У гэтым годзе адзначаецца 100-годдзе аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме. Вельмі сімвалічна, што год святкавання юбілею Фацімскага паслання аб навяртанні грэшнікаў ідзе ўслед за Годам Міласэрнасці. У гэтым артыкуле я хацеў бы сказаць пра надзённую неабходнасць выканання адной з найважнейшых просьбаў Маці Божай Фацімскай: штодня маліцеся Ружанец.
Мая сям'я моліцца Ружанец кожны дзень з таго моманту, як маёй дачцэ, Сэсіліі споўнілася дзевяць гадоў. У той час я быў рэдактарам «National Catholic Register» (каталіцкай газеты ў ЗША. — Э.П.), калі яна сказала: «Тата, у газеце ты ўвесь час пішаш пра тое, як важна маліцца Ружанец. Дык чаму ж мы ніколі гэтага не робім?»
З таго часу мы пачалі маліцца Ружанец і вельмі шчаслівыя, што робім гэта. Вось чатыры прычыны, па якіх вы таксама павінны маліцца.
Па-першае, малітва на Ружанцы штодня дае вашай сям'і «магчымасць быць з Богам».
На працягу многіх гадоў мы адкрылі, што, калі молімся Ружанец, мы становімся бліжэй адзін да аднаго і наша сям'я ўмацоўваецца амаль аўтаматычна. Гэта датычыць нават малітвы паасобных дзясяткаў (часам мы молімся толькі адну альбо тры дзясяткі), а таксама «паспешлівых», «нудных» і «рассеяных» Ружанцаў, у тым ліку Ружанцаў, якія мы молімся ў аўтамабілі.
Чаму? Святы Ян Павел II піша ў сваім апостальскім лісце пра Ружанец: «Ружанцовая малітва за дзяцей, а яшчэ больш з дзецьмі, якая прывучае іх ужо з малых гадоў да гэтага штодзённага моманту „малітоўнага перапынку“ ўсяе сям'і, канешне, не вырашае ўсіх праблемаў, але з'яўляецца духоўнаю дапамогаю, якою не трэба пагарджаць» (Rosarium Virginis Mariae, 42).
Ружанец спыняе занятую сям'ю ў яе штодзённых справах, супакойвае шум свету, збірае нас разам і канцэнтруе нашу ўвагу на Богу, а не на саміх сабе, і з гэтага мы атрымліваем псіхалагічныя і эмацыйныя цуды. Але малітва Ружанца робіць значна больш.
Па-другое, штодзённая малітва Ружанца акумулюе велізарныя духоўныя сілы ў нашай барацьбе з грахом.
Гэта ўрок, які мы забываем зноў і зноў. У духоўным жыцці толькі нашых сілаў недастаткова. Мы можам думаць, што мы дзейсныя і добрыя, але нечаканыя спакусы ў адзін момант могуць перамагчы нас.
Катэхізіс і пастырская Канстытуцыя Gaudium et Spes, 37 сцвярджаюць: «Чалавек павінен няспынна змагацца, каб трымацца дабра, і толькі цяжкай працай і з дапамогай Божай ласкі ён зможа дасягнуць еднасці з самім сабою».
У Святым Пісанні неаднаразова даецца адказ на гэтую праблему: «чувай і маліся». Калі мы спадзяемся мець хоць нейкі шанец у нашым хрысціянскім жыцці, нам неабходна знайсці такі час, каб рэгулярна, сістэматычна, мэтанакіравана яднацца з духоўнай сілай Езуса Хрыста, нашага Пана і Брата, і з Марыяй, нашай нябеснай Маці. Нам патрэбны Ружанец.
Па-трэцяе, малітва Ружанца — гэта вялікая рэч, якую мы можам зрабіць для Касцёла ў цяжкія часы.
Папа Францішак распавядае гісторыю з таго часу, калі ён быў біскупам і далучыўся да групы, якая малілася Ружанец са св. Янам Паўлам II: «Я маліўся сярод люду Божага, да якога я і ўсе астатнія належалі, на чале з нашым пастырам. Я адчуваў, што гэты чалавек, абраны кіраваць Касцёлам, ішоў шляхам да сваёй Маці ў небе, шляхам, вызначаным з самага дзяцінства. Я зразумеў прысутнасць Марыі ў жыцці Папы, сведчанне, якое ён ніколі не пераставаў даваць. З таго моманту я малюся 15 таямніцаў Ружанца кожны дзень».
Біскуп Берголіа бачыў, што Ян Павел ІІ — лідар Касцёла, які збіраў усіх вернікаў у адзіным акце глыбокай пашаны і просьбы. І гэта змяніла яго. Сёння існуе вялікая раз'яднанасць унутры Касцёла, рэальная раз'яднанасць і ў вельмі істотных пытаннях. Але Ружанец аб'ядноўвае нас у тым, што агульнае ў нас — у нашай місіі і мэце, у Езусе, нашым Настаўніку, і ў Марыі, нашым узоры. Ружанец таксама лучыць нас з вернікамі ва ўсім свеце ў адно войска малітоўных ваяроў пад кіраўніцтвам Папы.
Па-чацвёртае, малітва Ружанца ўратуе свет.
У Фаціме Маці Божая выразна сказала: «Маліцеся Ружанец кожны дзень, каб выпрасіць спакой для свету».
Адданасць маёй сям'і штодзённай малітве Ружанца яшчэ больш узрасла пасля падзеяў 11 верасня 2001 года, тэрарыстычных атакаў у ЗША, калі Ян Павел ІІ заклікаў да штодзённай малітвы Ружанца за спакой у свеце. Таксама ў сваім лісце Rosarium Virginis Mariae ён прасіў штодзённа маліцца Ружанец за сем'і, якім «ўсё больш і больш пагражаюць разбуральныя сілы ідэалагічнага і сацыяльнага характару».
Нават без уліку таго дабра, якое мы асабіста атрымліваем ад гэтай малітвы, штодзённы Ружанец па-ранейшаму важны, таму што ў гісторыі была засведчана яго моц: ад бітвы пры Лепанто да распаду Савецкага Саюза.
Том Хупс
Пераклад з англ. мовы Эльвіры Палінеўскай
Паводле: aleteia.org