«Аўтары Еўфрасінні» — апавяданне спачылага Уладзіміра Сіўчыкава

Уладзімір Сіўчыкаў — пісьменнік, мастак, выдавец, які неаднаразова публікаваў свае апавяданні ў часопісе «Наша вера». Калектыў рэдакцыі на чале з галоўным рэдактарам Крыстынаю Лялько з вялікім сумам успрыняў вестку аб заўчаснай смерці спадара Уладзіміра. Мы выказваем свае спачуванні ўсім родным і сябрам Уладзіміра Сіўчыкава, абяцаем малітву і добрую памяць пра нашага аўтара. У апошнім нумары часопіса «Наша вера» былі надрукаваны яго некалькі апавяданняў, публікуем адно з іх з нізкі «Уладзевы гісторыі».


Аўтары Еўфрасінні

Пабачыў, прачытаў Уладзя 23 траўня фэйсбучны пост паэткі Валянціны А., што ў дзень Святой Еўфрасінні Полацкай раніцою наведалася да помніка нябеснай апякунцы Беларусі, і схамянуўся: «Чуў пра яго раней, але ж рукі, а дакладней, ногі не даходзілі! Калі ж, як не сёння, у дзень памяці Еўфрасінні Полацкай, наведацца да манумента?!».

Завёў у пашукавік запыт «Помнік Еўфрасінні Полацкай у Мінску» і пабачыў на мапе значак пры галоўнай сталічнай транспартнай артэрыі, вонкава ўявіў тое месца: «Дык гэта ж побач з будынкам, дзе мясціўся банк, у якім калісьці абслугоўваўся!» Адклаў планаваныя напярэдадні справы і ўжо праз якія паўгадзіны быў на праспекце Незалежнасці амаль што насупраць зруйнаванага аўтавакзала «Маскоўскі». Не пабачыў помніка на шырокай адкрытай пляцоўцы і рушыў да аднаго з карпусоў, падобна прахадной электрамеханічнага завода, над якой здалёк чыталася лапідарнае «Агат».

Помнік адкрыўся ўсё ж даволі нечакана. Пад шатамі дрэваў, у кветніку з хостамі, на невысокім пастаменце, выглядае ён сцішана, камерна і велічна-ўрачыста адначасна. Бронза манумента выгодна адцянялася яшчэ пяшчотнай зеленню бярозавай лістоты. Творца падаў княгіню ў манаскім уборы, у хвіліну разваг і задумення. На каленях яна прытрымлівае важкі фаліянт і легендарны шасціканцовы крыж майстра Лазара Богшы, а на плячах яе — галубіцы з раскінутымі крыламі.

Адразу і адназначна прыняў Уладзя мастакоўскую трактоўку вобраза, а таму не раз абышоў, агледзеў немалы, відавочна большы за тры метры ўвышкі, манумент. Вычэкваў і з розных ракурсаў зрабіў не адзін дзясятак здымкаў, калі сонейка свяціла наўпрост і калі хавалася за аблокі.

Пагугліў дома звесткі пра помнік і не ўстрымаўся, падзяліўся ў інтэрнэт-прасторы ўражаннямі пра свой мастацка-гістарычны ваяж. Першай рэакцыяй быў доччын ледзь не мінамётны абстрэл па вайберы: «Хто цябе сфатаграфаваў пры помніку падчас пандэміі?! Каму ты даваў у рукі свой айфон?! Ці быў той выпадковы мінак у пальчатках і ў масцы?!»

Іншых водгукаў і каментараў атрымаў Уладзя нямала, і адзін з іх быў ад спадарыні Валянціны. Пагадзілася яна, што помнік быў створаны ў 2000 годзе і ўсталяваны праз пару гадоў, а вось аўтарства аспрэчыла. Сама ж журналістка, цвердзіла яна, што яе калегі — жывыя людзі і, як казалі мудрыя лаціняне — errare humanum est — чалавеку ўласціва памыляцца. Жывапісцы, як вядома, зазвычай падпісваюць свае палотны ў ніжнім куце, а скульптары — з тыльнага боку. Даслала журналістка ў мэсэнджар сваё фота з тыльнага боку помніка, на якім быў до сыць неразборлівы подпіс, які пры жаданні можна было прачытаць і як «Жбанаў». Пагадзіўся Уладзя, што і газетныя допісы і артыкулы з Вікіпедыі трэба вывяраць, і паправіў імя скульптара ў сваім посце.

Аднак думалася яму, што Уладзімір Жбанаў знаны найперш як аўтар у жанры гарадской або садова-паркавай скульптуры. Усплывалі ў памяці найперш ягоныя «Дзяўчынка з парасонам», «Курыльшчык» і «Незнаёмка» з Міхайлаўскага скверу, «Дама з сабачкам» і «Фатограф» пры Камароўцы, а таксама «Экіпаж» каля ратушы, а таму не пакідалі сумненні і па пластыцы, і па стылістыцы «Еўфрасінні». Не кволым званочкам, а набатам грымнуў інтэлігентна-мяккі каментар скульптара Уладзіміра Слабодчыкава: «Уладзімір, прабач, памылачка атрымалася. Аўтар — Арцімовіч А. Я.».

«Тэлефон загадчыка кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў не адгукаецца, а Уладзімір Жбанаў пайшоў у лепшы свет ужо восем гадоў, таму і яму не пазвоніш. Таму варта зайсці з другога боку», — падумаў Уладзя.

Дазнаўся ён кантакты Анатоля Арцымовіча ў сакратарыяце Саюза мастакоў. Уведаў і тое, што скульптар паходзіць са старадаўняга шляхетнага роду і цікавасць яго да гістарычнай тэматыкі невыпадковая. Больш за тое, аказалася, што Уладзя завочна ведаў скульптара па ягоных творах — па «Рагнедзе і Ізяславу» ў Заслаўі дый па «Заснавальніку горада князю Барысу» ў Барысаве.

Узрадаваўся Анатоль Яфімавіч цікавасці да помніка, пацвердзіў сваё аўтарства і расказаў, што першапачаткова твор прызначаўся для манастырскага комплексу, што на вуліцы Прытыцкага. Але пазней адна з уплывовых асобаў заявіла, што абраз — выява святой і асветніцы ў храме Прападобнай Еўфрасінні Полацкай ужо ёсць, а таму скульптура будзе залішняй. Сітуацыя падавалася амаль што безнадзейнай, але выратавала нібыта выпадковае, але лёсавырашальнае знаёмства з адным з тагачасных кіраўнікоў «Агата». Знайшоў завод сродкі і на фармоўку, і на ліццё, і на архітэктурную прывязку манумента.

Ухваліў Уладзя помнік, падзякаваў творцу за яго і на развітанне пажадаў, каб на пляцоўцы перад «Агатам» спыняліся турыстычныя аўтобусы з вернікамі і экскурсантамі, каб гіды паставілі агляд выдатнага помніка ў свае маршруты па беларускае сталіцы.

Але аўтарства сталічнага помніка Еўфрасінні ў сваім фэйсбучным посце мусіў ізноў выправіць.


23 траўня 2020 года

 

Цэтлікі: In memoriam

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней