
Нацынальная футбольная зборная Харватыі пасля серыі перамогаў над самымі моцнымі камандамі ў гэтую нядзелю сыграе ў фінале з камандаю Францыі на чэмпіянаце свету па футболе 2018 года.
Вось адна з прычынаў, чаму католікі свету могуць заўзець за невялікую цэнтральна-еўрапейскую краіну: Харватыя — каталіцкая краіна, і трэнер яе нацыянальнай каманды, Златка Даліч, — чалавек шчырай веры.
Даліч расказаў пра сваю веру на харвацкім каталіцкім радыё, калі пачаўся чэмпіянат свету па футболе: «Усім, што я зрабіў у маім жыцці і ў маёй прафесійнай кар'еры, я абавязаны сваёй веры, і я ўдзячны майму Пану».
Харватыя прайшла ў фінал чэмпіяната свету па футболе пасля перамогі над Англіяй 2:1 у гульні, якая адбылася 11 ліпеня.
«Я вельмі задаволены сваім жыццём», —
сказаў Даліч, дадаўшы, што без моцнай веры і матывацыі
было б вельмі цяжка дасягнуць таго, што ён мае.
«Калі чалавек губляе ўсялякую надзею, то ён павінен звярнуцца да нашага міласэрнага Бога і верыць Яму», — сказаў трэнер. Далей Даліч растлумачыў: «Я заўсёды нашу з сабою ружанец» і «калі я адчуваю, што праходжу праз цяжкія выпрабаванні, то кладу руку ў кішэню, бяру ружанец, малюся, і потым ўсё становіцца прасцей».
Што тычыцца чаканняў харватаў адносна поспеху на чэмпіянаце свету 2018 года ў Расіі, трэнер Даліч адзначыў:«Я ведаю, чаго чакаюць нашыя людзі, як шмат людзей любяць харвацкі футбол і нашую каманду».
Ён падкрэсліў, што «калі знаходзіш добрае ў жыцці, то гэта заўсёды прыносіць задавальненне, шчасце, вынік. Чалавек павінен заўсёды быць праўдзівым з самім сабою і з іншымі людзьмі».
Трэнеру Далічу 51 год, ён жанаты і мае дваіх дзяцей. У юнацтве ён гуляў у харвацкіх футбольных камандах. У 2000 годзе ён скончыў кар'еру прафесійнага футбаліста і пачаў трэніраваць харвацкія і іншыя міжнародныя каманды. У кастрычніку 2017 года Златка Даліч быў прызначаны галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Харватыі.
Па матэрыялах CNA (Агентцтва каталіцкіх навінаў)
Фота: Reuters