Архімандрыт Андрэй Цікота, які памёр пакутніцкай смерцю ў савецкім ГУЛАГу, быў не толькі выдатным беларускім рэлігійным і грамадска-культурным дзеячам першай паловы ХХ стагоддзя. Архімандрыт двойчы абіраўся генералам Ордэну айцоў марыянаў, якому самааддана служыў на працягу ўсяго свайго жыцця. Высокі аўтарытэт і немалыя арганізатарскія здольнасці беларускага святара выявіліся і ў часе яго працы на пасадзе Апостальскага адміністратара Каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Маньчжурыі і Кітаі. Тым часам Усемагутны рыхтаваў архім. Андрэю яшчэ адно выпрабаванне. Гэтым апошнім выпрабаваннем вернасці Богу і веры стаў для яго савецкі ГУЛАГ.
Усё пачалося 22 снежня 1948 года, калі архім. А. Цікота і тры святары з Усходняй місіі ў Харбіне былі арыштаваныя міліцыяй кітайскіх камуністаў. Пасля трох дзён зняволення вязняў перадалі савецкім уладам. Потым былі допыты і катаванні ў турме МГБ у Чыце, якія працягваліся да канца траўня 1949 года1.
Архімандрыта А. Цікоту абвінавацілі ў агітацыі супраць Савецкага Саюза, арганізацыі тэрарыстычнай групоўкі, шпіянажы на карысць Ватыкану і японскай разведкі. Яго справу не разглядалі ў судовым працэсе: рашэнне было прынята 28 верасня 1949 г. Асобай камісіяй МГБ у Маскве2. Асуджаны паводле арт. 58–6 cz. I, 58–4, 58–11 КК РСФСР, беларускі святар атрымаў 25 гадоў «исправительно-трудовых лагерей» (ИТЛ).
З Чыты архім. А. Цікоту і яго харбінскіх сутаварышаў у лістападзе 1949 г. этапавалі ў Іркуцкую перасыльную турму, а потым — у Тайшэт: спачатку ў цэнтральнае перасыльнае лагернае аддзяленне № 215/025, а потым у адзін з лагпунктаў «Особого лагеря № 7».
Лагер, у які трапіў архім. А. Цікота разам з айцамі марыянамі Я. Германовічам і Т. Падзявам, быў створаны ў рамках сістэмы асобых лагераў ГУЛАГу для палітвязняў. Гэтыя «особые лагеря» ствараліся на моцы Пастановы Савета Міністраў СССР № 416–159с ад 21 лютага 1948 года. Яны мелі на мэце замяніць для палітычных вязняў катаргу, узноўленую ў СССР у 1943-м і пазней скасаваную ў 1948 годзе3.

Святарскае пасведчанне кс. Андрэя Цікоты (Вільня, 1923).
Напрыканцы лютага 1948 г. савецкімі ўладамі быў зроблены яшчэ адзін крок — прынята рашэнне пра арганізацыю пяці «особых лагерей», якія пазней атрымалі назвы «Минеральный», «Горный», «Дубравный», «Степной» і «Береговой»). У жніўні быў арганізаваны шосты па ліку — асоблаг «Речной», а напрыканцы снежня 1948 г. — «Особый лагерь № 7» («Особлаг № 7»), які ў хуткім часе атрымаў назву «Озерный» («Озерный лагерь», «Озерный ИТЛ», «Озерлаг», «Озерстрой»).
Відавочна, што ў сваім цынізме савецкія ўлады не хацелі «саступаць» «калегам» з нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў часоў Другой сусветнай вайны, і ў прыватнасці, з Асвенціма, на браме якога быў змешчаны сумнавядомы надпіс «Arbeit macht frei». За ўсю гісторыю ГУЛАГу было створана 12 асобых лагераў, дзе ў розны час знаходзілася ад 200 да 257 тысячаў палітвязняў.
«Озерлаг» быў адным з найбольш вядомых у Іркуцкай вобласці «особых лагерей» і праіснаваў да чэрвеня 1964 года. У ім налічвалася каля 40 тысяч вязняў4. На пачатку 50-х гадоў «Озерлаг» уяўляў з сябе лагерны комплекс з некалькіх дзясяткаў лагаддзяленняў і лагпунктаў, размешчаных на абшары паміж Тайшэтам і Брацкам. Асноўнай адзінкай у арганізацыйнай структуры «Озерлага» было лагернае аддзяленне, якое складалася з некалькіх баракаў і змяшчала пераважна ад 800 да 12 тысяч вязняў5. Амаль кожнае такое аддзяленне мела свае філіі — лагпункты, якія ствараліся і функцыянавалі недалёка ад месцаў асноўнай працы палітвязняў.
У «Озерлагу», як і ў пералічаных вышэй «особых лагерях», утрымліваліся пераважна тыя, хто быў асуджаны паводле 58 арт. КК РСФСР за так званыя палітычныя злачынствы. Сярод іх былі вучоныя, артысты, пісьменнікі, савецкія разведчыкі, расейскія эмігранты, вайскоўцы (у тым ліку нямецкія і японскія ваеннапалонныя), святары і рэлігійныя дзеячы.
Савецкімі ўладамі ўсе яны ўспрымаліся і трактаваліся як «изменники Родины, буржуазные националисты и сепаратисты, агенты мировой буржуазии, шпионы, диверсанты, террористы, вредители и экономические саботажники»6.
Гэты «спецкантынгент» вязняў выкарыстоўваўся на асабліва цяжкіх працах і быў цалкам ізаляваны ад іншых зняволеных, а таму ахоўваўся спецыяльнымі канвойнымі войскамі.
Як пішуць даследчыкі гісторыі ГУЛАГу, вязні «Озерлага» будавалі чыгунку на лініі Брацк — Тайшэт — Усць-Кут, займаліся нарыхтоўкай, перапрацоўкай ды пастаўкай лесу і лесаматэрыялаў для прадрыемстваў МУС і гідратэхнічных будоўляў, абслугоўвалі аддзяленні трэста Тайшэтлесу і слюдзяныя фабрыкі трэста Саюзслюда МУС, працавалі на раскарчоўцы і добраўпарадкаванні зямельных участкаў для калгасаў Алзамайскага, Тайшэцкага і Шыткінскага раёнаў, а таксама ў каменных кар’ерах7.
Працоўны дзень вязня складаў 9-10 гадзін. На ўсіх відах працы існавалі канкрэтныя нормы, выкананне якіх было наўпрост звязана з нормамі харчавання. Пры выпрацоўцы нормы вязень атрымоўваў 1000-1200 гр. хлеба і дадатковую порцыю кашы8, аднак гэтай ежы не хапала. Зрэшты, як сведчаць у сваіх успамінах былыя палітвязні, нормы выпрацоўкі амаль ніколі не выконваліся9.
Копія ліста?запыту Ю. Кадышэўскай да савецкіх уладаў у справе а. архім. А. Цікоты (Друя, 14 ліпеня 1953 г.).
Свой тэрмін зняволення архімандрыт Андрэй адбываў у розных месцах «Озерлага»: спачатку — у Тайшэце, а пазней — у лагпункце № 215/1-040 у Чукшы (Алзамайскі раён Іркуцкай вобласці) і лагпункце № 215/1-038 у Нава-Чунцы (Шыткінскі раён Іркуцкай вобласці). Лагерны рэжым быў вельмі жорсткі і рэгуляваўся наступнымі правіламі:
«...Во внерабочее время з/к запираются в бараках. В столовую, в санчасть и т. д. водят их строем. Освобождаются от работы при температуре не ниже 38°С и при условии непревышения лимита освобождаемых от работ по болезни. Две поверки в сутки. Одно письмо в шесть месяцев, лишь ближайшим родственникам, в пределе СССР. Разрешается получать одно письмо в месяц. Переводы и посылки сверх установленного лимита возвращаются отправителю без объяснений. То же, когда получатель временно лишен права их получать в порядке административного наказания. Заключенные используются только на общих физических работах. З/к караулятся также и на оцепленных объектах и им запрещается общение с другими з/к и вольнонаемными. Бригадирами назначаются уголовники-рецидивисты, проживающие вне зоны спецлагеря и получающих паек, независимо от выработки, в связи с чем составленные рапортички плохо кормят бригаду»10.
Кожны з вязняў абавязкова мусіў мець на ўсіх прадметах сваёй вопраткі адпаведны лагерны нумар. Адзін з былых вязняў «Озерлага» ўспамінаў:
«...Носили мы серые куртки. На куртке — на груди и на спине, а также на подоле платья или на брюках, чуть выше колена — номера. Номер рисовался черной краской на кусочке белого материала...». Заключенные размещались в бараках, в которых сооружались двухъярусные нары. Для отопления барака стояла железная печь, у дверей — параша и бочка с водой. Окна на бараках были затянуты решетками и они никогда не открывались. На ночь барак закрывался на замок...»11.
У чэрвені 1951 г. з лагпункта ў Нава-Чунцы архім. А. Цікота быў пераведзены зноў у Тайшэт. Ён вельмі цяжка хварэў, перанёс некалькі хірургічных аперацый. Асабліва ўскладнялі яго жыццё даўні парок сэрца і тромбафлебіт, а ў апошнія месяцы жыцця яшчэ і адкрытыя язвы на плячах і нагах. Усё гэта прымушала беларускага святара амаль пастаянна знаходзіцца на шпітальным лагерным ложку. Аднак комплексную медычную дапамогу для вязня ўскладнялі дзве праблемы: хранічны недахоп медыкаментаў і высокакваліфікаванага персаналу, які звычайна вырашаўся за кошт урачоў з ліку саміх вязняў.
У цяжкіх лагерных варунках магчымасць трапіць у бальніцу хоць на некалькі дзён для большасці вязняў азначала не толькі лячэнне і адпачынак. Яна ратавала ад канчатковай фізічнай і псіхічнай вычарпанасці і на нейкі час дазваляла ўзнавіць сілы. Аднак тэрмін знаходжання ў лагернай бальніцы быў абмежаваны да 12-ці дзён, пасля якіх, незалежна ад стану пацыента, доктар мусіў яго выпісаць12.
Але нават у варунках лагернага жыцця архім. Андрэй Цікота праз пэўны час тайна служыў св. Імшу, прапаведаваў і захоўваў Святыя Дары. Ён быў духовай падтрымкай для вязняў.
Як адзначае кс. марыянін В. Пялінак, пастулатар беатыфікацыйных працэсаў беларускіх святароў-пакутнікаў архім. Фабіяна Абрантовіча і архім. Андрэя Цікоты, у часе знаходжання ў лагеры былі выпадкі прыняцця вязнямі каталіцкай веры і хрышчэння раней няверуючых13.
Верагодна, што ў другой палове 1951 г. архім. Андрэю Цікоту была зроблена прапанова перайсці ў праваслаўе і заняць пасаду праваслаўнага мітрапаліта ў Мінску. У выпадку згоды яму гарантаваліся свабода і падтрымка савецкіх уладаў пры ўмове, што святар будзе «беспрекословно» выконваць усе дырэктывы і загады. Гэтай прапановы, якая рабілася двойчы, архім. А. Цікота не прыняў і папрасіў толькі аб адным — дазволіць яму спакойна памерці14.

Магілы вязняў «Озерлага». Тайшэцкі раён, Іркуцкая вобласць. Архіў сайта «Віртуальная энцыклапедыя ГУЛАГу».
Адзін з былых сулагернікаў архім. Андрэя ўспамінае, што беларускі святар паміраў пакутліва, пераадольваючы страшны фізічны боль ад язваў на нагах. Да хворага забаранялася нават падыходзіць, бо яму паставілі дыягназ цяжкай інфекцыйнай хваробы, ад якой разлагалася ўсё цела15.
Архім. Андрэй Цікота памёр 11 лютага 1952 г. у бальніцы № 2 «Озерстроя», пазбаўлены элементарнай медычнай дапамогі. Адной з прычынаў такіх адносінаў лагерных уладаў да вязня была яго адмова супрацоўнічаць з савецкімі ўладамі.
У пасведчанні пра смерць архім. Андрэя, якое адшукаў у 1998 г. расейскі даследчык-архівіст Сяргей Кудраўцаў з Чыты, паведамлялася:
АКТ
1952 года, февраля 13 дня, Больница № 2 «Озерстроя»
Мы, нижеподписавшиеся:
Начальник больницы лейтенант м/с Конопля, лечащий врач з/к Макагонский и врач з/к Ставров составили настоящий акт о том, что 11-го февраля 1952 года умер з/к Цикота Андрей Феликсович, л/д 3-352, рождения 1891 года, уроженец Свинтянского уезда, б. Виленской губ. Национальность — белорус.
Осужден по ст. 58 — п.п. 4, 6, 11 У.К. сроком на 25 лет.
Конец срока — 15.01.1974.
Причина смерти:
Остановка сердечной деятельности при явлении общей интоксикации организма, вызванной туберкулезным менингитом, при наличии туберкулезного перитонита с обширными, массовыми и сплошными спайками всех органов брюшной полости, облитерации плевральных полостей легких, эмфиземы легких, хронического нефрита, дегенерации миокарда, жирового перерождения печени и кахексии.
Начальник Б-цы: лейтенант м/с /Конопля/ [М.И.]
леч. Врач з/к /Макагонский/
врач з/к /Ставров/ 16
Архімандрыт Андрэй Цікота знайшоў свой вечны супачын на лагерных могілках каля лагпункта № 038 у пасёлку НаваЧунка (Шыткінскі раён Іркуцкай вобласці). Яго хавалі, як і ўсіх вязняў, «паводле інструкцыі»:
До погребения дежурный конвоир (вахтёр) должен был «совершить над умершим экспертизу»: если у покойника золотые зубы, их выламывали и направляли в администрацию, разбивали череп деревянным молотком и протыкали грудь штыком или раскалённым металлическим прутом в области сердца для предотвращения побега. Лишь после этого покойник считался мёртвым. Затем к большому пальцу правой ноги мертвеца привязывали бирку, на которой был записан простым карандашом № личного дела, ФИО, статья и дата смерти. Тот же № наносился на колышке «на месте погребения» около зоны17.
Апошні здымак а. архім. А. Цікоты з ГУЛАГу (Чыта, 1948/49 ?).
Перыяд гулагаўскага жыцця архім. Андрэя Цікоты яшчэ глыбока не вывучаны. Некаторыя яго моманты знайшлі сваё адлюстраванне ва ўспамінах яго сучаснікаў18, а таксама тых сведкаў, якія дзялілі з ім лагерныя нары19. Іх дапаўняюць архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў супольнасці сясцёр эўхарыстак у Польшчы.
Увесну 1950 г. у часе знаходжання ў ГУЛАГу архім. Андрэй змог наладзіць пісьмовы кантакт з сёстрамі эўхарысткамі з Друі. Перапіска працягвалася з сакавіка 1950 да студзеня 1952 года. У архіве сясцёр эўхарыстак у Прушкове (пад Варшавай) захоўваюцца 8 лістоў архім. А. Цікоты, перададзеных былой настаяцельніцай сястрой Апалоніяй Пяткун з Друі. На жаль, пакуль застаецца невядомым лёс і змест апошняга ліста архім. Андрэя, які датуецца студзенем 1952 года20.
У лістах да сястры Апалоніі Пяткун ён не толькі расказваў пра свой побыт, але стараўся падтрымаць яе, даваў парады, як сёстрам весці місійную дзейнасць у варунках антырэлігійнай палітыкі савецкіх уладаў.
Не пра ўсё архім. Андрэй мог напісаць — існавала жорсткая лагерная цэнзура. Яна магла не толькі не прапусціць «крамольныя» лісты на волю, але і пакараць іх аўтара за «паклёп» на савецкую ўладу.
Лісты архім. Андрэя Цікоты з савецкіх лагераў у Сібіры — не проста дакумент эпохі. Яны — сведчанне глыбокай веры, моцы духу і самога беларускага святара, і ўсіх тых, хто яго падтрымліваў.
У пажоўклых ад часу лістах архім. Андрэя Цікоты, між радкамі — не толькі боль, фізічныя пакуты і цярпенне, але перадусім — малітва і нязломная вера (з лістамі А. Цікоты можна пазнаёміцца ў часопісе «Наша вера» №1, 2012 — рэд.).
Юрась Гарбінскі
Здымкі і фотакопіі дакументаў, прадстаўленых др. Ю. Гарбінскім,
зроблены даследчыкам
з арыгіналаў, якія захоўваюцца
ў Генеральным архіве Ордэну айцоў марыянаў у Рыме
і ў архіве супольнасці сясцёр
эўхарыстак у Прушкове (пад Варшавай).
Артыкул надрукаваны ў часопісе «Наша вера» №1, 2012
- Тэчка «archim. Andreas Cikota» (AGM, Roma); гл. таксама: а. Я. Германовіч, «Кітай СібірМасква», Мюнхен, 1962.
- Тэчка «archim. Andreas Cikota» (AGM, Roma).
- Афанасов О.В. Документы об истории Озёрного лагеря в Иркутской области (1948–1963) // Сибирская ссылка: Сборник научных статей. Иркутск: Издво «Оттиск», 2003. — Вып. 2(14). — С.63–82.
- Афанасов О. В., тамсама.
- Афанасов О. В., тамсама.
- Селезнёв Е. С., Селезнёва Т. А., Лагерное прошлое Тайшета (из серии «Тайшет — город, рожденный Транссибом»), Иркутск, 2005.
- Тамсама.
- Тамсама.
- Тамсама.
- Мухин Л., сб. «Озерлаг: как это было», Иркутск, 1992.
- Селезнёв Е. С., Селезнёва Т. А., Лагерное прошлое Тайшета (из серии «Тайшет — город, рожденный Транссибом»), Иркутск, 2005.
- Афанасов О. В., Особенности медицинского обслуживания заключенных в Озер ном лагере (1948 — 1963) (у:) Учителя, ученики… (материалы региональной научнотеоретической конференции, посвященной 90летию В. И. Дулова). — Иркутск: ИГПУ. — 2003. — Кн. 1. — С. 23–27.
- Пялінак В., а. архимандрит Андрей Цикото (МIC) (у:) http://www. catholicmartyrs.org/public/cicotoarticle.html
- Германовіч Я., «КітайСібірМасква», Мюнхен 1962, с.
- 15 Viedamki da bijahrafii a. Andreja Cikoty..., «Znič», 113, Rym 1972, b. 6.
- «Акт» смерці архім. А. Цікоты абнародаваны Апостальскім візітатарам архім. С. Гаекам 8 лютага 2012 г. у Генеральным доме Ордэну айцоў марыянаў у Рыме.
- Воспоминания А. Манината, (у:) Мухін Л., сб. «Озерлаг: как это было», Іркутск, 1992, с. 155.
- Германовіч Я., «КітайСібірМасква», Мюнхен 1962, с. 15.
- Viedamki da bijahrafii a. Andreja Cikoty..., «Znič», 113, Rym 1972, b. 6.
- Ліст Ю. Кадзішэўскай з Друі ў МУС СССР у справе пошукаў звестак пра архім. А. Цікоту ад 14 ліпеня 1953 года (Архіў супольнасці сясцёр эўхарыстак у Пруш кове, Польшча.)