Свабода — гэта неабходная ўмова для гарманічнага і паўнавартаснага развіцця асобы. Імкненне да незалежнасці і свабоды пачынае праяўляцца ў перыяд ранняга дзяцінства. Трохгадовае дзіця, якому бацькі даюць усё неабходнае, пераходзіць на ўзровень «я сам» і дэманструе сваё жаданне свабоды і незалежнасці. Ці закладзена гэта адчуванне свабоды ў чалавеку з моманту яго з’яўлення на свет або яно выхоўваецца ў ім пасля нараджэння?
Пра свабоду разважае псіхолаг, практыкуючы хрысціянін Юрый Раманюк
Свабода — гэта дар ад Бога, таму можна сцвярджаць, што кожны чалавек нараджаецца з «зародкам» імкнення і жадання свабоды. Аднак свабода, пра якую мы чытаем ў Бібліі, — гэта штосьці нашмат большае, чым адсутнасць прыгнёту з боку іншых людзей або вызваленне ад знешніх абмежаванняў. На працягу жыцця чалавек сам вырашае: рэалізаваць гэты дар або дабравольна ад яго адмовіцца. Разам з тым у чалавеку закладзеныя Богам механізмы, якія дапамагаюць рэалізоўваць сваю свабоду, не парушаючы свабоды іншага чалавека.
Паняцце свабоды ў псіхалогіі — гэта свядомы і самастойны выбар чалавека ў канкрэтнай сітуацыі.
Свабода непарыўна звязаная з самой асобай і адказнасцю за яе выбар. Можна сказаць, што свабода — гэта неабходны атрыбут асобы.
Здараюцца такія выпадкі, калі чалавек адчувае страх перад прыняццем рашэння і адказнасцю, таму дабравольна адмаўляецца ад сваёй свабоды, аддае права выбару іншым людзям і такім чынам спрабуе перакласці адказнасць на кагосьці іншага. Аднак варта памятаць, што адказнасць за ўчынкі ляжыць менавіта на выканаўцы. Таму сітуацыі, калі хтосьці нібы прымае на сябе адказнасць за ўчынкі іншага чалавека, з’яўляюцца толькі псіхалагічным прыёмам і ілюзіяй, якая спрыяе ў маніпуляцыі асобай.
Здараюцца і такія сітуацыі, калі чалавек не прымае свабоднага і самастойнага рашэння, таму што баіцца зрабіць няправільны выбар. Так, наш камфорт і наша шчасце залежаць ад «правільных» рашэнняў, якія мы прымаем, кіруючыся сваімі ведамі і досведам.
Аднак «няправільныя» рашэнні якраз і спрыяюць здабыванню досведу, дзякуючы якому ў наступны раз чалавек можа прыняць «правільнае» рашэнне.
Трэба не баяцца карыстацца сваёй свабодай і самастойна прымаць свае рашэнні, бо кожны раз, калі чалавек спрабуе перакласці адказнасць на іншага і рэалізуе чужыя жаданні і імкненні, ён затрымліваецца ў сваім развіцці і не дасягае поспехаў. Напрыклад, маладому чалавеку, які заканчвае школу і не самастойна выбірае свой далейшы жыццёвы шлях, а рэалізоўвае навязаны яму выбар, будзе вельмі складана дасягнуць поспехаў у выбранай сферы. Упэўніцца ў правільнасці або няправільнасці свайго выбару можна толькі ў перспектыве часу і атрыманага досведу. Калі ж чалавек, кіруючыся сваёй свабодай, прымае самастойныя рашэнні, ён ідзе шляхам дасягнення ўнутранага спакою і шчасця. У процілеглым выпадку ён губляе сябе і становіцца асобай «сістэмы», дзе няма месца асабістаму свабоднаму выбару.
Трэба перамагаць свой страх, каб прымаць свабодныя рашэнні і быць гатовым за іх адказваць. Гэта можа атрымацца не адразу. Напрыклад, калі малое дзіця пачынае хадзіць, яно можа ўпасці і пабіцца, аднак яно рэалізоўвае сваё жаданне, устае і ідзе. Падобнае здараецца ў дарослым жыцці, напрыклад, калі ў чалавека можа штосьці не атрымлівацца. Такія няўдачы варта ўспрымаць як набыццё досведу, а гэта магчыма толькі тады, калі чалавек рухаецца, развіваецца і ідзе наперад. Напрыклад, для вынаходніцтва электрычнай лямпачкі накальвання Эдысану спатрэбілася больш за 11 тысяч вопытаў.
Робячы свабодны выбар, чалавек заўсёды штосьці для сябе здабывае, аднак пры гэтым можа таксама і страціць: напрыклад, калі за сваё меркаванне ён можа пацярпець ад іншых людзей. У любым выпадку свабодны чалавек адчувае сябе ў такой сітуацыі больш камфортна, бо прымае на сябе адказнасць і разумее магчымыя вынікі свайго выбару.
Роля свабоды — гэта прыняцце на сябе адказнасці за свае ўчынкі і сваё жыццё.
Калі ж чалавек ідзе да варажбіткі, верыць у забабоны або, насуперак свайму сумленню, выконвае чыйсьці злачынны загад, гэтым ён адмаўляецца ад сваёй свабоды і права выбару і спрабуе перакласці адказнасць і вынікі дзеянняў на іншага чалавека. У такіх сітуацыях ён не будзе адчуваць сябе свабодным і шчаслівым.
Каб зразумець ролю свабоды ў развіцці чалавека, я прапаную асобна паразважаць пра гэта ў працэсах пазнання і адаптацыі.
Паўнавартаснае развіццё асобы немагчымае тады, калі «працуе» толькі адзін з гэтых механізмаў. Напрыклад, адмаўленне ад адаптацыі можа быць вельмі небяспечным і прывесці да парушэння свабоды іншых людзей, бо чалавеку неабходна адаптавацца і адпавядаць нормам, устаноўленым у грамадстве і калектыве. І, наадварот, адмаўленне ад пазнання прыводзіць да стагнацыі і дэградацыі асобы. Рухавіком абодвух гэтых механізмаў з’яўляецца свабода, якая рэалізоўваецца ў свабодным выбары чалавека і звязанай з ім адказнасцю.
У першыя гады жыцця ў дзіцяці пачынае абуджацца пазнавальная дзейнасць, таму яно спрабуе ўсюды зазірнуць, дакрануцца і даследаваць. Часта бацькі абураюцца «шкодніцтвам» сваіх малых дзяцей, якія разбіраюць да апошняга вінціка толькі што купленыя дарагія цацкі. Аднак у такіх сітуацыях дзеці не хочуць штосьці сапсаваць або знішчыць, яны толькі рэалізоўваць свой пазнавальны механізм. Калі бацькі караюць дзяцей за разабраную новую машынку, яны знішчаюць яго пазнавальную дзейнасць і свабоду. У школьныя гады важна таксама дапамагаць дзіцяці ў пазнанні. Найбольшых поспехаў у школьнай праграме вучань дасягне тады, калі яму самому будзе цікава даследаваць і пазнаваць, а не тады, калі ён будзе вучыцца пад прымусам. Важна, каб сваімі ўчынкамі бацькі, настаўнікі і выхавацелі не наносілі шкоду пазнавальнай дзейнасці дзяцей, а стымулявалі і падтрымлівалі яе. Пазнанне немагчымае без свабоды і, наадварот, чалавек не можа быць свабодным, калі не будзе ўключацца ў пазнавальную дзейнасць, бо ў такім выпадку ён не будзе адкрываць новыя магчымасці, а ўвесь час будзе выкарыстоўваць свае старыя ўстаноўкі. Тут важна захоўваць гармонію і баланс, бо нельга будаваць новы свет і пры гэтым цалкам знішчыць стары. Усё новае будуецца і развіваецца на падмурку старога і выпрабаванага. Напрыклад, менавіта ад бацькоў дзеці атрымліваюць досвед і «рэсурсы», неабходныя для далейшага свабоднага развіцця асобы.
