Як пераадольваць пасіўнасць свецкіх?

У першыя гады заснавання адной парафіі на Гродзеншчыне яе новы пробашч кіраваўся правілам «нічога не рабіць самому». Усе ініцыятывы людзей ён падтрымліваў, але мінімальна выступаў з уласнай ініцыятывай, якую трэба ажыццяўляць самому. Ідэя простая — гэта найперш вернікі ствараюць парафіяльнае жыццё, а не эфемерная парафія ці ксёндз. Як рабіць нашыя супольнасці больш інклюзіўнымі, каб людзі прымалі ўдзел у справах парафіі? Некалькі ідэяў — у сённяшнім тэксце.


Чаму католікі такія абыякавыя?

У плане самакіравання беларускія парафіі зазвычай збіраюць бінга — неахвота пробашчаў дэлегаваць абавязкі, пасіўнасць вернікаў і нераспрацаванасць структураў. Гэтыя тры праблемы трэба разглядаць у комплексе і не рабіць акцэнтаў у перавазе нейкай адной з іх. Такое бінга складвалася гістарычна — цяжка ўзгадаць прыклады парафій з моцнымі ра́дамі. Традыцыйна ксёндз займаўся будоваю касцёла і рабіў сам рамонты, ён жа запрашаў на фэст і спяваць у хоры.

Да такога раскладу прызвычаіліся і вернікі. Мала хто задаецца пытаннем, за якія сродкі была пабудавана іх святыня, колькі зарабляе святар, арганіст ці бухгалтарка, якія ініцыятывы парафіі важныя для нашага горада ці як супольнымі высілкамі зацікавіць Богам абыякавых да веры.

Вяртанне да калегіяльнасці — гэта вяртанне да Касцёла

Развіццё ра́даў можа значна разварушыць і згуртаваць парафіяльнае жыццё. Гэта і лепшы менеджмент, і разгрузка святароў ад бытавых пытанняў, і развіццё ініцыятыўнасці і адказнасці вернікаў. Прасцей кажучы, католіку больш зручна прапанаваць штосьці суседу, які з’яўляецца ра́дным, а не пробашчу. Прапановы і праблемы трапляюць на абмеркаванні ра́ды, дзе адбываецца калектыўны мазгавы штурм і прымаюцца далейшыя рашэнні.

Задзейнічанне парафіянаў мае таксама духоўнае вымярэнне: чалавек ацэньвае важнасць супольнасці і супольнага, пачынае атасаямляць сябе з Касцёлам. Разам з гэтым адбываецца вяртанне да матывацыі: чаму я аддаю частку свайго часу на парафію; чаму гэта важна; якое месца гэта займае і павінна займаць у маім жыцці? Гэта рэальная духоўная праца, якая можа адбывацца дзякуючы ўдзелу чалавека ў банальных справах, напрыклад, у прыборцы святыні, усталёўцы парэнчаў, аптымізацыі выдаткаў ці арганізацыі нейкай сустрэчы.

Прыклад пратэстантаў

Жыццё ў супольнасцях з’яўляецца для іх адным з ключавых прынцыпаў існавання. Агульны бюджэт фармуецца з дзясятай часткі штомесячнага прыбытку сям’і і цалкам празрысты для вернікаў. Дэлегаваная ра́да працуе над прыярытэтамі супольнасці, рознымі кірункамі дзейнасці, вырашаючы, на што пойдуць сродкі, як лепш імі распарадзіцца. Удзел у супольнасці ўмацоўвае духоўную адказнасць, а ратацыя ўдзельнікаў ра́ды дазваляе кожнаму прымаць удзел у важных рашэннях і клопаце пра агульнае.

*  *  *

Пераадоленне пасіўнасці свецкіх не можа будавацца толькі на яшчэ большай актыўнасці духоўнікаў. Гэта праблема старая як свет, і толькі пастаянныя высілкі актыўных католікаў, незалежна ад іх касцёльнага статуса, бачацца рэальным выйсцем. Не варта «цягнуць коўдру» выключна на сябе і затыкаць кожную дзірку сваім часам і намаганнямі — мастацтва ў запрашэнні бліжніх, агульных высілках. Гэта цяжэй, чым проста цягнуць воз аднаму, аднак пасіўнасць перамагаецца толькі асабістым удзелам кожнага і кожнай.


Арцём Ткачук

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней