Ён паўтарыў лёс тых беларусаў, якія нараджаліся на нашай зямлі, атрымлівалі адукацыю, але потым з розных прычынаў выязджалі з Бацькаўшчыны і сумленна працавалі на чужыне, аддаючы ёй свае здольнасці, талент, розум. Там і паміралі.
Ян Тройга нарадзіўся ў вёсцы Прагаліна дубровенскай парафіі, на Гродзеншчыне ў 1881 г. Скончыў духоўную семінарыю і акадэмію ў Пецярбургу, там жа ў 1906 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Напачатку быў накіраваны ў Магілёў, працаваў прэфектам сярэдніх школаў, потым, у 1910 г. быў пераведзены ў Пецярбург, дзе выкладаў у духоўнай семінарыі. З 1914 г. служыў у курыі Магілёўскай мітраполіі ў Пецярбургу.
У 1923 г. ксёндз Тройга быў арыштаваны і асуджаны на 3 гады турмы. Аднак праз два гады ён быў вызвалены і змог нейкі час прадоўжыць святарскую службу пробашчам парафіі святога Станіслава ў Ленінградзе. Ды неўзабаве, у 1927 г., новы арышт і новы тэрмін зняволення — пяць гадоў лагераў. Так ён стаў вязнем Салавецкага лагера. У чэрвені 1929 г. Ян Тройга разам з многімі іншымі святарамі быў пераведзены на востраў Анзэр. Пра побыт святароў на тым востраве пісьменнік і вязень Салаўкоў Францішак Аляхновіч пісаў: «На Анзэры іх пасадзілі ў філіі „Галгофа”. Назоў добра адпавядаў іхняй долі. Анзэрская „Галгофа” была для іх сапраўднай Галгофай. Тут прымушалі іх працаваць непасільна, адначасна змяншаючы паёк. Тут здзекваліся над імі і наругаліся на ўсе лады».
У 1932 г. НКВД раскрыла на Анзэры «антысавецкую групоўку» з 32 каталіцкіх святароў. Сярод арыштаваных быў і Ян Тройга. Святароў абвінавацілі ў тым, што іх групоўка «вяла антысавецкую агітацыю, якая патаемна здзяйсняла багаслоўскія і рэлігійныя абрады і ажыццяўляла нелегальную сувязь з воляю дзеля перадачы за мяжу звестак шпіёнскага характару пра становішча католікаў у СССР». З 32 святароў 7 былі прызнаныя кіраўнікамі «групы змоўшчыкаў» і пераведзеныя ў ленінградскую турму. На допыце ў турме ксёндз Тройга сказаў: «Я лічу сябе глыбока веруючым, перакананым католікам і святаром. У імя сваіх перакананняў я гатовы ахвяраваць сваім жыццём».
Ахвяра была прынятая Богам. 11 жніўня 1932 г. ксёндз Ян Тройга памёр у ленінградскай турме ад інсульту. Пахаваны на Праабражэнскіх могілках Ленінграда пад чужым прозвішчам.
Падрыхтавала Ірына Жарнасек