«Апосталамі не нараджаюцца». Ксёндз Юзаф Пятушка МІС адзначае 90-годдзе

— такую назву мае кніга пра ксяндза Юзафа Пятушку МІС, якая зусім нядаўна выйшла ў выдавецтве «Confido». Кнігу склалі размовы журналіста Яраслава Чаплі са святаром, які 14 мая сустракае сваё 90-годдзе.


Большую частку свайго святарскага служэння ксёндз Юзаф аддаў Беларусі. Вось як ён сам пра гэта кажа: «Я часта жартую: галоўнае, што мне дала Беларусь, — гэта магчымасць так доўга жыць. Бо ўсе мае аднакурснікі, акрамя аднаго, ужо адышлі да Пана. А калі сур’ёзна, то я вельмі ўдзячны Богу за тое, што я мог быць гэтыя гады там, дзе насамрэч быў запатрабаваны і дзе мае высілкі далі канкрэтны плён. Не хачу, каб мяне западозрылі ў нясціпласці, таму адразу скажу: тое, што я пакідаю пасля сябе, — гэта не нейкая заслуга, а звычайнае святарскае служэнне, якое я мусіў выканаць і штодня рупліва выконваў. <...>

А ўвогуле, калі гаварыць шчыра, я вельмі люблю людзей і люблю з імі гутарыць: мы ўсе такія розныя, і для кожнага ў Бога сваё заданнне. Адно, праўда, агульнае для ўсіх хрысціянаў: быць не толькі вучнямі Езуса Хрыста, а і Яго пасланнікамі, прапаведнікамі Новага Запавету. Шкада, што не кожны пакуль гатовы прыняць гэтае заданне і адказаць Яму: „Будзь воля Твая!“ Але ж колькі я ведаю асобаў, якія незаўважна для сябе — а то і нечакана для сябе! — сталі сведкамі Яго хвалы, Яго апосталамі. Таму ў кожным суразмоўцы-католіку бачу калі не „гатовага“, то патэнцыяльнага апостала. Урэшце, вы ж памятаеце, што першыя апосталы Езуса Пётр, Ян, Андрэй і Якуб Завядзееў былі рыбакамі, Мацвей і Якуб Алфееў — мытнікамі. Словам, апосталамі не нараджаюцца. А з калегамі, няхай і будучымі, так лёгка паразумецца!..»

Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера», а таксама выдавецтва «Про Хрысто» сардэчна віншуюць Вас, шаноўны ксёндз Юзаф, з юбілеем. Зычым Вам моцнага здароўя, шчодрай Божай ласкі і дароў Духа Святога. Няхай атуляе Вас сваёю нястомнаю апекаю Найсвяцейшая Панна Марыя, з імем якой Вы назаўсёды злучылі сваё адданае і ахвярнае служэнне.

Вернікі парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне праз наш часопіс скіравалі да ксяндза Юзафа Пятушкі з нагоды 90-гадовага юбілею сардэчныя віншаванні. Яны пішуць: «Шаноўны ксёндз Юзаф, кожны з нас усёю душою рады слухаць словы Вашых казанняў, парады або словы падтрымкі ў розных жыццёвых сітуацыях. Вашы мудрасць, дабрыня і клопат пра людзей заўсёды з’яўляюцца для нас прыкладам.

Дзякуем за Вашу бязмежную адданасць Касцёлу і любоў да Божага люду. Хай Ваша ахвярная праца і надалей прыносіць добры плён. Ад усяго сэрца просім у Бога для Вас вялікай трываласці «Апосталамі не нараджаюцца», і сілы. Жадаем моцнага здароўя, душэўнага святла і мудрасці, Божай дапамогі і благаслаўлення ва ўсіх справах, у нялёгкай працы і ў добрых пачынаннях.

Няхай кожны Ваш дзень праходзіць пад аховаю Езуса Хрыста і апекаю Найсвяцейшай Панны Марыі, а з падтрымкаю Вашага нябеснага заступніка св. Юзафа хай шчодра здзяйсняюцца Вашы добрыя ўчынкі на карысць Хрыстовага Касцёла».

Змест кнігі «Апосталамі не нараджаюцца. Гутаркі з айцом Юзафам Пятушкам MIC»

  • Шляхі і крыжы марыянскія. Замест прадмовы.
  • Гутарка першая. Пра тое, што ў кожнага павінна быць свая Юдэйская пустыня і што сілу духа мусім здабываць у сабе змаганнем.
  • Гутарка другая. Пра «польскі» перыяд жыцця і пра тое, чаму Юзаф Пятушка вырашыў стаць святаром і марыянінам.
  • Гутарка трэцяя. Пра жніво, якое ў БССР было дужа багатым, і пра работнікаў-нелегалаў.
  • Гутарка чацвёртая. Пра варты жалю касцёл на Беларусі і змагароў за барысаўскую святыню, пра ксяндзоў-адступнікаў і вяртанне храмаў вернікам.
  • Гутарка пятая. Чаму а. Юзаф Пятушка жыў у вежы, навошта ён арганізаваў электрычку Барысаў—Брэст, кім яму прыходзяцца вікарый біскупа Армянскага Каталіцкага Касцёла ў Расіі і выкладчыца Оксфарда.

 

Цэтлікі: Юбілеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней