Адносіны з бацькамі сужэнцаў

Мужчына і жанчына сустрэліся, пакахалі адно аднаго, ажаніліся, і іх жыццё адразу ж моцна змяняецца. Яны пачынаюць буда­ваць агульны быт, і да таго ж у іх жыццё ўваходзяць яго і яе сваякі, найперш — бацькі. Паразважайма сёння пра тое, як будаваць адносіны з імі.


Бацькі часта ўмешваюцца ў сем’і, якія ствараюць іх дзеці, прэтэндуюць на кіраванне новай сям’ёй проста таму, што яны — бацькі. Яны нарадзілі нас, выхавалі, выгадавалі, ажанілі. Але што б яны ні думалі, сям’я дзяцей — гэта ўжо іншая сям’я, якая мусіць функцыянаваць па сваіх законах, і важна, каб гэта разумелі абодва бакі. Нам вельмі патрэбныя адносіны з бацькамі: любоў, падтрымка, прыняцце. Вельмі важнае для чалавека адчуванне сваіх каранёў — той станоўчай традыцыі, якая стварае яго род. Сямейныя традыцыі — гэта прыгожа. Род — гэта трывалы ланцуг пакаленняў, які дае нам магчымасць жыць з упэўненасцю, што ёсць плячо, на якое можна абаперціся, ёсць глеба, на якой можна ўпэўнена стаяць. Часта ў сем’ях, дзе ведаюць і шануюць свой род, нараджаюцца і вырастаюць пародзістыя, таленавітыя мужчыны і жанчыны.

Праблемы з бацькамі мужа або жонкі часцей за ўсё ўзнікаюць у наступных сітуацыях: калі нехта з іх пакутуе ад псіхічнай, эмацыйнай або хімічнай залежнасці; калі адносіны паміж імі вельмі халодныя; калі яны пастаянна сварацца. Калі ў сям’і мужа або жонкі нехта з бацькоў застаўся адзін у выніку ўдоўства або разводу, дарослыя дзеці могуць успрымацца як замена сужэнца, што таксама стварае пэўныя праблемы.

Бацькі часам патрабуюць ад дарослых дзяцей пастаяннага задавальнення іх патрэбаў, шко­дзячы патрэбам у сем’ях дзяцей. Здараецца, што яны рэгулярна ствараюць сітуацыю, калі сын ці дачка павінны выбіраць паміж бацькамі і мужам (жонкаю). Яны пастаянна даюць парады, калі іх не просяць аб гэтым, і крытыкуюць абоіх сужэнцаў ці аднаго з іх (неабавязкова зяця ці нявестку, часта гэта іх уласнае дзіця), рэзка выказваючыся наконт знешнасці, працы, быту, сяброў, бацькоў сужэнца і г.д. Выклікаючы пачуццё віны, яны імкнуцца рэалізаваць свае жаданні і трымаць сям’ю дзяцей пад кантролем.

Калі вы бачыце штосьці з гэтага ў сваіх адносінах з бацькамі сужэнца, значыць неабходна разбірацца ў гэтых праблемах, каб усталяваць неабходную дыстанцыю. Дарэчы, у сям’і варта забыць пра фразу «твае бацькі — твае праблемы, мяне гэта не датычыць». Як толькі вы вырашылі стаць сужэнцамі, усё «тваё» і «маё» ператварылася ў «наша», таму што Пан Бог вельмі ясна сказаў, што ў сужэнстве двое павінны стаць адным. Не трэба думаць, што адносіны наладзяцца самі сабою і вас з цягам часу ацэняць і палюбяць у сям’і сужэнца; не трэба разлічваць і на паляпшэнне адносінаў з нараджэннем дзіцяці — дзіця ні ў якім разе не павінна ўспрымацца як магчымасць для маніпуляцыі або прылада для вырашэння праблемаў. Трэба ўсвядоміць, што нас не заўжды мусяць ра­зумець і любіць у сям’і сужэнца, і гэта зусім не абавязкова для таго, каб быць шчаслівымі са сваім мужам або жонкаю. Так праяўляецца нашая эмацыйная нясталасць і дэфіцыт любові — мы з усіх бакоў чакаем ухвалення і праяваў увагі, а гэта зусім не абавязкова, бо для добрых адносінаў з сям’ёю сужэнца дастаткова хрысціянскай пашаны, пра якую нам гаворыць чацвёртая запаведзь; дастаткова толькі той любові, якая выяўляецца праз павагу, нават калі эмацыйнай любові мы не адчуваем.

Такім чынам, першы крок для будавання адносінаў з сям’ёю сужэнца — пазбаўленне ад ілюзій, якія могуць у нас жыць, вызначэнне ўласнай пазіцыі і рэальнай сітуацыі, тых праблемаў, якія ўзнікаюць ці патэнцыяльна могуць узнікнуць са сваякамі.

Другі крок — гэта разважлівае ўспрыманне любой сітуацыі, уменне змяняць сваё мысленне. Я паўтару: мы не заўсёды можам уплываць на іншых людзей, не можам прымусіць іх палюбіць нас і змяніцца (пакінуць залежнасці, ажывіць сужэнскую любоў). Не трэба чакаць, што яны стануць такімі, як нам хочацца. Затое ход сваіх думак і сваё стаўленне да праблемаў мы можам змяняць.

Трэці крок — канкрэтная праца над сабою: пазбаўленне ад су­залежнасці, асабістай нясталасці, павышэнне ўласнай адказнасці і самаацэнкі. Мы самі павінны стаць дарослымі — мужчынамі і жанчынамі. Дарэчы, нельга блы­таць сужэнскую любоў з бацькоўскаю. Гэта закаханыя мо­гуць, напрыклад, размаўляць па тэлефоне па дзве гадзіны на дзень і нават больш, але дарослыя дзеці не мусяць так размаўляць з бацькамі: сыну або дачцэ нельга браць на сябе псіхічную ролю мужа або жонкі для некага з бацькоў. Блытаніна функцый можа мець сур’ёзныя наступствы і нават прыводзіць да дэпрэсіі.

Здараецца, што муж або жонка не адразу могуць правільна вызначыць прыярытэты: магчыма, пачуццё віны выхоўвалася ў іх дзесяцігоддзямі, і неабходны цярплівая, міласэрная любоў і праца, каб ён ці яна маглі сказаць:

«Прабачце, мама і тата, я вас паважаю і люблю, але мая жонка (мой муж) у мяне на першым месцы» (само сабою, калі не ўзнікае сітуацый пагрозы жыццю і здароўю). Неабходна дзяка­ваць сваім мужам і жонкам, калі яны ўмеюць заняць правільную пазіцыю ў адносінах да бацькоў, паставіўшы ўласнае сужэнства на першае месца, і хваліць іх за гэта. Наогул, трэба часцей хва­ліць адно аднаго! Калі ў вашым сужэнстве будуць правільныя прыярытэты, магчыма, гэта нешта зменіць і ў сужэнстве вашых бацькоў.

Чацвёрты крок — гэта ўменне прабачаць і адпускаць, даваць свабоду блізкаму чалавеку. Даючы свабоду, мы імкнемся зразумець іншага чалавека, яго пазіцыю, і тады ў нас саміх узнікае шмат вольнай прасторы, мы пачынаем інакш успрымаць іншых людзей і інакш з імі кантактаваць. Напрыклад, пачуўшы ад свекрыві: «Мне не падабаецца твая спадніца!», жанчына павінна разумець, што спадніца мусіць падабацца не свекрыві, а выключна ёй самой, і таму яна можа адказаць: «Так, вам не падабаецца, а мне вельмі даспадобы!» Унутраная свабода дапамагае не паддавацца маніпуляцыям, прымаць уласныя рашэнні адносна сябе і сваёй сям’і. Ва ўнутранай свабодзе мужчына на словы цесця: «Ты нічога не ўмееш і не ведаеш; сядай, я цябе навучу», можа спакойна адказаць: «Цудоўна, я сяду, і мы паразмаўляем». Магчыма, пажылому чалавеку проста трэба выгаварыцца, трэба, каб яго выслухалі. Чаму б не прысвяціць гэтаму свой час? Магчыма, у гэтай размове сапраўды будзе нешта карыснае. Быць дарослым чалавекам азначае таксама разумець патрэбы іншых людзей і паважаць іх. Гэта і будзе праяваю вашай павагі і любові.


Сястра Паўла Бобер MSF
тэолаг, выкладчык, псіхолаг, псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай

Матэрыял падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў
сястры Паўлы

Чытайце яшчэ артыкулы сястры Паўлы:

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней