Папа Францішак да моладзі: «Нарабіце крыху шуму! Я хачу, каб вы крычалі пра вашае жыццё»
01.12.2017|Асобы

«Не бойцеся шумець, задаваць пытанні, якія змушаюць чалавека думаць!» — сказаў Папа моладзі ў Янгоне.


«Таму нарабіце крыху шуму! Я хацеў бы, каб вы крычалі, але не голасам, — хачу, каб вы крычалі сваім жыццём, сваім сэрцам, каб вы былі знакам надзеі для тых, хто ўпаў духам, каб вы былі працягнутаю рукою да хворага чалавека, сяброўскаю ўсмешкаю для чужаземцаў, надзейнаю падтрымкаю для адзінокіх людзей», — звярнуўся папа Францішак да моладзі падчас святой Імшы ў Янгоне. Мы публікуем самыя важныя ўрыўкі з яго звароту:

«Цяпер, калі мой візіт у вашую цудоўную краіну завяршаецца, я адчуваю лучнасць з вамі і дзякую Богу за шматлікія ласкі, якімі мы былі адораныя ў гэтыя дні. Як веснікі гэтай добрай навіны, будзьце гатовыя даць слова надзеі Касцёлу, сваёй Айчыне, усяму свету. Будзьце гатовыя несці добрую навіну для братоў і сясцёр, якія пакутуюць і маюць патрэбу ў вашых малітвах і салідарнасці, а таксама дзяліцеся сваёю неабыякавасцю да правоў чалавека, да справядлівасці і распаўсюджання таго, што дае нам Езус: любові і супакою.

Даглядайце сваё ўнутранае жыццё, быццам сад або поле. Гэта патрабуе часу, патрабуе цярплівасці. Як фермер умее чакаць ураджаю, так і вы, калі будзеце цярплівымі, Пан адорыць вас так, што вы прынясеце шмат пладоў, якімі пазней зможаце дзяліцца з іншымі.

Не бойцеся шумець, задаваць пытанні, якія змушаюць людзей думаць! І не бойцеся, калі вы часам бачыце, што вас мала, што вы раскіданыя тут і там. Евангелле заўсёды расце з маленькіх каранёў.


Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле pl.aleteia.org
Фота: AFP/EAST NEWS

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней