Сваімі разважаннямі і досведам пра харызматычную малітву праслаўлення, якая стала шырока распаўсюджвацца ў Каталіцкім Касцёле ў другой палове ХХ ст. і называецца часам проста малітвай праслаўлення, дзеліцца Аляксандра Шчыглінская.
Малітва праслаўлення многім людзям падаецца незразумелай і нейкай чужароднай, маўляў, у Касцёле традыцыйна такога не было і канцэртам у касцёле не месца. Іншыя ж кажуць аб тым, што харызматычная малітва праслаўлення — гэта ўздзеянне на эмоцыі, што падчас малітвы не патрэбна і нават небяспечна.
Але такія погляды на харызматычную малітву (ці малітву праслаўлення, як яе яшчэ называюць) нараджаюцца перш за ўсё з-за нашага няведання і павярхоўнага стаўлення да гэтай з’явы. І яшчэ проста таму, што мы такога не ведалі раней — вось нам аўтаматычна і «не падабаецца». Але трэба спачатку разабрацца, што гэта, а потым фармаваць сваё стаўленне.
Першае, што хочацца сказаць і што я асабіста лічу важным, — харызматычны рух зацверджаны Каталіцкім Касцёлам, і гэта не штосьці чужароднае, але адзін са шляхоў духоўнасці, якіх у Касцёле вялікае мноства. Гэта азначае, што малітва праслаўлення — не нейкая памылка і не канцэрт, а прынятая Касцёлам форма малітвы, якая сярод іншых формаў вартая павагі і... нашай увагі.
Старонка гісторыі
Каталіцкі харызматычны рух распаўсюдзіўся пасля Другога Ватыканскага Сабору, і на дадзены момант прадстаўлены афіцыйна праз ICCRS — «Міжнароднае служэнне Каталіцкага харызматычнага абнаўлення».
14 сакавіка 1992 г., падчас аўдыенцыі, святы папа Ян Павел ІІ сказаў такія словы пра харызматычны рух: «Як не падзякаваць Богу за багаты плён, які на працягу мінулых дзесяцігоддзяў у жыцці асобных людзей і супольнасцяў прынясло Аднаўленне ў Святым Духу? Безліч людзей зразумелі важнасць Святога Пісання для хрысціянскага жыцця, адкрылі ў сабе нанова важнасць і сэнс малітвы, а таксама глыбокае прагненне святасці, вярнуліся да святых сакрамэнтаў, увайшлі ў больш поўнае разуменне свайго хрысціянскага паклікання і прысвяцілі сябе служэнню Касцёлу з вартай здзіўлення ахвярнасцю»[1].
Таксама і папа Бэнэдыкт XVI, тады яшчэ кардынал Ёзаф Ратцынгер, займаючы пасаду прэфекта Кангрэгацыі веравучэння, прыхільна выказаўся аб каталіцкім харызматычным абнаўленні: «...у гэтым выпадку ідзе гаворка пра надзею, пра пазітыўны знак часу, пра Божы дар нашаму часу. Гэта паўторнае адкрыццё радасці і багацця малітвы насуперак закасцянелым і сухім тэорыям і практыкам секулярызаванага рацыяналізму. Я і сам пераконваюся ў тым, што харызматычны рух карысны і варты даверу»[2]. Дарэчы, кардынал Ёзаф Ратцынгер належаў да групы тэолагаў-кансультантаў, якія распрацоўвалі Першы малінскі дакумент «Тэалагічныя і душпастырскія арыенціры Каталіцкага харызматычнага абнаўлення».
Такім чынам, харызматычны рух у Касцёле — гэта нашмат больш глыбокая і станоўчая з’ява, чым проста канцэрт са спецэфектамі ці эмацыйная малітва... Ён увогуле не з’яўляецца такім. Проста так нам здаецца ад няведання і ад таго, што раней мы не сустракаліся з такім спосабам малітвы ў Беларусі.
Мой асабісты досвед
Так склалася, што я прыйшла да Бога ў невялічкай парафіі ва Украіне, што якраз належала да харызматычнага руху. Я не ведала іншага спосабу малітвы, і мне ён адразу вельмі спадабаўся менавіта не музыкай ці спецэфектамі, а жывымі адносінамі з Богам, якія я заўважала ў людзей навокал, і гэтыя жывыя адносіны з Богам сталі важнымі і для мяне. З цягам часу, калі я прыехала ў Беларусь, мы з сябрамі сталі збірацца ў харызматычнай малітоўнай групе Via Dolorosa, а пазней быў заснаваны мінскі філіял Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі, якім я некаторы час займалася як свецкі каардынатар.
За гэты час я была на шматлікіх малітвах праслаўлення, грала на іх як музыкант і вельмі цешылася, што гэты рух нараджаецца ў Беларусі. Я ўбачыла, што ў беларускіх рэаліях шмат неразумення ў адносінах да «харызматаў», хаця гэтая з’ява зацверджана Касцёлам і ў сваёй сутнасці вельмі добрая. Касцёл у гэтым сэнсе вельмі разнастайны: у ім шмат рухаў і супольнасцяў, і я лічу, што трэба адносіцца з павагай да кожнага з іх.
Плюсы, якія я бачу ў каталіцкім харызматычным абнаўленні, — гэта асабістае асэнсаванне веры, жывыя адносіны з Богам. Яны не пярэчаць «традыцыйным» практыкам, а з’яўляюцца іх сэрцам і заклікаюць перажываць іх нанова. Адсюль нараджаецца прагненне больш глыбока вывучаць Святое Пісанне і жыць, імкнучыся да святасці. І гэта не эмоцыі, гэта — духоўная з’ява: калі мы адкрываемся на дзеянне Святога Духа, мы з зусім іншым усведамленнем падыходзім да нашага духоўнага жыцця.
Не проста канцэрт
Памылковай з’яўляецца думка, што малітва праслаўлення — гэта проста канцэрт са спецэфектамі і хрысціянскімі песнямі. Насамрэч, канцэрт ад малітвы вельмі адрозніваецца. І гэта патрабуе ўсведамлення з абодвух бакоў: таго, хто вядзе малітву (грае, спявае), і таго, хто ў ёй удзельнічае. Адны і тыя ж спевы, як ціхія, так і вельмі гучныя, можна спяваць па-рознаму: калі той, хто спявае, сапраўды моліцца і звяртаецца да Бога, то такая малітва мае вялікую моц. Як казаў святы Аўгустын: «Хто спявае, той двойчы моліцца».
У Святым Пісанні шмат прыкладаў малітвы праслаўлення (малітвы з музыкай): праслаўленне Бога ізраэльскім народам пасля пераходу праз Чырвонае мора; праслаўленне караля Давіда, які ўсталяваў кругласутачнае праслаўленне каля скініі; Новы Запавет нам кажа: «Настаўляйце адзін аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу» (Кал 3,16б); нарэшце, у кнізе Апакаліпсіса св. Яна прадказана, што выбраныя будуць спяваць Богу «новую песню» (Ап 14, 3). Такім чынам, можна задаць сабе пытанне: што мы будзем рабіць у вечнасці, калі яшчэ тут, на зямлі, не навучымся праслаўляць Бога?
У нашых рэаліях...
Як я ўжо сказала, у нас на Беларусі харызматычны рух звязаны з непаразуменнямі і перасцярогамі. Але ёсць зацікаўленыя людзі, якія б вельмі хацелі ўдзельнічаць у харызматычных рэкалекцыях, малітоўных групах і малітвах праслаўлення. Як жа зрабіць так, каб пазнаёміцца з гэтым рухам, быць адкрытымі на дзеянне Святога Духа і адначасова не нарабіць памылак? На маю думку, тут ёсць некалькі момантаў.
Па-першае, вельмі важнай з’яўляецца адукацыя ў гэтай сферы. Большасць людзей у Беларусі не ведае, што харызматычны рух — афіцыйна прызнаны, што ён шырока распаўсюджаны ва ўсім свеце. Патрэбны адукаваныя душпастыры і лідары, якія змогуць растлумачыць людзям і навучыць іх, як правільна праводзіць малітву праслаўлення, што такое духоўныя дары і як імі карыстацца, што такое малітва аб аздараўленні і г.д. На маю думку, вялікая памылка і небяспека ў тым, што людзі, не ведаючы нюансаў, трактуюць харызматычную малітву як «уваход у духоўны свет», стараюцца нешта адчуць, перажыць, атрымаць духоўныя дары. Гэта небяспечна, таму што ў духоўным свеце ёсць не толькі добрыя духі, але і злыя, і гуляць з гэтым нельга. Але калі мы будзем радасна, з вераю праслаўляць Хрыста і шукаць менавіта Яго сваім позіркам — гэта і будзе сапраўдная малітва, з якой вынікаюць усе неабходныя Божыя ласкі. Трэба шукаць Бога, а не Яго дароў, не эмоцый.
Па-другое, для таго, каб харызматычны рух развіваўся ў Беларусі, павінны з’явіцца душпастыры, якія будуць гэта любіць, бо толькі той, хто любіць, укладзе ўсё сваё сэрца і зробіць гэта з усёй старанасцю.
І трэцяе — трэба маліцца. Згадаем, што гісторыя каталіцкага харызматычнага руху пачалася ў 1967 г. менавіта з малітвы студэнцкай супольнасці ў каталіцкім універсітэце Святога Духа імя Дзюкейна ў Пітсбургу (ЗША). «Бог прыходзіць туды, дзе Яго чакаюць», — пачула я аднойчы. Напэўна, так яно і ёсць.
«Бо разалью воды на зямлю сасмаглую
ды рэкі на сухую,
вылью ад Духа Майго на патомства тваё
і благаслаўленне Маё на нашчадкаў тваіх» (гл. Іс 44, 3).
Будзем жа маліцца,
а Бог расставіць усё на свае месцы.
Аляксандра Шчыглінская
[1] Гл. «Then Peter stood up…», Collection of the Popes’ Addresses to the Catholic Charismatic Renewal from its origin to the year 2000, Compiled by Oreste Pesare, ICCRS, Vatican City, 2000, c. 51.
[2] Гл. Joseph Ratzinger & Vittorio Messori, «Raporto sulla fede», Edizioni Paoline s.r.l., 1985, c. 144.