Ключавым момантам у механізмах развіцця асобы з’яўляецца свабодны выбар.
Кожны сам вырашае, ці будзе далей пазнаваць і адкрываць новыя далягляды, ці застанецца ў зоне свайго камфорту і не захоча пераходзіць на наступны ўзровень свайго развіцця. Гэта датычыць розных сфераў жыцця чалавека: прафесійнай дзейнасці, стасункаў паміж людзьмі, рэлігійнага жыцця і гэтак далей. Напрыклад, чалавек можа застацца на ўзроўні толькі фармальнага выканання Дэкалогу, а можа перайсці на ўзровень асабістых адносінаў з Богам і жыцця па законах любові. У Евангеллі мы чытаем пра багатага юнака, які з дзяцінства захоўваў запаведзі, аднак не пажадаў адмовіцца ад багацця і пайсці за Езусам, таму адышоў ад Яго маркотны. Хрыстус прапанаваў гэтаму чалавеку стаць свабодным, аднак ён не прыняў гэтай прапановы (Мц 19, 16–22). Найбольш паспяховым для развіцця будзе наступная схема: пазнанне новага і пераход на новы ўзровень, пасля — адаптацыя ў бліжэйшай зоне і гэтак далей. Гэтыя механізмы непарыўна звязаныя паміж сабою і функцыянуюць паралельна, і толькі ў некаторыя перыяды адзін з механізмаў адыгрывае ключавую ролю, а другі дапаможную. Для ажыцяўлення такой схемы неабходна свабода, якая робіць працэс развіцця бесперапынным і дазваляе рухацца наперад. Менавіта яна дае магчымасць крытычнага мыслення і таго адзін ага падыходу, што адкрывае нам шлях да пазнання.
Адаптацыя, як і пазнанне, з’яўляецца дынамічным працэсам.
Усё, што нас атачае, знаходзіцца ў бесперапынным руху і развіцці, таму важна ўмець адаптоўвацца да новых абставінаў. Напрыклад, пасля Другога Ватыканскага Сабору вернікам трэба было адаптоўвацца да зменаў у Касцёле. У тых людзей, якія не змаглі гэтага зрабіць, не спрацаваў механізм адаптацыі, што таксама магло перашкодзіць у іх далейшым рэлігійным развіцці.
У механізме адаптацыі вельмі важна ўсведамляць не толькі сваю свабоду, але таксама межы свабоды іншых людзей для таго, каб прытрымлівацца ўнутрана прынятых правілаў. Важна фарміраваць у сабе здаровае разуменне свабоды, што ні ў якім разе не можа межаваць з уседазволенасцю. Напрыклад, бацькі штосьці не дазваляюць свайму дзіцяці і абмяжоўваюць яго дзеянні не для таго, каб абмежаваць яго свабоду, але з мэтаю выхавання ў дзіцяці ўнутранай дысцыпліны, якая ў дарослым жыцці дапаможа яму адчуваць межы свабоды іншых людзей. Толькі дзякуючы ўнутранай дысцыпліне ў чалавеку фарміруецца адказны падыход да карыстання сваёй свабодай у прыняцці рашэння. Неабходна быць вельмі ўважлівым, каб, рэалізоўваючы сваю свабоду, мы не навязвалі толькі свае рашэнні і не парушалі свабоды іншых людзей. Напрыклад, калі ў нас ёсць прапанова арганізаваць нейкае мерапрыемства, мы можам прапанаваць удзел у ім іншым людзям, аднак мы не маем права навязваць гэты выбар і абмяжоўваць свабоду іншых людзей.
Такім чынам, калі чалавек будзе адказна карыстацца сваёй свабодай, прымаць самастойныя рашэнні і паважаць свабоду іншых людзей, працэс яго развіцця будзе паспяховым і дынамічным.
Юрый Раманюк, хрысціянскі псіхолаг