Ксёндз Юзаф Барадзюля і цудоўнае аб’яўленне яму Хрыста ў сталінскіх лагерах

У першыя дні ягонага жыцця маці аднесла хлопчыка ў касцёл у мястэчку Ула і паклала перад алтаром Маці Божай — папрасіла Яе апекавацца сынам. Гэтую апеку ксёндз Барадзюля адчуваў потым усё сваё жыццё. Калі ён, вясковы хлопец, вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, калі скончыў яе ў страшным 1917-м ды яшчэ паспрабаваў прадоўжыць вучобу ў духоўнай акадэміі, якую праз два гады ўлада зачыніла.


Сваю святарскую працу ён распачаў у Полацку, а потым быў адначасова пробашчам трох парафій: у Камене-Губіне, Бешанковічах і Ушачах. Па даносе правакатара ксяндза Барадзюлю арыштавалі і 1 студзеня 1927 г. даставілі ў ОГПУ Мінска, дзе замест навагодняга віншавання вязень пачуў, што ён — першы арыштаваны ў гэтым годзе.

Не мог ведаць тады ксёндз Барадзюля, колькі дзён і пакутлівых начэй давядзецца яму правесці ў турмах ды лагерах савецкага ГУЛАГу. Праз шмат гадоў у сваім пранізліва-суровым дзённіку ён назаве гэтую лічбу — «25 гадоў турмы, лагераў і высылкі». Ён выходзіў некалькі разоў на свабоду, каб у хуткім часе зноў трапіць на лаву падсудных, а потым за краты. Яго абвінавачвалі ў «выкарыстанні рэлігійных забабонаў з мэтай звяржэння ўлады», у тым, што ён катэхізаваў дзяцей... Начальнік Мінскага ОГПУ Апанскі прапанаваў яму супрацоўніцтва. Адмовіўся і атрымаў чарговую «ўзнагароду» — Салавецкі лагер. А потым быў Архангельск з ягонымі жудаснымі перасыльнымі пунктамі, Сыктыўкар, сяло Усцькум... Нарэшце — чаканае вызваленне, усяго два тыдні святарскай службы ў Віцебску — і зноў пасля чарговай адмовы супрацоўнічаць цяпер ужо з Віцебскім ОГПУ новыя пакутлівыя дарогі вязня: Архангельск, Нарыльск... Потым зноў вызваленне і зноў Масква — Свярдлоўск — Новасібірск — Краснаярск — Канск...

Той, хто не верыць у Бога, мог бы сказаць: «Ды дзе ж Ён быў, ягоны Бог, тады?!» Ці быў Ён з ксяндзом Барадзюлем на ягоных пакутніцкіх дарогах вязня? Быў. І пра гэта ксёндз Барадзюля з радасцю і гонарам сведчыў: пра цудоўнае аб’яўленне яму Хрыста ў найцяжэйшы для вязня час.

Пра тое, як паверыў тады вязень Барадзюля ў пачутае ад Хрыста: «Змілуюся над табою...» Ды яшчэ пра тое, як удзячны ён быў за Божую Прысутнасць у ягоным жыцці ў самых нялюдскіх умовах...

У глыбокай старасці ён служыў Богу і даваў прыклад будучым святарам, што вучыліся тады ў Рыжскай духоўнай семінарыі. Зрэдку ксёндз Барадзюля наведваў родныя мясціны на Віцебшчыне: хрысціў, спавядаў, цэлебраваў па хатах святую Імшу. Сівы старац з доўгаю барадою, з уважлівымі, добрымі вачыма — такім яго запамяталі тыя, хто прыходзіў на тыя супольныя патаемныя малітвы.


Ірына Жарнасек
Надрукавана ў «Ave Maria» № 5, 2008 г.

Успаміны кс. Юзафа Барадзюлі можна прачытаць на сайце часопіса «Наша вера»

 

Цэтлікі: Успаміны

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней