Маліцца заўсёды

«Што, сур'ёзна? Маліцца заўсёды?»


Нярэдка можна пачуць такую рэакцыю на настаўленне святога Паўла няспынна маліцца (гл. 1 Тэс 5, 17). Ці ведае ён, з чым нам даводзіцца сутыкацца, ці ведае патрабаванні нашага часу, тэмп сучаснага свету, не кажучы ўжо пра слабасць і непаслядоўнасць нашай чалавечай прыроды? Ён проста не можа мець на ўвазе, што «заўсёды, няспынна» — гэта ўвесь час і ўсюды. Гэта ж немагчыма!

Кожны раз, калі слова «немагчыма» пракрадаецца ў наш слоўнік, трэба глядзець на яго больш уважліва. Памятаеце словы са Святога Пісання: «У Бога ўсё магчыма» (Мц 19, 26)? Вельмі часта некаторыя рэчы, якія здаюцца нам немагчымымі, — гэта якраз тое, што Бог хоча зрабіць у нашым жыцці сваёю моцаю.

Давайце на імгненне паглядзім на іншую «немагчымасць» ― словы  : «Я з вамі ва ўсе дні» (Мц 28, 20). У дадзены момант, калі я пішу артыкул, я сяджу адна ў пакоі ў кляштары. Толькі я, камп’ютар і іншыя прадметы ў пакоі. Тут больш нікога няма. Нікога — гэта значыць, што я нікога не бачу вачыма, не чую вушамі і не магу дакрануцца рукамі. Але вочы веры кажуць мне зусім іншае. Сваім сэрцам я магу пачуць голас, які прамаўляе ў цішыні. І мая душа трымаецца і ўмацоўваецца стваральным дотыкам майго Бога. Сур'ёзна? — скажаце вы. Так, бо Ён аддаў сваё жыццё менавіта з гэтай прычыны.

Такім чынам, давайце аб'яднаем гэтыя дзве «немагчымасці». Велікодны перыяд — добры час, каб абудзіць нашую веру ў прысутнасць Езуса з намі з дня ў дзень. У чытаннях на Імшы мы чуем пра Яго: Ён ідзе са сваімі вучнямі па дарозе ў Эмаўс, ладзіць сняданак для апосталаў на беразе мора і працягвае руку вучню, згубленаму ў сумненнях. Дык што ж перашкаджае Яму далучыцца да нас, калі мы працуем? Ці за кухонным сталом за кубкам кавы? Ці напрыканцы дня, калі малітва, здаецца, заглушаецца сумневамі, шкадаваннямі і страхамі? Быць адкрытым на Яго прысутнасць — гэта і ёсць малітва: назіраць за знакамі Яго любові, слухаць Яго словы і чакаць Яго гаючага дотыку. Паколькі Ён заўсёды з намі, мы сапраўды можам маліцца няспынна. Сур'ёзна!


Сястра Мэры Луіза OCD, Лос-Анджэлес
Пераклад з англ. Эльвіры Палінеўскай
Паводле: integratedcatholiclife.org

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней