра сумелася, але з ласкаваю ўсмешкаю адказала дзіцяці: «Добры дзень!». Увага людзей яшчэ больш была скіраваная на нас. Хлопчык перагаворваўся з бацькамі, якія не зводзілі вачэй з дзіўнай настаўніцы. Ужо выйшаўшы з электрычкі ў Маладзечне, сястра перажывала за тое, які рэзананс будзе ў школе. «Усё ў руках Божых!» — супакоілі мы яе і рушылі ў дарогу.

Для таго, каб гэта была сапраўдная пілігрымка, сёстры прапаноўвалі рэлігійныя практыкаванні: малітву на Ружанцы, разважанне над Святым Пісаннем, Крыжовы шлях. Па дарозе людзі сустракалі нас не вельмі прыязна, хутчэй, са страхам, а моладзь часам нават здзекавалася. Савецкае мінулае...

Вілейка...

Пад вечар гаротная групка пілігрымаў паспяхова дабралася да Вілейкі, дзе нам давялося развітацца з братам і сястрою Гарадзецкімі, іх гасцямі з Польшчы. Пілігрымаў засталося ўсяго пяць. Яшчэ па дарозе ў Вілейку мы выпадкова сустрэлі пробашча мясцовай парафіі, тады гэта быў шаноўны ксёндз Эдмунд Даўгіловіч, які прапанаваў спыніцца на начлег у касцёле. Мы прынялі яго запрашэнне. Сёстры размясціліся на хорах, а нам дазволілі застацца ў сакрыстыі. Ноч была бяссонная. Мы баяліся за касцёл, каб ніхто ў яго не ўварваўся, бо ў той дзень побач з касцёлам якраз праводзілася дыскатэка, моладзь раз’язджала на матацыклах, весялілася. Увогуле галоўная плошча Вілейкі ў той час выглядала дзіўна. У адным баку быў прыгожы касцёл Узвышэння Святога Крыжа, праз дарогу — царква Найсвяцейшай Марыі Егіпецкай, а ў адваротным баку ад святыняў стаяў помнік Леніну. У жыхароў Вілейкі перад вачыма быў яскравы выбар: якім шляхам ісці...

Ілюстрацыйнае фота з пілігрымкі пачатку 1990-х

На наступны дзень мы прачнуліся вельмі рана, каб накіравацца ў каталіцкую вёску Касцяневічы. На адной з вілейскіх вуліц сустрэлі мужчыну, які, убачыўшы сясцёр, чамусьці закрычаў: «Адыдзі, д’ябал!» і запусціў у нас палкаю. Мы моўчкі прайшлі каля яго. Пасля ніхто не хацеў прызнавацца, у каго трапіла гэтая палка. Я ведаю, што ахвяраю стала сястра Тэрэзка, але яна не прызналася. Гэты дзень пілігрымкі быў таксама поўны малітваў, ружанцовых разважанняў, аповедаў пра жыццё святых, размоваў на рэлігійныя тэмы. Дзякуй Богу, дарога гэтаму вельмі спрыяла. Яна была бязлюдная, неасфальтаваная, рэдкая сустрэчная машына ўзнімала вялікія клубы пясчанага пылу, і нам даводзілася ўцякаць у лес і там чакаць, пакуль ён асядзе. Мы ішлі хутка, бо спяшаліся на святую Імшу. Гэта ж была нядзеля! Святой памяці кс. Зыгмунт Абартух сустрэў нас вельмі цёпла. Перад пачаткам Імшы ён весела ўсклікнуў: «Да нас прыйшла пілігрымка: тры сястры законыя і дзве кандыдаткі». Гэтымі «кандыдаткамі» мы з сяброўкаю заставаліся на працягу наступных пілігрымак. Потым пры сустрэчы кс. Зыгмунт заўсёды радасна вітаў нас: «А... кандыдаткі!».

У той дзень здзівіла, як гэты пажылы ксёндз прамаўляе казанне для дзетак. Ксёндз Зыгмунт не толькі тлумачыў Святое Пісанне, а праводзіў цэлы ўрок катэхізацыі. Святар паказваў карцінкі, энергічна прысядаў, падскокваў, бегаў, заахвочваў дзяцей да размовы, а бабулі і бацькі ў гэты час ціха сядзелі на лавах і ўважліва слухалі. Пасля ксёндз прызнаўся, што ён быў вымушаны так рабіць, бо вясковыя дзеці ў буднія дні дапамагаюць бацькам па гаспадарцы і неахвотна прыходзяць у касцёл...

У чарговы дзень пілігрымкі ў прыўзнятым настроі мы вырушылі далей — у Крывічы. На палове шляху да наступнай вёскі перад намі спынілася «Волга», з яе выскачыў энергічны і заклапочаны святой памяці кс. Францішак Грынкевіч. Ён горача прывітаў сясцёр, пажаліўся на тое, што не хапае рук, патрэбна дапамога. Ксёндз Францішак сказаў, што ніякіх пярэчанняў не прымае, і прызначыў нам іншую пілігрымку — дапамогу ў падрыхтоўцы дэкарацый у касцёле на свята Маці Божай Будслаўскай. Так скончылася наша «нажная» пілігрымка і распачалася «ручная», і яшчэ больш — малітоўная. Не ведаю, якім чынам упяцёх мы змясціліся на заднім сядзенні ў гэтай «Волзе», але вельмі хутка даімчалі да Будслава, пакідаючы за сабою пясчаную буру.

Ілюстрацыйнае фота з пілігрымкі пачатку 1990-х

Будслаў...

У Будславе было ціха, нешматлюдна. Касцёл дыхнуў на нас холадам. Было такое ўражанне, што толькі малітвы сагрэюць гэтую пустую святыню і парадуюць Маці Божую. Сёстры пачалі дапамагаць бабулям ва ўпрыгожванні алтара кветкамі. Старэйшыя жанчыны шкадавалі нас, маладых, кармілі і настойвалі, каб мы адпачывалі пасля цяжкага шляху, хаця для нас гэтая пілігрымка была зусім няцяжкая. Нас прасілі не перашкаджаць, мы дапамаглі па сілах і пайшлі разглядаць абразы па касцёле, перайшлі да старажытнага алтара, дзе было змешчана шмат фігураў. Мы ўглядаліся ў іх, спрабуючы адгадаць, хто ёсць хто...

1 ліпеня пачалі з’язджацца і прыходзіць першыя пілігрымы з ваколіцы. Святочная Імша распачалася апоўначы, і ўсім хапіла месца ў святыні. Святая Імша ўпершыню цэлебравалася па-беларуску. Памятаю, як хваляваўся за цэлебрацыю святой памяці кс. Уладзіслаў Пятрайціс, адзін з першых святароў, які пачаў уводзіць беларускую мову ў літургію, а кс. Міхал Сапель выразна і ўрачыста вымаўляў словы чытанняў і казання. Шмат было святароў: гаспадар парафіі святой памяці кс. Францішак Грынкевіч, кс. Францішак Кісель, кс. Эдмунд Даўгіловіч, кс. Уладзіслаў Завальнюк, святары з суседніх вёсак, нашы першыя семінарысты з Гродзенскай семінарыі. Усіх ужо цяжка згадаць і пералічыць. Святая Імша была вельмі цёплая і кранальная.

Ілюстрацыйнае фота з пілігрымкі пачатку 1990-х

 Так пачыналася адраджэнне рэлігійнай традыцыі — пілігрымавання ў Будслаў на свята Маці Божай. Маленькі цудатворны абраз сабраў вакол сябе пілігрымаў не толькі з ваколіцы, але з далёкіх куткоў Беларусі і нават з замежжа. У наступным годзе з Мінска выйшла ўжо каля дваццаці пяці чалавек і па іншым маршруце, яшчэ праз год — пяцьдзясят. З кожным годам колькасць пілігрымаў павялічвалася. Ішлі пілігрымкі з Браслава, Мёраў, Полацка, Бабруйска, Баранавічаў, Маладзечна, Віцебска. Усё больш і больш людзей станавіліся знаёмымі і роднымі, усе былі запаленыя адною ідэяй: ушаноўваць Маці Езуса Хрыста. А колькі хлопцаў, якія прыходзілі да Яе алтара, сталі на шлях служэня Богу!..

Пілігрымы ідуць цяпер гучна, спяваюць песні, праводзяць катэхізацыю, раздорваюць абразкі, вітаюць праезджых. Цяжка сказаць, хто цяпер не чуў пра вёску Будслаў. Часы змяніліся. Жыхары Беларусі перасталі здзіўляцца сёстрам у габітах і святарам у сутанах. Маці Божая ўчыніла цуд для ўсіх нас!


 Іна Ламака

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней