Першы раз пра аб’яўленні Багародзіцы ў Ля-Салет я пачула ад маёй знаёмай манашкі сястры Фаўстыны, якая сведчыла пра сваё навяртанне. Яна яшчэ вучылася ў горназдабыўным каледжы, калі на адной з лекцый па рэлігіі, якія яе асабліва не цікавілі, пачула, як выкладчык сказаў: «Яна сядзела і плакала, бо Яе Сын жудасна церпіць…»
Дзяўчына адчула моцнае спачуванне да Жанчыны, якая аплаквала цярпенні свайго Сына, і, падышоўшы да выкладчыка пасля лекцыі, пачала распытваць, пра каго дакладна той казаў. Даведаўшыся пра аб’яўленні ў Ля-Салет, дзяўчына вырашыла, што абавязкова мусіць паехаць у гэтую вёску на адной з вяршыняў французскіх Альпаў…
19 верасня 1846 года адзінаццацігадовы Максымін і чатырнаццацігадовая Мэлані, якія пасвілі кароў у гарах, убачылі на адным са схілаў святлісты шар, «быццам упала сонца». У гэтым святле яны разгледзелі Жанчыну, якая сядзела, абапёршыся локцямі на калені, закрыўшы твар рукамі. Прыгожая Панна ўстала і звярнулася да дзяцей: «Падыдзіце бліжэй, не бойцеся. Я тут дзеля таго, каб апавесці вам вялікую навіну». Яна зрабіла некалькі крокаў ім насустрач. Дзеці таксама наблізіліся да Жанчыны і ўбачылі, што яна плача. Панна была высокая і ўся свяцілася, апранутая, як і мясцовыя кабеты, у доўгую сукенку з вялікім фартухам вакол сцёгнаў, у хусце, перавязанай на грудзях і завязанай на спіне, і ў вясковым чапцы. Уздоўж краю Яе хусты ляжаў шырокі жалезны ланцуг, яшчэ адзін вісеў на шыі, трымаючы вялікі крыж. На папярэчнай перакладзіне крыжа, побач з прабітымі далонямі Хрыста, віселі з левага боку малаток, а з правага — абцугі. У нейкі момант прыгожая Панна сказала пастушкам: «Калі мой люд не захоча навярнуцца, Я буду вымушана адпусціць руку Майго Сына. Яна настолькі моцная і цяжкая, што Я больш не магу яе трымаць. Як жа даўно я цярплю з-за вас! Жадаючы, каб Мой Сын не пакінуў вас, Я мушу няспынна прасіць Яго аб гэтым, а вы нічога з гэтага не робіце. Нават калі вы невядома як будзеце маліцца і невядома што рабіць, ніколі не зможаце аддзячыць Мне за ўсе Мае намаганні дзеля вас».
Падчас гэтых аб’яўленняў у Францыі былі ўжо бачныя наступствы Французскай рэвалюцыі: секулярныя ідэі свабоды, роўнасці, братэрства прывялі да таго, што святасць паступова знікала з жыцця людзей не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў маленькіх мястэчках. Таму не дзіва, што Багародзіца, плачучы, нагадвала дзецям, а праз іх і ўсім, да каго дойдзе Яе пасланне, аб простых і, здавалася б, відавочных для хрысціяніна рэчах.
«Я дала вам шэсць дзён для працы, а сёмы пакінула сабе…»
«Я дала вам шэсць дзён для працы, а сёмы пакінула сабе, але людзі не хочуць гэтага прызнаць. Менавіта гэта робіць цяжкаю руку Майго Сына!»
Зразумела, што словы Панны Марыі звязаныя з трэцяй Божай запаведдзю «Памятай дзень святы святкаваць», і асабіста ў мяне вось гэтае «святкаваць» заўсёды выклікала пытанні: на Імшу я ўжо схадзіла, але ёсць жа яшчэ цэлы дзень! І што рабіць? Нейкім дзіўным чынам святкаванне нядзелі ў многіх з нас ператвараецца ў «нічоганяробленне» з дзвюх прычынаў: выканання закону (калі нават іголку нельга ўзяць у руку) або звычанай стомы. Але як зрабіць гэты дзень сапраўды асаблівым, калі за тыдзень напрацаваўся так, што ў нядзелю хочацца проста ляжаць? А можа, і трэба адпачнуць? Бог жа таксама адпачываў у сёмы дзень пасля стварэння свету…
А можа, справа не толькі ў знешнім? Магчыма, знікла адчуванне святасці гэтага дня, унутранай пяшчоты, удзячнасці, Боскага вымярэння жыцця? Адносіны — гэта ж не закон, але абмежаваць свае дзеянні да катэгорый «можна-нельга», «трэба — павінна» нашмат лягчэй, хоць адносінаў гэта не заменіць. Пытанне, як я павінна святкаваць святы дзень, важнае, але ж не першаснае? Першаснае вынікае з адносінаў з Богам: «Чаму гэты дзень для мяне асаблівы, чаму ён святы? Ці з’яўляецца ён такім для мяне?» А на гэтыя пытанні не адкажа ніводзін закон, ніводныя катэгорыі — толькі сам чалавек, які шукае Бога…
«…Мацюкаюцца, мяшаючы з мацюкамі імя Майго Сына»
«Таксама і вазакі мацюкаюцца, мяшаючы з мацюкамі імя Майго Сына. Гэта тыя дзве заганы, якія робяць вельмі цяжкаю руку Майго Сына ».
І зноў Панна Марыя кажа пра Божую запаведзь, і хочацца задаць пытанне ў тым самым духу: «Ці святое для мяне Божае імя?» Новы Запавет заснаваны на любові, а не на законе, ці нават інакш — любоў і ёсць закон.
«Калі ўраджай псуецца, дык гэта па вашай віне. Я паказала вам гэта ў мінулым годзе на бульбе. Але вы нічога з гэтым не зрабілі. Наадварот, калі знаходзілі гнілую бульбу, мацюкаліся, мяшаючы мацюкі з імем Майго Сына».
Магчыма, такім заклікам да навяртання нашай глабальнай вёскі сёння з’яўляецца пандэмія каранавіруса? Прыслухацца б, пачуць бы, што кажа Бог, імя якога нязменна святое і воля праведная…
«Ці добра моліцеся, Мае дзеці?»
«Ці добра моліцеся, Мае дзеці?» — спытала прыгожая Панна. «Не вельмі», — адказалі дзеці. «Ах, Мае дзеці, трэба добра маліцца вечарам і раніцаю. Калі не маеце часу, памаліцеся прынамсі „Ойча наш…“ і „Вітай, Марыя…“, а калі можаце, маліцеся болей… Вось, Мае дзеці, абвясціце гэта ўсяму Майму люду».
Простыя словы і простыя арыенціры, якія дала прыгожая Панна ўсяму свету праз дваіх пастушкоў Максыміна і Мэлані, але, хіба, у першую чаргу слёзы Маці прымусілі студэнтку горназдабыўнага каледжа прыехаць у Ля-Салет праз некалькі гадоў пасля пачутага. Там яна, сустрэўшы святара, які размаўляў на яе мове, прыступіла да споведзі першы раз пасля сваёй першай споведзі ў дзяцінстве. Гэта быў яе маленькі крок, каб аблегчыць цярпенні Божага Сына, каб суцешыць Яго Маці, бо малатком, што вісіць на папярэчнай перакладзіне крыжа, цвікі можна яшчэ глыбей убіць у Яго далоні, а абцугамі — выцягнуць.
Дар’я Ахламёнак
Выкарыстаныя крыніцы:
brewiarz.pl/czytelnia