Каб не страціць галоўнае…

Любая страта баліць, бо пазбаўляе нас чагосьці патрэбнага і прыемнага ў фізічным або нематэрыяльным плане. Канешне, мы згаджаемся, што не выпадае «прыклейвацца» да рэчаў, прысвойваць Божыя дары і г.д., пакуль не наступае момант выпусціць іх з рук. Што тады адбываецца? Чаму мы так баімся паслабіць «абдымкі», якімі прыціскаем да сябе атрыманыя ад Бога даброты? Хіба Ён хоча забіраць, а не даваць?


Справа, мне здаецца, не столькі ў нашай чалавечай прагнасці і эгаізме, хоць не без іх, вядома. Мы проста любім тое, што Бог дае, і гэта добры адказ на Яго любоў. Было б горш, калі б пагарджалі і не звярталі ніякай увагі. Праўда, і пагарджаем, і не звяртаем, але цяпер не аб гэтым. Кожны, нават дробны падарунак – сапраўдны цуд, калі прыгледзецца. Як можна ўтрымацца ад захаплення, штодня знаходзячы вакол сябе безліч ласкаў Божых? Цешыцца, дзяліцца радасцю – ўсё гэта добра, але неразважліва спыняцца толькі на пачуццях. Па шчырасці, часам мы любім дары мацней, чым Дарыцеля. Зачаравана ўглядаючыся ў іх, губляем з вачэй Бога і, на вялікі жаль, не лічым гэта стратай. Зводзім бязмежнасць да маленькай скрынкі і трасемся над ёю, нібы ў вечнасць без яе не пусцяць.

Дарэчы, ці часта хто думае пра вечнасць як пра дар і прапанову? Зямное жыццё страціць страшна, а вечнае… А губляючы вечнасць, губляем Бога. Калі паглядзець у такім ракурсе, працяг няўдалага карыстання нейкай рэччу можа аказацца стратай непараўнальна горшаю, чым адмова ад уладання, бо, дазваляючы сабе загразнуць у набыванні, а потым і вартаванні, падтрымліванні ў належным стане таго, што займелі, мы робімся ўсё цяжэйшымі «на пад’ём», і нас ужо не кранаюць заклікі выйсці ў шлях, выплысці на глыбіню. Куды плысці, калі човен перагружаны?

«Скінем з сябе ўсялякі цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры» (Гбр 12, 1–2). Слушна будзе запытацца не агулам: «Дзе мы? Ці цярпліва змагаемся?», але:

«Дзе я? Ці не страх страты – той цяжар, што прыціскае да зямлі?
Я хаця б на дарозе ці хаваюся ў зарасніку,
чакаючы (вельмі цярпліва),
пакуль усе прабягуць?»
Найгорш, калі крывавае змаганне ідзе не з грахом,
але за месцы ў тым утульным прыдарожным хмызняку.

А як жа Езус? Пачынальнік і завяршальнік веры, Ён – крыніца і мэта жыцця, а не сам факт пазбаўлення ад «цяжару і граху». Калі глядзім на Яго і ідзём за Ім, то маем надзею пазнаць і палюбіць так, што пачынаем бегчы да Яго. Тады толькі па-сапраўднаму пачынаем разумець, што нам перашкаджае і што трэба адпусціць ці раздаць. Любоў пазбаўляе ад страху. Уступіўшы ў гэтае неверагоднае змаганне, аб якім кажа аўтар паслання да Габрэяў, мы атрымліваем усё больш, таму што, калі Бог просіць адмовіцца ад нечага, то адначасна і прапануе непараўнальна больш. Ён вучыць нас прымаць і аддаваць, падтрымліваць іншых і прасіць дапамогі, сябраваць, спазнаваць і цаніць свабоду.

Адно слова трапна ўдакладняе ўсю карціну — «цярпліва». Пасланне не пакідае ілюзій наконт абязбольвання. Не маючы Хрыста перад вачыма, не злучаючы сваё цярпенне з Ягоным, немагчыма прасунуцца далёка. Не трыумфатараў з чырвонай стужкай перамогі кліча Езус, кажучы: «Прыдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя» (пар. Мц 11, 28), а тых, што выбеглі Яму насустрач без падрыхтоўкі і асаблівага спрыту, але з любові, тых, каго боль прашывае наскрозь, калі адыходзіць вельмі блізкі чалавек, калі знікае вартасць усіх рэчаў і самога жыцця. Пасля смерці роднай сястры П’ер Тэйяр дэ Шардэн SJ пісаў свайму брату: «Адзіны спосаб знесці жыццё – любіць і шанаваць Таго, Хто глыбей за ўсё створанае, ажыўляе і вядзе яго».


Тэрэса Клімовіч

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней