Урыўкі з эсэ К. С. Льюіса «Пытанне пакутаў»


Чалавечы дух не стане нават спрабаваць адступіцца ад уласнай волі да таго часу, пакуль яму здаецца, што з ім усё ў парадку. І аблуды, і грахі маюць такую ўласцівасць: чым глыбей яны ўкараняюцца ў чалавеку, тым менш іх ахвяра падазрае аб іх існаванні, гэта замаскаванае зло. А боль — гэта незамаскаванае, несумненнае зло; кожны чалавек ведае, што нешта пайшло не так, калі яму прычыняюць боль. Боль — гэта зло, якое адразу распазнаецца, а яшчэ яго немагчыма ігнараваць. Можна спакойна і задаволена жыць у граху і глупотах; і кожны, хто бачыў, як абжоры змятаюць са стала самыя вытанчаныя стравы, быццам і не ўсведамляючы нават, што менавіта яны ядуць, прызнае, што можна ігнараваць нават прыемнасці. Але боль настойліва патрабуе ўвагі да сябе.

Бог шэпча нам на вуха праз радасць, прамаўляе да нас праз сумленне і крычыць праз боль і пакуты: гэта Яго мегафон, неабходны для таго, каб абудзіць аглухлы свет.

Калі дрэнны чалавек шчаслівы, ён нават не падазрае, што яго ўчынкі неадпаведныя і не стасуюцца з законамі сусвету.

Разуменне гэтай праўды ляжыць у аснове ўсеагульнай чалавечай упэўненасці ў тым, што дрэнныя людзі павінны пакутаваць. У самым мяккім выглядзе гэтая ўпэўненасць абуджае ў нас прагненне справядлівасці. У больш суровай праяве тая самая ідэя выклікае жаданне «адплаціць пакараннем» або «даць чалавеку тое, чаго ён заслугоўвае». У яшчэ больш жорсткіх праявах мы адчуваем прагненне помсты. Гэта, вядома, зло, і помста недапушчальная для хрысціянаў. Праз выкарыстаныя сродкі помста траціць з-пад увагі мэту, але сама яе мэта не з’яўляецца зусім ужо дрэннай — гэта патрабаванне, каб зло, учыненае дрэнным чалавекам, стала для яго тым, чым яно ёсць для ўсіх астатніх. Вось чаму мсціўца прагне, каб вінаваты не проста пацярпеў, а пацярпеў ад ягоных рук і ведаў, ад каго і па якой прычыне церпіць. Несумненна, боль у якасці Божага мегафону — жудасная прылада; боль можа змусіць чалавека канчаткова ўзбунтавацца, забыўшы пра пакаянне. Але боль дае дрэннаму чалавеку адзіную магчымасць выправіцца. Ён адкрывае ўсе заслоны, ён узнімае сцяг праўды ў крэпасці бунтоўнай душы.

Ахвяра Хрыста паўтараецца, або, лепш сказаць, рэхам разыходзіцца сярод Яго паслядоўнікаў то ў мацнейшай, то ў слабейшай ступені: ад самай жорсткай мучаніцкай смерці да самаўпакорвання ва ўласных жаданнях, якое знешне ніяк не адрозніваецца ад звычайных праяваў стрыманасці і разумнай разважлівасці.

Мне невядома, якім чынам «размяркоўваюцца» гэтыя ступені болю, але сапраўдная праблема заключаецца не ў тым, чаму пакутуюць некаторыя пакорлівыя, набожныя, рэлігійныя людзі, а ў тым, чаму некаторыя з іх не пакутуюць.

Памятайма, што сам наш Пан сцвярджаў, што збаўленне людзей, якім пашанцавала ў гэтым свеце, магчымае толькі дзякуючы неспасцігальнай усёмагутнасці Бога (гл. Мк 10, 27).

Усялякія довады ў апраўданне пакутаў выклікаюць горкую крыўду ў адрас аўтара. Вам хацелася б ведаць, што раблю я сам, калі перажываю боль, а не пішу пра гэта кнігі. Не трэба ўгадваць, бо я прызнаюся: я — вялікі баязлівец. Але якое гэта мае значэнне? Калі я думаю пра боль — пра трывогу, што выпальвае агнём, і адзіноту, бязмежную, нібы пустыня, пра няспынныя пакуты, што ўсё цягнуцца і цягнуцца, разбіваючы сэрца, і пра надакучлівы боль, які чорнаю завесаю закрывае далягляд, пра раптоўную млоснасць, што навальваецца раптоўна і адным ударам выбівае сэрца з грудзей, і пра невыносны боль, што раптам становіцца яшчэ мацнейшым, пра боль, што джаліць, нібы раз’юшаны скарпіён, змушаючы шалёна курчыцца бедака, які і так ужо здаваўся напаўмёртвым ад папярэдніх катаванняў, дух ува мне згасае. Калі б я ведаў хоць які сродак выратавацца ад гэтага, я б прапоўз праз каналізацыю, каб яго здабыць. Я не бяруся сцвярджаць, што боль не баліць. Боль прычыняе пакуты, у гэтым сутнасць самога слова. Я толькі спрабую паказаць, што старажытная хрысціянская дактрына пра тое, што чалавек «удасканальваецца праз пакуты», не ёсць непраўдападобнаю, а не стаўлю перад сабою задачу даказаць, што яна прыемная і яе лёгка прыняць.

Трэба памятаць, што фактычнае перажыванне болю — гэта толькі ядро цэлай сістэмы, якую можна назваць сукупнасцю смутку, што шырыцца праз страх і шкадаванне. Станоўчы вынік балючых перажыванняў залежыць ад ядра; і нават калі боль сам па сабе не меў бы духоўнай вартасці, а страх і шкадаванне мелі, тады боль мусіў бы існаваць, каб быць прычынаю страху і шкадавання. Страх і шкадаванне, несумненна, дапамагаюць нам вярнуцца да страчаных паслухмянасці і міласэрнасці. Усе адчувалі на сабе, як дзейнічае ў душы шкадаванне, дапамагаючы любіць брыдкае і не вартае любові — гэта значыць любіць людзей не таму, што яны нам прыемныя, а таму што яны — нашы браты. Дабрадзейнасць страху большасць з нас спазнавала, перажываючы «крызісы», якія прывялі да цяперашняй вайны. Мой уласны досвед выглядае прыкладна так. Жыццё цячэ, як звычайна, мяне задавальняе стан упадку і далечыні ад Бога, у якім я прабываю, паглынуты чаканнем заўтрашняй вясёлай сустрэчы з сябрамі, планамі сённяшніх справаў, якія паспрыяюць майму самаўзвышэнню, намерамі на адпачынак або новую кнігу, але вось раптоўна рэзка забалеў жывот, намякаючы на сур’ёзную хваробу, або трапіўся ў газеце загаловак, які пагражае ўсім нам поўным крахам, і пабудаваны мною картачны дамок рушыцца. Спачатку я цалкам ашаломлены, і ўсе мае маленькія радасці становяцца нібы паламаныя цацкі. Затым павольна і неахвотна, крок за крокам я спрабую ўзяць сябе ў рукі, вярнуць сабе настрой, які заўсёды мушу захоўваць у душы.

Я нагадваю сабе, што ўсе гэтыя цацкі ніколі не прызначаліся для таго, каб завалодаць маім сэрцам, што маё сапраўднае дабро — у іншым свеце, а мой адзіны сапраўдны скарб — гэта Хрыстус.

Магчыма, дзякуючы Божай ласцы мне гэта ўдасца і на пару дзён я стану чалавекам, які свядома залежыць ад Бога і чэрпае сілы з праўдзівых крыніцаў. Але адразу ж, калі пагроза знікае, уся мая натура прагне вярнуцца назад да цацак: я нават імкнуся, хай даруе мне Бог, сцерці са сваёй свядомасці ўсё, што падтрымлівала мяне ў часы небяспекі, бо цяпер гэта нагадвае аб перажытых горкіх днях. Становіцца відавочнаю жудасная неабходнасць пакутаў. Я быў з Богам усяго пару дзён і толькі з той прычыны, што Ён у гэты час забраў у мяне ўсё астатняе. Варта Яму на адно імгненне схаваць меч у ножны, і я буду паводзіць сябе як шчанюк пасля ненавіснага купання — абтрасу поўсць, як здолею, і палячу прэч, каб зноў прывычна запэцкацца, калі не ў бліжэйшай кучы гною, то па меншай меры ў бліжэйшай клумбе. Вось чаму пакуты і боль не могуць спыніцца да таго часу, калі Бог альбо ўбачыць нас змененымі, пераробленымі, альбо ўпэўніцца, што спрабаваць перарабіць нас — безнадзейна.


Пераклад з англійскай мовы Юліі Косавай
Паводле: C. S. Lewis, The Problem of Pain,
The Centenary Press, 1940.

Ілюстрацыя: Л. Канье «Разня нявінных»,
1824 г. (фрагмент).

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней