Рысы сужэнскай любові

1. Альтруістычная любоў

Гэта любоў, якая памятае пра іншага чалавека. Часам ад сужэнцаў можна пачуць: «Ён (яна) мяне не разумее, не чуе, не бачыць». Але ці чую, бачу і разумею я?

2. Чалавечная любоў (гармонія духоўнага і пачуццёвага)

Ці спрыяю я духоўнаму развіццю мужа (жонкі)? Часта гэта бывае звычкаю ў жанчынаў (я кажу без жадання пакрыўдзіць) — пастаяннае жаданне павучаць: муж не пайшоў у нядзелю на святую Імшу, і жонка ўвесь ты­дзень яго даймае. Гэта не спрыяе духоўнаму развіццю, а зусім наадварот.

Нельга забываць і пра пачуццёвы складнік любові. Раз­дзяляць духоўнае і пачуццёвае ў сужэнстве — як імкнуцца выста­яць на дзвюх крыгах адначасова. Многія сужэнцы хрысціяне сведчаць, што сапраўдныя інтымныя адносіны ў паўнаце любові вядуць да малітвы і паглыблення духоўнага аспекту жыцця.

3. Поўная любоў

Любіць трэба проста так, бе­зумоўна. Мы любім дзеля самога чалавека, а не таму, што ён паспяховы або зручны, або выконвае ўсе нашыя жаданні і гэтак далей.

4. Верная і выключная любоў

Маладыя сужэнцы часта пытаюцца: «А што калі раптам пакахаеш некага іншага?» Нічога страшнага, толькі трэба прайсці праз гэта разам, падтрымаць. Закаханасць падобная да хваробы, часам вельмі складанай, якая вынішчае чалавека, але яна прамінае, бо любоў, якая па­збаўляе чалавека моцы, — гэта не сапраўдная любоў. Закахацца ў некага іншага і шчыра распавесці пра гэта мужу або жонцы — яшчэ не здрада, хутчэй, наадварот, большая вернасць, калі згадзіцца разам прайсці праз гэты крызіс адносінаў.

5. Плённая любоў

Я маю на ўвазе не толькі нараджэнне дзяцей, а яшчэ і плён любові да мужа (жонкі), які выяўляецца ў яго (яе) працы, кар’еры, асабістым узрастанні.

6. Любоў, якая імкнецца да еднасці

Многія сужэнцы могуць вельмі прыгожа распавесці пра гісторыю сваёй любові. Па гэтым супольным шляху можна ісці, як у пілігрымцы, ад аднаго горада да іншага, каб прыйсці да сустрэчы з Богам. І калі нашая любоў сапраўдная, бескарыслівая, можна ўбачыць, як на гэтым шляху мы ўсё больш яднаемся, становімся ўсё бліжэй.

7. Адкрытая любоў у адносінах адно да аднаго

Гэта выяўляецца ў даверы і пяшчоце адно да аднаго, у тым, што нашыя адносіны на ўсіх узроўнях — духоўным, інтымным, побытавым — паглыбляюцца і развіваюцца, мы становімся больш спакойнымі і ўраўнаважанымі, больш цярплівымі да людзей, якіх сустракаем на сваім шляху, бо сужэнскае жыццё дае нам адчуванне ўтульнасці і бяспекі.

Любіць такою любоўю можа толькі свядомы і вольны чалавек. Што значыць вольны? Гэта той, хто разабраўся са сваімі патрэбамі і ведае, што ім кіруе; той, хто прабачыў усім, хто зрабіў нешта супраць яго або знахо­дзіцца на этапе прабачэння. Такі чалавек падрыхтаваў сваё сэрца да любові і можа любіць па-сапраўднаму. Чым менш у маёй любові гэтых рысаў, тым менш я разабраўся (або разабралася) з сабою, бо, каб любіць, маё сэрца павінна быць вольным для любові.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF

Сястра Паўла Бобер MSF -
тэолаг, выкладчык, псіхолаг,
псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай

 

Чытайце яшчэ артыкулы сястры Паўлы:

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней