Сястра эўхарыстка, якая дапамагала святарам, вязням ГУЛАГу

Яна была адной з першых на Беларусі законніц Супольнасці сясцёр служабніцаў Езуса ў Эўхарыстыі. Сама супольнасць была заснаваная благаслаўлёным Юрыем Матулевічам у 1923 годзе, а дваццацігадовая Апалонія ўступіла ў яе 29 чэрвеня 1929 года. Адбылося гэта ў Друі. Дзеля таго, каб стрымаць свае абяцанні, дадзеныя Езусу, ёй спатрэбілася шмат малітвы, шмат вытрымкі, мудрасці і мужнасці.


Тады, калі ў гады вайны сёстры яе супольнасці былі місіянеркамі ў Росіцы, адкуль, дзякаваць Богу, вярнуліся жывымі, не стаўшы ахвярамі той страшнай трагедыі. Горкія ўспаміны надоўга заселі ў памяці сястры Апалоніі. Але жыццё несла ёй і яе сёстрам у Хрысце новыя выпрабаванні.

Пасля таго, як частка сясцёр у 1945 годзе выехала ў Польшчу, Апалонія Пяткун стала генеральнай маці Супольнасці. Нялёгкі груз узваліла яна на свае плечы — груз супрацьстаяння бязбожнай уладзе, якая не толькі адабрала іх законны дом у Друі, але і ўвогуле адмаўляла права на існаванне Супольнасці. Але сёстры не адступіліся. Маці пераконвала іх у тым, што цяжкасці не даюць ім права павярхоўна ставіцца да асабістага духоўнага фармавання, занядбоўваць найбольш неабходныя рэлігійныя практыкі. Нават калі апусцеў касцёл без святара, нават калі дзеля таго, каб паўдзельнічаць у нядзельнай святой Імшы, ты мусіш прамераць ладны кавалак дарогі і літаральна падаць ад стомы. Сама яна была для іх у гэтым яркім прыкладам. І яны трывалі на малітве ды ў вернасці сваіх шлюбаў законных. Трывалі патаемна. Вымушаныя зняць хабіты законніц, яны не адступіліся ў сваім манаскім пакліканні і працягвалі верна служыць Хрысту і Касцёлу.

Служыць было цяжка, бо на Касцёл таксама замахнулася ўлада. У сталінскім ГУЛАГу мучыліся святары, некаторыя з іх хаваліся на хутарах ад лапаў НКВД. Апранутая па-жабрацку маці Апалонія насіла ім харчы, пераказвала навіны. Разам з сёстрамі яна адправіла шмат пасылак з харчамі вязням ГУЛАГу. Маці Апалонія пісала ім лісты, паведамляла навіны парафіяльнага жыцця. Лісты ж ад іх, якія яна захавала, сталі каштоўнымі дакументамі пра той час у гісторыі Касцёла на тэрыторыі СССР.

У яе была магчымасць выехаць у Польшчу і там служыць Богу і людзям, але яна не выкарыстала гэтага шанцу, бо лічыла, што абавязана несці гэтую службу на роднай зямлі, там, дзе больш цяжка, дзе больш горка і балюча, дзе атрымліваеш менш радасці і, вядома, не маеш ніякай павагі з боку грамадства, у якое ўсё больш і больш запускаў сваё ядавітае карэнне атэізм.

Ды яна і не чакала пашаны —проста годна несла свой нялёгкі крыж вернасці на той зямлі, на якой паклікаў яе Пан Бог да гэтай службы.

А служба тая часта патрабавала такой ахвярнасці, якая прымушала эканоміць на ядзе, самой часта быць паўгалоднаю, але аддаваць свой акраец хлеба таму, у каго яго не было.

Маці Апалонія Пяткун памерла ў Вільні, пражыўшы 91 год. Па яе запавеце пахаваная на друйскіх могілках.


 Падрыхтавала Ірына Жарнасек
Надрукавана ў «Ave Maria» № 6, 2008 г.

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней