Жанчына — Божы дар для свету

І сказаў Пан Бог: Не добра, каб чалавек быў адзін. Ствару адпаведную яму дапамогу. <…> Тады Пан Бог спаслаў на Адама глыбокі сон. А калі той заснуў, вынуў адно з рэбраў ягоных, а месца тое закрыў целам. Потым з рабра, узятага з Адама, збудаваў Пан Бог жанчыну і прывёў яе да Адама. І сказаў Адам: Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела. Яна будзе названа жанчынай, бо ад мужчыны была ўзята (Быц 2, 18–23).


Матэрыял падрыхтаваны паводле рэкалекцый сястры Паўлы Бобер MSF. 

Сястра Паўла Бобер MSF —тэолаг, выкладчык, псіхолаг, псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай.

Пан Бог палічыў, што чалавеку дрэнна быць аднаму і стварыў «адпаведную яму дапамогу». Магчыма, гэтыя словы для нашага слыху гучаць сухавата. У арыгінале выраз «эзер ке-негдо» сустракаецца 20 разоў, і кожны раз — у апісанні Бога, які прыходзіць як Збаўца ў самую безвыходную сітуацыю чалавека. Толькі аднойчы гэты выраз апісвае чалавека — у момант стварэння жанчыны. Магчыма, на гэтым увогуле можна скончыць размову, заклікаўшы Духа Святога і пажадаўшы мужчынам паразважаць над гэтымі словамі, а жанчынам — зразумець і ажыццявіць сваё пакліканне. Але давайце паразважаем разам.

Памочнік — не галоўная дзейсная асоба, звярніце на гэта ўвагу. Ад умення саступіць кіраўнічую ролю, асабліва ў сямейных адносінах, шмат чаго залежыць.

Мудрасць жанчыны ў тым, каб паказваць мужчыну: «паглядзі сюды, звярні ўвагу на гэта», не выходзячы пры гэтым на першы план.

Можна сказаць, што Бог стварыў жанчыну такім «шэрым кардыналам» у станоўчым сэнсе. Памочнік, з аднаго боку, не стаіць на чале, але ён мусіць больш бачыць і чуць, глыбей разумець сітуацыю. Ніхто не запярэчыць, што ў жанчын гэта часам аж занадта добра атрымліваецца — кожны з нас ведае сярод сваіх знаёмых спадарыню, якая заўсёды «ў курсе» пра ўсіх і ўсё, што адбываецца. Але гэта вельмі важная і карысная рыса жаночага характару. Прывяду не вельмі відавочны прыклад са Святога Пісання — жонка Пілата, якая здолела ўбачыць у Езуса праведніка, пасланага Богам, зразумела ўсю сітуацыю глыбей і папрасіла мужа нічога дрэннага Яму не рабіць.

Жанчына не заўсёды ўмее аргументаваць сваю просьбу або пытанне, здараецца, што адзіны яе аргумент — гэта інтуіцыя. Але гэта аргумент! У сем’ях з гарманічнымі адносінамі мужчыны зазвычай прыслухоўваюцца да жонак, якія без панікі і істэрыкі, вельмі спакойна і сур’ёзна раяць ім нешта рабіць, а нечага не рабіць. Калі муж ведае сваю жонку, прымае яе жаночую сутнасць, для яго жаночая інтуіцыя мае значэнне. У працэсе працы я сустракаю многіх мужчын, якія пра гэта сведчаць. Жанчына часта бачыць абставіны глыбей і не столькі разумее, колькі адчувае — у гэтым яе прыродная здольнасць. Разуменне таксама прыходзіць, але пазней — жанчыны могуць цудоўна працаваць і з логікай, але да лагічных высноваў прыходзяць крыху інакш, чым мужчыны, іншымі шляхамі. І гэта вельмі добра, як увогуле добрая кожная разнастайнасць.

Яшчэ адна рыса добрага памочніка — цярплівасць. Што ж з намі, жанчынамі, здарылася, што так часта нам яе не хапае? Нярэдка чуецца: «Давай хутчэй, адразу цяпер зрабі, ужо тры хвіліны прайшло, а ты нічога не зрабіў яшчэ! Значыць, ты мяне не кахаеш!» — скандал на роўным месцы.

Важная рыса памочніка — ураўнаважанасць. Нават улічваючы жаночую эмацыйнасць і няпростую фізіялогію, мы можам захоўваць ураўнаважанасць, калі не трацім адносіны з яе адвечнаю Крыніцаю — нашым Стварыцелем. З гэтым звязаны і кантроль над эмоцыямі, уменне захоўваць спакой. Параю яшчэ: калі бачыце, што эмоцыі выходзяць з-пад кантролю, кідайце усе размовы, усе справы, пакуль не супакоіцеся.

Яшчэ адна рыса памочніка — альтруізм, скіраванасць на іншага чалавека, уменне яго заўважыць, прыслухацца да яго. Усё гэта робіць жанчыну «адпаведнаю дапамогаю».

Давайце цяпер паразважаем, што ўклаў Бог у душу жанчыны.

Найперш гэта імкненне наладжваць адносіны, кахаць і быць каханаю.

Жанчына больш скіраваная на адносіны, чым на справы, для яе важнейшае, чым для мужчыны, стаўленне чалавека да чалавека. Але гэтая зацікаўленасць у адносінах, калі над ёю не панаваць, на жаль, робіць нясталых, несфармаваных жанчын схільнымі да плётак...

Бог уклаў у жаночую душу імкненне да прыгажосці — і знешняй, і перадусім унутранай. Асабліва гэта адчуваецца ў дзяцінстве. Маленькія дзяўчынкі любяць пакруціцца перад бацькамі ў прыгожай сукенцы, яшчэ не асабліва думаючы аб знешняй прыгажосці — дзеці ўвогуле не могуць ацэньваць знешнасць. Дзяўчынкам радасна ў такія моманты, бо бацькі глядзяць на іх з любоўю, таму што ўсведамленне прыгажосці — гэта пытанне ўнутранага стану. Дарослыя жанчыны, аднак, часта не вераць словам «якая ты прыгожая!», бо гэта супярэчыць іх душэўнаму стану.

Бог надзяліў жанчыну жаданнем прымаць удзел у справе: у Божай справе, у справе сям’і, фірмы, прадпрыемства і гэтак далей.

Жаночае пакліканне — несці святло і гармонію туды, дзе яна працуе. Гэта, у тым ліку, можа быць і кіраванне, насуперак стэрэатыпам.

Бываюць цудоўныя жанчыны-кіраўнічкі, і гэта таксама залежыць ад унутранай сталасці жанчыны. На жаль, з некаторымі высокапрафесіянальнымі спецыялісткамі немагчыма працаваць разам, настолькі яны ўнутрана нясталыя, «сухія», бо, знайшоўшы сваю справу, абмінулі агульнае жаночае пакліканне і нічога не ўкладаюць у міжчалавечыя адносіны.

Яшчэ раз хачу звярнуць вашую увагу на прагненне адносінаў, укладзенае Богам у душу жанчыны. Гэтая рыса ўласцівая Яму самому: Бог таксама прагне адносінаў з чалавекам. Мы часта шукаем Яго розумам, але гэтага мала, Яму патрэбныя адносіны з намі, супрацоўніцтва з намі, агульная справа, да якой мы далучымся.

З жанчынаю, створанаю гэтак гарманічна паводле Божага вобразу, здарылася бяда — адбылося падзенне, першародны грэх. Усё, што ёй уласціва, было страчана і сапсавана. Імкненне да адносінаў ператварылася ў жаданне кантраляваць і панаваць над усім. Інтуіцыя і глыбокае бачанне сітуацыі перамяніліся ў прыдумлянне гісторый, скандалы на роўным месцы і недавер. Імкненне да прыгажосці, сапсаванае першародным грахом, змушае жанчын успрымаць сябе як тавар, які важна прадаць з выгадай. Часта яны клапоцяцца выключна пра знешнюю прыгажосць. Замест імкнення прыняць удзел у справе жанчыны паказваюць або поўную бездапаможнасць («я не магу; я не ўмею; зрабіце гэта замест мяне...»), або поўную самадастатковасць: маўляў, я з усім сама спраўлюся, мне ніхто не патрэбны. Жанчыны становяцца эгаістычнымі і баяцца дапусціць некага ў сваё сэрца, замыкаюцца ад блізкіх адносінаў, ад сужэнства, ад нараджэння дзяцей, бо не могуць прыняць іх. Гэта вельмі сумна, бо, адмаўляючыся ад гэтага ўсяго, жанчыны адмаўляюцца ад сябе саміх і не могуць сябе знайсці.

Жанчына часта перажывае спакусу быць лепшаю за Бога. Узгадайце Сару, жонку Абрагама, якая не магла паверыць, што ў старасці зможа нарадзіць дзяцей і вырашыла «дапамагчы Богу» — замест Яго выканаць Ягонае абяцанне і зрабіць Абрагама бацькам многіх народаў. Яна ўзялася за справу і аддала Абрагаму служанку Агар, каб тая нарадзіла яму дзяцей. Вядома, чым гэта ўсё скончылася...

Жанчына часта імкнецца вучыць іншых, паказваць іншым іх памылкі, асабліва мужчынам, асабліва так, каб гэта заўважылі ўсе. Гэта глыбока памылковае ажыццяўленне жаночага паклікання да ўдзелу ў справе.

Сталая, добра сфармаваная жанчына памятае пра добрае стаўленне да ўсіх людзей, пра роўныя адносіны; яна спачувае і падтрымлівае замест таго каб публічна прыніжаць.

Вялікая жаночая спакуса — перфекцыянізм, немагчымасць расслабіцца хоць на нейкі час. Абавязкова вымыць посуд сёння, няхай нават позна і няхай нават муж угаворвае адпачыць і кажа, што заўтра сам усё вымые. Не! Толькі цяпер! Быць у вечнай дэпрэсіі, агрэсіі, крызісе, стомленасці, але не дазволіць ні мужу, ні дзецям ніводнай памылкі, абараніць усіх ад бяды і няверных крокаў. Але памылкі — абавязковая ўмова сталення. Калі цягнуць усё на сваіх плячах — гаспадарку, працу, дзяцей, мужа і г.д., то пра якія гарманічныя адносіны ў сям’і можна казаць?..

Узгляньце на прыклады біблійных жанчын, якія вырашалі справы і выходзілі з цяжкіх сітуацый па-жаночы. Знайдзіце час прачытаць у Старым Запавеце Кнігу Эстэр. Гэтая жанчына супраць волі была ўзятая ў гарэм і свядома ахвяравала сабою, каб дапамагчы свайму народу замест таго каб панікаваць і скардзіцца на лёс, Эстэр стала добраю і клапатліваю жонкаю і каралеваю, атрымаўшы тым самым магчымасць выратаваць свой народ ад пераследу і знішчэння. Гэта прыклад вельмі смелай і вельмі жаноцкай асобы, якая дзейнічае паводле паклікання, укладзенага ў яе Богам.

Яшчэ я вельмі раю прачытаць старазапаветную Кнігу Юдыты. Яна, падтрымліваючы блізкасць з Богам праз малітву і пост, зразумела ў сэрцы, у чым памыляюцца старэйшыны яе роднага мястэчка. Каб паправіць гэта, Юдыта дзейнічала вельмі па-жаночы: не абвінавачвала публічна, а запрасіла старэйшынаў да сябе, добра прыняла іх і схіліла да спакойнай размовы, мудра патлумачыўшы, у чым яны памыляюцца. Юдыта прапанавала ім рашэнне, але не ўзяла на сябе ролю кіраўніка, а стала «адпаведнаю дапамогаю».

Напрыканцы нашага разважання ўдакладню толькі адзін момант, які можа стаць для сучаснай жанчыны спакусаю: гэта прынясенне сябе ў ахвяру, уменне забыць пра сябе, памятаючы пра сябе і сваё пакліканне.

Тыя сталыя сфармаваныя біблійныя жанчыны, і Юдыта, і Эстэр, правільна разумелі сваю задачу і, застаўшыся на другім месцы, змянілі ход гісторыі. Яны дзейнічалі па Божай волі, праз малітву і пост падтрымлівалі з Богам блізкія адносіны. Аднак, калі жанчына ўспрымае пакліканне да ахвярнасці як жаданне кіраваць, яна бяжыць паўсюль дапамагаць і ахвяроўваць сабою нават там, дзе не просяць, дзе гэта не патрэбна, і вяртаецца да старых памылак: кантроль, эгаізм, перфекцыянізм і г. д.

Заклікаю вас, дарагія жанчыны, кіравацца прыкладамі Эстэр і Юдыты, заўсёды падтрымліваць блізкасць з Богам — Крыніцаю жыцця і мудрасці, і з дапамогаю Святога Духа быць каштоўным дарам для свету — такімі, якімі вас задумаў Бог.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцыі сястры Паўлы Бобер MSF

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней