Доктар Эдмунд Вайтыла, брат Яна Паўла ІІ, які памёр, дапамагаючы людзям

Адважная праца дактароў у час эпідэміі ўражвае, і міжволі ўспамінаецца таксама мужны і добры ўрач Эдмунд Вайтыла, брат святога Яна Паўла ІІ, які памёр ва ўзросце 26-ці гадоў, дапамагаючы хворым у шпіталі ў Бельску падчас эпідэміі шкарлятыны.


Эдмунд Вайтыла нарадзіўся ў 1906 г., ён быў на 14 гадоў старэйшы за свайго брата Караля, будучага Папу. Эдмуд быў адным з лепшых студэнтаў медыцынскага факультэта Ягелонскага ўні версітэта. Пасля невялікай практыкі ў Кракаве ў 1931 годзе Эдмунд Вайтыла распачаў працу ў шпіталі ў Бельску. Праз год там пачалася эпідэмія шкарлятыны — інфекцыйнай хваробы, якая перад вайною, калі яшчэ не было антыбіётыкаў, часта прыводзіла да смерці.

Аднойчы ў бельскі шпіталь у аддзяленне доктара Эдмунда Вайтылы трапіла 21-гадовая пацыентка. Доктар прызначыў ёй лячэнне, аднак хвароба распаўсюджвалася па ўсім целе, выклікаючы ўскладненні. Дактары і медсёстры, баючыся заразіцца, нават не заходзілі ў ізалятар да пацыенткі. Тады доктар Эдмунд асабіста заняўся яе лячэннем. Рызыкуючы сваім жыццём, ён апекаваўся дзяўчынаю ў ізалятары і днём, і ноччу.

На жаль, ён не змог выратаваць пацыентку. Яна памерла. Больш за тое — Эдмунд Вайтыла сам заразіўся шкарлятынаю. Ён цяжка пераносіў хваробу, моцна цярпеў, яго стан апісвалі так: «Цела пакрылася чырвонымі плямамі. У яго былі жудасныя галаўныя болі. Тэмпература — больш за сорак градусаў... Агонія доўжылася чатыры дні». 4 снежня 1932 г. доктар Эдмунд Вайтыла памёр. Вестка пра яго смерць разнеслася па ўсім горадзе. Кіраўніцтва бальніцы змясціла ў некралогу такія словы: «Ён заснуў у Пану, намашчаны святымі алеямі, аддаючы сваё маладое жыццё ў ахвяру церпячым людзям».

Праз гады Ян Павел II у размове з Андрэ Фрасардам сказаў пра смерць свайго брата: «Мой брат Эдмунд памёр на пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці, заразіўшыся як малады ўрач агрэсіўнай формай шкарлятыны, якая ў той час, калі яшчэ не было антыбіётыкаў, прыводзіла да смерці. Гэта падзеі, якія глыбока ўпісаліся ў маю памяць, — смерць майго брата, напэўна, нават глыбей, чым смерць маці. Магчыма, з-за трагічных абставінаў смерці, а таксама і з прычыны майго больш старэйшага ўзросту: мне было 12 гадоў, калі брат памёр. Вось так, адносна хутка, я часткова стаў сіратою і адным дзіцем у сям’і».

Караль Вайтыла часта ўспа мінаў свайго брата Эдмунда. Кардынал Станіслаў Дзівіш, асабісты сакратар Яна Паўла ІІ, аднойчы сказаў у інтэрв’ю: «Святы Айцец вяртаўся да ўспамінаў пра Эдмунда ў месцах, асабліва звязаных з яго жыццём. Ён узгадваў, як упершыню трапіў у Ягелонскі ўніверсітэт з нагоды цырымоніі ўручэння дыплома старэйшаму брату. Будучы маленькім хлопчыкам, ён глыбока перажыў тую падзею і запомніў яе, а таксама гэтае незвычайнае месца... Ён таксама сказаў, што дзякуючы Эдмунду ўбачыў Татры ўпершыню. <...> Яго адносіны з братам былі вельмі сардэчнымі і з гадамі яшчэ больш развіваліся, умацоўвалася іх сяброўская і сямейная повязь. Нават калі Эдмунд ужо працаваў у шпіталі ў Бельску, маленькі Караль і яго бацька часта наведвалі яго».

Праз 65 гадоў пасля смерці доктара Эдмунда Вайтылы ў Італіі пачалі казаць пра яго кананізацыю. Магчыма, гэта калі-небудзь адбудзецца. Учынак Эдмунда Вайтылы па сілах толькі вялікаму, святому чалавеку. Гэтак жа сёння самаахвярна працуюць нашыя медыкі.


Падрыхтавала Вольга Адамовіч
Паводле: dzieje.pl, wpolityce.pl

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней