Просьба «хлеба нашага штодзённага дай нам сёння» ці не здаецца часам вам нейкай прахадной, умоўнай? Мне, на жаль, так... У мяне поўная лядоўня ежы, поўная шафа адзення, ёсць грошы ў гаманцы, а я прашу ў Бога хлеба штодзённага?
Часам мне даводзіцца сутыкацца з патрэбамі іншых людзей. Некалі я дапамагала карміць бяздомных, калі мае знаёмыя кожную нядзелю гатавалі ежу і прыносілі яе ў сталічны сквер, каб пакарміць людзей. Тыя прыходзілі, чакалі валанцёраў. Езус казаў галоднага накарміць, таму нашай задачай было даць галоднаму магчымасць хоць раз на тыдзень атрымаць цёплую ежу. Але, наталяючы цялесны голад бяздомных, у валанцёраў не было адчування, што яны сапраўды накармілі людзей, што яны пазбавілі іх голаду. Голад станавіўся рэальнасцю больш глыбокай — духоўнай. Людзі сыходзілі са скверу, каб далей бадзяцца, выпіваць, каб далей заставацца ў той сітуацыі, у якой апынуліся. Таму валанцёры паспрабавалі расказваць пра Езуса і Евангелле бяздомным людзям. Валанцёры віншавалі іх з хрысціянскімі святамі, паказвалі сцэнкі. Я не ведаю дакладна, чаму спынілася гэтая справа, але, памятаю, у мяне з’явілася разуменне, што голад — гэта больш шырокае паняцце, гэта, хутчэй, паняцце патрэбы. Але, бясспрэчна, патрэба эмацыйная, псіхалагічная, духоўная ў чалавека часцей за ўсё з’яўляецца, калі ў галаве ўжо не круціцца думка «што ж я дам заўтра дзецям паесці?».
Людская патрэба. З ёю вельмі нялёгка разабрацца. На сваім вопыце мы бачым, як растуць нашыя матэрыяльныя патрэбы з ростам даходаў. Вось, напрыклад, яшчэ ўчора я магла сабе дазволіць у кіно схадзіць раз на месяц — і была радаснаю ад гэтага. А сёння ўжо мне абавязкова трэба аплочваць безлімітны інтэрнэт на тэлефоне, каб у любы момант мець доступ да любімага серыялу, другога, трэцяга, дзясятага. Бо хочацца. І так у дачыненні да адзення, ежы, інтэр’еру. Як гэта назваць? Хлеб штодзённы? Вось гэта дастатак, які перарастае ў залежнасць? Калі ў чалавека ў кожным пакоі тэлевізар: у адным Ютуб можна паглядзець, у другім — безліч каналаў, а ў трэцім — праграму за праграмай, пакуль ежу на кухні гатуеш. А гэта як назваць? Нарэшце Бог даў мне мой «хлеб штодзённы», якога кожны дзень прашу ў малітве «Ойча наш...»? І давай, Божа, далей, вось так, а не інакш!
А ці не стаіць гэты «хлеб» ужо папярок горла? Задаволіць самыя базавыя патрэбы, а задаволіўшы, перапоўніцца гэтым усім, пераесці і, банальна кажучы, ляжаць на канапе, не хочучы нічога ад жыцця.
Нешта не тое з нашаю штодзённаю «ежаю»,
нейкая яна аднадзённая,
пасля якой голад разгараецца яшчэ больш.
І насычэння яна не дае, і жыцця таксама.
Што, урэшце, мы спажываем? Чым насычаем нашую штодзённасць? Абыходзім крамы, каб знайсці таннейшую курыную грудку. Закупаемся мноствам непатрэбнай драбязы ў крамах з фіксаванаю цаной, бо танней! Глядзім праграмы адна за адной, але часам і карысныя праграмы, з якіх ёсць чаму павучыцца, хоць і няма потым часу гэта ўсё прымяняць у сваім жыцці! Бо пачалася наступная праграма! Так і жывём, трацім на гэта час, такі бяцэнны і дадзены нам толькі раз.
У нас, хрысціянаў, думаю, павінен знайсціся адказ на тое, што ўсё ж з’яўляецца нашым сапраўдным штодзённым хлебам. Гэта любоў. Так проста. Думаю, вы адчувалі розніцу паміж тым, каб змарнаваць цэлы вечар на тэлевізар і правесці цэлы вечар, гуляючы з дзецьмі або ўнукамі. Або паміж тым, каб аббегаць усе крамы, шукаючы сабе чарговую шапку, і ахвяраваць дзень на ўпрыгожванне вашага парафіяльнага касцёла. Або пачытаць цудоўную, карысную кнігу пра бізнес або адну главу са Святога Пісання. Гэтую нябачную, ледзь улоўную, розніцу мы заўсёды недзе ўнутры адчуваем. Проста першае, што прыходзіць у галаву, — задаволіць цялеснае, эмацыйнае, а на духоўнае за гэтым усім часу ўжо не стае. Так і застаёмся галоднымі. Бог дае нам хлеб жыцця, а мы кідаемся на хлеб з маслам.
І гэта не папрокі, гэта, на жаль, рэальнасць, якая заўсёды нас з вамі будзе суправаджаць у жыцці. І толькі закасаўшы рукавы, бярэш сябе ў рукі і пачынаеш шукаць сапраўдны штодзённы хлеб, без якога не пражыць ні дня. І падысці да гэтага хлеба бывае страшна цяжка, але, з’еўшы кавалак, адчуваеш, што жывы.
Пасля малітвы «Ойча наш...» у Евангеллі паводле Мацвея Езус гаворыць не турбавацца аб жыцці, аб тым, што есці і што піць, не турбавацца пра цела і ў што яго апрануць. У той жа час Ён прапануе нам паглядзець, якія прыгожыя палявыя лілеі, калі Бог клапоціцца пра іх, якія сытыя птушкі нябесныя, бо Ён корміць іх. Што ўжо казаць пра нас, дзяцей Айца? Бог не кажа быць галоднымі і непрыгожымі. Ён кажа не клапаціцца, бо клопат, мітусня — гэта вораг пад выглядам нібыта хлеба, сэнсу, праўды. Ды толькі чалавек жыве, па-сапраўднаму жыве, словамі вечнага жыцця: «Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам» (Мц 6, 33).
Вольга Адамовіч